Нашы валанцёры павіншавалі з Вялікаднем дзяцей у Бягомльскім інтэрнаце

pasha Bagoml-22У самае вялікае хрысціянскае свята – Вялікдзень – валанцёры парафіяльнага Карытас з Глыбокага не змаглі застацца дома. Яны з радаснай весткай, што Хрыстос уваскрос, наведалі Бягомльскую школу-інтэрнат для дзяцей сірот.

 


Са словамі прывітання да ўсіх прысутных звярнуўся кс. Віктар Місевіч, пробашч парафіі Хрыста Валадара ў Бягомлі. “Бог вас вельмі любіць і хоча, каб кожны чалавек жыў вечна, бо за нас Езус аддаў сваё жыццё. Не забывайце, што Езус уваскрос і Ён жывы. Са святам!” – павіншаваў кс.Віктар. 


Святочнае мерапрыемства праводзілі Кот Матроскін (Таццяна Працук) і Велікодны Заяц (Настасся Развадоўская), якія расказалі выхаванцам пра Вялікі Трыдыум, традыцыі святкавання Пасхі і афарбоўкі яек.


Усе дзеці з радасцю і вялікім захапленнем ўдзельнічалі ў забаўляльных конкурсах і гульнях: шукалі папяровыя яйкі, размалёўвалі іх, ну і, канешне, гулялі ў біткі яйкамі-крашанкамі, якія падаравалі нашы парафіяне.


Напрыканцы святочнай праграмы, усе выхаванцы і выхавацелі атрымалі салодкія падарункі. Скончылася спатканне агульным зваротам да нашага Нябеснага Айца са словамі малітвы “Ойча наш”, падчас якой усе прысутныя ўзяліся за рукі. Пасля кс.Віктар удзяліў Божае Благаслаўленне і нагадаў: “Хрыстос Уваскрос!” З вуснаў дзяцей у адказ радасна прагучалі словы: “Сапраўды Ўваскрос! Дзякуй вам!”