25-годдзе Святарства ксяндза пробашча Мечыслава Янчышына

  • Друкаваць

   DSC 0063  25 год таму, 21 мая 1988 года, ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога ў парафіі Святой Тройцы ў г. Легніца (Польшча) адбылася першая святочная прыміцыйная св. Імша маладога святара Мечыслава Янчышына.
     І пайшоў адлік гадоў святарскага жыцця…
     І вось, 21 мая 2013 года ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім вернікі разам з прадстаўнікамі мясцовых улад, гарадскіх арганізацый і сябрамі-турыстамі разам маліліся і віншавалі дарагога юбіляра.


“Як расказвалі мае бацькі, калі я быў яшчэ зусім маленькі, то ўжо тады ў мяне была адзіная гульня: накідваў рушнік на шыю, як стула ў святара, браў кніжку і… “адпраўляў св.Імшу””, - узгадаў сваё дзяцінства кс.Мечыслаў.


“Ішлі гады, закончыў школу і гульня з дзяцінства стала мэтай майго жыцця. (…) Падчас вучобы ў семінарыі, маёй марай была праца і служэнне ў Савецкім Саюзе і перш за ўсё на Украіне. Праз 2 гады святарства напісаў просьбу да свайго ксяндза кардынала. Але святароў на Украіну не прасілі, а вось на Беларусь патрэбныя былі. На той час пра Савецкую Беларусь я ўвогуле нічога не ведаў. (…) Так апынуўся ў Лепелі, праз 10 год у Новалукомлі, а з 2007 г. – у Глыбокім. Вось і ўсе мае 25 гадоў Святарства!” – у сваёй гаміліі прамовіў кс. Мечыслаў.


Падчас малітвы вернікаў да Бога ўзносілі просьбы і за шаноўнага святара, і за памерлых бацькоў, якія з дзяцінства навучылі свайго сына любіць Пана Бога і бліжніх.


У працэсіі з дарамі да Божага Алтара былі прынесены дары, каб выказаць удзячнасць за Божую прысутнасць і за служэнне і пакліканне святара:

-    сетка і рыбы ў ёй - знак рыбака, які пакліканы лавіць рыбу ў вялікім моры;
-    імшал і стула - знак святара і гэта тыя інструменты, з дапамогай якіх, святар выконвае сваю справу;
-    вясло,  што кліча сэрца да прыгод, да невядомых прыгожых мясцін і краін;
-    цэгла і шпацэль - сімвал плённай працы будаўніка, які ўзводзіць сцены, як мураваных, так і жывых касцёлаў;
-    карта жыцця - ад маленста да зараз, ад першых слоў і крокаў да плённай працы і прыгожага адпачынку;
-    сімвалічная цыфра “25” - 25 гадоў святарства і сустрэча гэтай даты ў нашай Беларусі. Дзякуем Пану Богу за ксёндза-пробашча, які вучыць нас любіць аддана і ахвярна свой край і свой народ.

Напрыканцы св.Імшы, кс. Мечыслаў падзякаваў, перш за ўсё, Богу за “вучобу” сярод людзей ў Беларусі, якія сапраўды чакалі і хацелі каб быў касцёл, за ўсіх людзей, якіх змог наблізіць да Хрыста, а таксама усім парафіянам і прысутным гасцям - за супольную малітву і шчырыя віншаванні.

 

Карына КАНАПЕЛЬКА, фота