Глыбачане на сустрэчы з Папам Францішкам у Аглоне

aglona 1824 верасня глыбоцкія пілігрымы адправіліся на сустрэчу са Святым Айцом у Аглону (Латвія). Да глыбачан далучыліся і некалькі чалавек з Шаркаўшчыны.

Пілігрымка распачалася ў панядзелак вельмі рана. Пераехаўшы мяжу, накіраваліся спачатку ў Даўгаўпілс, дзе групу чакаў экскурсавод, каб пазнаёміць з горадам. На жаль часу было не так шмат, але за 1,5 гадзіны паспелі прагуляцца па вуліцах Даўгаўпілса, паглядзець хрысціянскія святыні і наведаць Даўгаўпілскую крэпасць.

aglona 06

Яшчэ некалькі дзясяткаў кіламетраў і перад намі чарга з машын і аўтобусаў, а гэта значыць пачыналася Аглона. Прыбыўшы на месца стаянкі для аўтобусаў, а як аказалася, мы размясціліся вельмі блізка ад касцельнай тэрыторыі, пілігрымы накіраваліся ў сектары на пляц. Кожны стараўся заняць месца бліжэй да агароджаў, якімі былі падзелены сектары, бо ведалі, што будзе праязджаць Папа.

 

Дзве гадзіны малітвы і чакання і вось ў небе з'явіліся верталёты, у адным з якіх заўважылі Пантыфіка ля акна. Прайшло яшчэ некалькі хвілін і Папа Францішак з'явіўся на папамабілі на пляцы і пачаў аб'язджаць сектары. Затым адбылася св. Імша. На заканчэнне ўрачыстасці можна было падыйсці да палявога алтара і ўшанаваць абраз Маці Божай Аглонскай, якая ўпершыню за апошнія 100 гадоў была вынесена са святыні.

Вяртаючыся ў Глыбокае, пачуццям, уражанням і эмоцыям нашых пілігрымаў не было канца.
P.S. Імі пілігрымы падзеляцца з парафіянамі ў наступным артыкуле.


Больш фота з пілігрымкі ў суполцы ВК>>
Фотарэпартаж карэспандэнтаў "Каталіцкага Весніка" можна паглядзець тут>>