У Глыбокім прайшло рэгіянальнае спатканне святароў

regianalnaje spatkannie 8Адбылося яно 13 сакавіка ў парафіяльным Доме імя кс. Юзафа Францкевіча.

На сустрэчу сабраліся святары і кансэкраваныя асобы з Глыбоцкага, Докшыцкага, Шаркаўшчынскага і Мёрскага дэканатаў. Упершыню ў гэтым месцы спатканне прайшло ў новым фармаце: святары сустракаліся ў больш вузкім коле. Напярэдадні, 12 сакавіка, падобная сустрэча прайшла ў Паставах для Пастаўскага, Відзаўскага і Браслаўскага дэканатаў. Як паведаміў дэкан Глыбоцкага дэканату кс. Мікалай Ціхановіч, падобная практыка спатканняў праводзіцца ў якасці эксперыменту. Час пакажа, ці будзе апраўданы такі фармат.

На жаль, у сустрэчы ў Глыбокім не змог прыняць удзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, які ў гэты час знаходзіўся на пахаванні бацькі біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB. Курыю прадстаўляў эканом дыяцэзіі кс. Вячаслаў Барок.

Сустрэча распачалася а 10-й гадзіне з выстаўлення Найсвяцейшага Сакраманту ў касцёле Святой Тройцы.

Потым адбылася канферэнцыя, якая прайшла ў парафіяльным доме. Яе тэмай была евангелізацыя сем’яў, умацаванне каталіцкай супольнасці праз працу з сем’ямі. Менавіта на гэту працу звяртае ўвагу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч у сваім пасланні на 2019 год.

З дакладам на гэту тэму выступіў кс. Мікалай Ціхановіч. Ён адзначыў важнасць працы з сем’ямі, з дзецьмі, варта спрыяць умацаванню яе ў сваёй парафіі. Парафію дакладчык назваў сям’ёй сем’яў. Калі будзе моцнай хрысціянская сям’я, будзе моцны і Касцёл.

Святар адзначыў важнасць працы ў малых групах, якія аб’ядноўваюць невялікую колькасць сем’яў. “Гэтага ад нас патрабуе час, – адзначыў святар, – ужо мінулі тыя часы, калі святару было дастаткова сказаць казанне ў нядзелю, адзін раз на год сустрэцца з сем’ямі падчас Каляды. Зараз святару важна самому ісці да вернікаў, не шкадаваць на гэта часу.” У якасці прыкладу святар прывёў пратэстантаў, якія шмат працуюць з сем’ямі і маюць адпаведны вынік.

Кс. Мікалай падзяліўся з прысутнымі сваім вопытам працы з сем’ямі ў парафіі. Ён адзначыў, што зараз на сустрэчы прыходзяць недзе каля двух дзясяткаў сем’яў. “Вядома, гэта няшмат, недзе два адсоткі ад усіх сем’яў у парафіі, але гэта самыя актыўныя сем’і, якія ўплываюць на іншых. Таму нам трэба навучыцца чытаць адзнакі часу, - сказаў напрыканцы дакладчык, - і працаваць з каталіцкімі сем’ямі. Гэта важна як для вернікаў, так і для саміх святароў.”

Пасля абмеркавання дакладу а дванаццатай гадзіне ў касцёле распачалася святая Імша. Галоўным цэлебрантам быў кс. Мікалай Ціхановіч, які маліўся ў інтэнцыі спачылага Генрыха Яшэўскага - бацькі біскупа Аляксандра.

Казанне прамовіў кс. Эдвард Нарадоўскі, пробашч з Задарожжа. Гамілію ён прысвяціў важнасці споведзі. Бо спавядацца важна не толькі звычайным вернікам, але і самім святарам. У якасці прыкладу святар прывёў святога Папу Яна Паўла ІІ, які спавядаўся кожны тыдзень. Цяперашні Папа Францішак спавядаецца адзін раз на два тыдні.

– Каб кагосьці навучыць рабіць якую важную справу, трэба самому спачатку навучыцца яе рабіць, быць тут прыкладам, – падкрэсліў святар, – трэба задумацца над тым, як я асабіста гэта раблю, як прыступаю да сакраманта пакаяння, як перажываю сваю асабістую сустрэчу з Езусам Хрыстом.

Казнадзей перасцярог ад таго, каб споведзь не станавілася нейкай звычайнай руціннай справай, каб кожны сакрамант пакаяння перажываўся намі як сустрэча з самім Збаўцам. Кс. Эдвард прывёў некалькі прыкладаў са свайго ўласнага жыцця, у тым ліку ўзгадаў сваю першую споведзь, якую ён перажыў у Браславе ў 1984 годзе. “Бо ўсё тое святое, што адбываецца ў нашым жыцці, і запамінаецца намі на ўсё жыццё, ” – патлумачыў святар.

– Толькі святар у імя Хрыста можа адпускаць грахі, таму не будзем забываць, якім вялікім дарам мы надзеленыя, – сказаў на заканчэнне пробашч з Задарожжа.

У бліжэйшы час павінна адбыцца падобная сустрэча святароў усходніх дэканатаў дыяцэзіі.

Зміцер Лупач, catholicnews.by
Леанід Юрык, больш фота тут>>