Моладзь у Будславе малілася ў інтэнцыі Сіноду Біскупаў

budslau synod 0212 і 13 кастрычніка ў нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай каталіцкая моладзь малілася ў інтэнцыі Сіноду Біскупаў, які праходзіць у гэтыя дні ў Рыме на тэму «Моладзь, вера і распазнанне паклікання». Прадстаўнікі з нашай парафіі разам з кс. Віталем і дк. Уладзіславам прынялі ўдзел у гэтай сустрэчы.

70 маладых людзей прыбылі разам са сваімі святарамі і законнымі сёстрамі з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Віцебскай дыяцэзіі.

Распачалася сустрэча св. Імшой, якую цэлебраваў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі: “Дарагая моладзь! Нам, біскупам, вельмі важна сёння, у 21 стагоддзі пачуць ваш голас, ваша сведчанне.” Іерарх растлумачыў мэты і заданні Сіноду Біскупаў, а таксама падкрэсліў важную ролю моладзі, якую яна паклікана адыгрываць у Касцёле і ў грамадстве.

“Будзьце тымі зорачкамі, якія асвятляюць цёмнае неба сучаснага свету, праменьчыкамі, якія дзеляцца сваёй верай у Езуса Хрыста, верай, якая робіць нас шчаслівымі. Толькі разам мы можам зрабіць штосьці добрае і нават змяніць да лепшага”, - пажадаў юнакам і дзяўчатам біскуп Юрый.

Пасля Эўхарыстыі моладзь падсілкавалася цялесна і праслухала канферэнцыю, якую прамовіў кс. Павел Трон. Святар параўноўваў Божыя запаведзі са знакамі дарожнага руху. “Не бойцеся ўзрастаць у Божых запаведзях, як вопытныя кіроўцы. Не спыняйцеся ў развіцці! А каб развівацца, трэба бачыць Бога ў бліжнім, у сябры, у Касцёле”. Кс. Павел заклікаў паразважаць над пытаннямі “Хто для мяне Бог у сучасным свеце? Наколькі мы адкрытыя і шчырыя на малітве, у адносінах з Усявышнім?”.

Касцёл надалей малады і жывы. І залежыць ад маладых людзей, як доўга ён будзе малады і будзе дзейнічаць. Святар прыгадаў словы Папа Францішка, якія былі скіраваны да моладзі на Сусветных днях у Кракаве ў 2016 годзе: “Не будзьце “канапавай” моладдзю, а ідзіце і змяняйце свет”. Не трэба баяцца прапаноўваць свае ініцыятывы святарам і манахіням.

Канферэнцыю змяніў час адарацыі Найсвяцейшага Сакраманта. Згашанае святло ў святыні, паўзмрок, Хрыстос і ты. Час на асабістую малітву перад Езусам Эўхарыстычным. У гэты момант была таксама магчымасць сакраманту пакаяння, падчас якога шмат хто прыступіў да споведзі. Разважанні, спевы, прабыванне ў цішыні вельмі блізка - і чуванне скончылася толькі апоўначы. Моладзь разышлася на начлег да мясцовых парафіянаў, якія гасцінна адчынілі свае дамы і сэрцы на юнакоў і дзяўчат.

У другі дзень чування адбылася праца ў групах, дзе была магчымасць падзяліцца ўласным досведам моладзевых сустрэч, а таксама прапанаваць нешта новае ў спосабах і метадах евангелізацыі, марах і планах для будучых спатканняў.

Св. Імшу ўзначаліў вікарый з Ракава кс. Андрэй Бурак, а пасля Літургіі расказаў гісторыю касцёла і парафіі і маленькую экскурсію па святыні правёў новы пробашч у Будславе кс. Дзмітрый Дубовік.

Пасля смачнага абеду моладзь патанчыла на пляцы перад святыняй. Скончылася сустрэча малітвай Вяночка да Божай Міласэрнасці і гадзінай праслаўлення.

budslau synod 19

Вялікі фотарэпартаж можна паглядзець тут>>