Божае Нараджэнне- гэта вялікі цуд, які і сёння не перастае нас захапляць

  • Друкаваць

IMG 892425 снежня – не звычайны дзень, а сапраўдны цуд. Цуд, якога чакаюць ўсе: ад самага маленькага да самага старэйшага.

Штогод жыхары ўсяго свету з радасцю чакаюць першага промня Зоркі. Той Зоркі, якая вяла трох мудрацоў у Бэтлеем. Зоркі, якая абвяшчае нам аб Нараджэнні Пана. Знікаюць у вігілійны вечар спрэчкі, непаразуменні, сэрцы людзей прамянеюць любоўю да бліжняга, а вочы - вялікай радасцю.


І каб гэты дзень стаў сапраўды незвычайным, дзеці і моладзь парафіі Святой Тройцы ў г. Глыбокае, ужо другі год запар, падрыхтавалі святочны канцэрт для святароў, сясцёр і парафіян, які ладзіўся ў Раённым доме культуры. Вольных месцаў не было. сярод прысутных на свяце былі Галіна Унуковіч, намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама па сацыяльных пытаннях, Таццяна Малатоўнік, начальнік аддзелу ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі, Людміла Карніловіч, намеснік начальнка аадзелу ідэалагічнай працы, Жана Нарыцына, дырэктар Раённага дома культуры.


Вядучыя на пачатку прывіталі ўсіх гледачоў і павіншавалі са святам. Моладзь, пад кіраўніцтвам с. Лены Сурвіла і дк. Яна Кароткіна, прадставілі незвычайную інсцэніроўку пра Божае Нараджэнне, над якой кожны прысутны мог задумацца над сваім жыццём. Святочную праграму дапоўнілі спевы моладзевага і дзіцячага гуртоў пад кіраўніцтвам с. Таццяны Данч і розныя забаўляльныя гульні і конкурсы, якія праводзілі валанцёры парафіяльнага Карытас, апранутыя ў касцюмы казачных персанажаў.


Ну і, нарэшце, якое ж свята без салодкіх падарункаў? Дзверы адчыніліся, і ў акружэнні анёлаў з’явіўся… святы Мікалай. Салодкія падарункі, падрыхтаваныя валанцёрамі пры падтрымцы парафіяльнага Карытас, атрымалі прысутныя госці, святары, законыя сестры, усе прысутныя дзеці і моладзь.


Як штогод Каляды прыпамінаюць нам пра здарэнні незвычайнай, цудоўнай ночы Божага Нараджэння, абуджаецца ў нашых сэрцах удзячнасць і радасць, што мы не адны - з намі ёсць Бог, Эмануэль. Ён побач і шукае зноў месца, каб нарадзіцца ў нашых сэрцах і асвяціць нашае жыццё светам Любові, Радасці, Супакою, Веры і Надзеі.


Давайце ж адкрыем нашыя сэрцы, каб яшчэ раз прыйшла ў іх Маленькая Любоў, Езус.



catholicnews.by
кс. Віктар Місевіч, фота