Вялікі чацвер. Бог служыць чалавеку

  • Друкаваць

vial czacwer 11Сённяшняя літургія пераносіць нас у вячэрнік, дзе Хрыстус збіраецца са сваімі вучнямі на вячэры. Вячэры, якая становіцца апошняй. Тут Езус апошні раз сустракаецца з поўным складам сваіх апосталаў, тут дае апошнія настаўленні, тут падводзіць вынікі свайго зямнога жыцця, тут устанаўлівае дзве таямніцы — два сакрамэнты: Святарства і Эўхарыстыю, праз якія назаўсёды застанецца са сваімі вучнямі.

Апошняя Вячэра становіцца першай святой Імшой, а апосталы — першымі святарамі Новага Запавету. Гэтыя сакрамэнты непадзельна звязаныя паміж сабой, і праз іх Хрыстус сам дзейнічае ў сваім Касцёле. Без святарства няма Эўхарыстыі, таксама без Эўхарыстыі не існуе святарства.

Апошняя Вячэра і ўстанаўленне Эўхарыстыі былі звязаныя з габрэйскай Пасхай, наказ аб якой мы пачулі ў сённяшнім першым чытанні кнігі Зыходу: «І дзень гэты будзе для вас на ўспамін, і будзеце святкаваць яго, як свята Пана праз усе пакаленні вашыя». Пасха была ўспамінам выхаду з Егіпту, падзякай за вызваленне. Яна была сямейным святам, якое складалася з малітваў, спажывання прэсных хлябоў і печанага баранка, а кіраўніком трапезы з’яўляўся бацька сям’і.

Апошняя Вячэра, Эўхарыстыя стала Новай Пасхай. Гэтую вячэру праводзіць Езус, хоць і не з’яўляўся бацькам ніводнаму з апосталаў. У Евангеллі няма ўспаміну пра спажыванне баранка, толькі Хрыстус указвае на хлеб, называючы Сябе Ахвярным Баранкам. У Старым Запавеце забаранялася спажыванне крыві, але Божы Сын ламае гэтыя нормы наказваючы спажываць Яго Цела і піць Яго Кроў.

«Гэта чыніце на Маю памяць». Касцёл няспынна здзяйсняе наказ Хрыста, і Эўхарыстыя стала цэнтрам — сэрцам Касцёла. Нехта сказаў, што пакуль справуецца Эўхарыстыя, свет будзе існаваць.

Апошняя Вячэра была адным з многіх пасілкаў Хрыста, але асаблівым. Таксама і сённяшняя св. Імша з’яўляецца адной з многіх, але не такой як усе. Што цікава, толькі ў адным Евангеллі паводле Яна няма апісання ўстанаўлення Эўхарыстыі, але толькі ў яго мы чуем пра сцэну абмыцця ног вучняў. І менавіта гэты жэст адрознівае сённяшнюю Імшу ад іншых.

Езус пераварочвае людскія прынцыпы, кленчыць перад сваімі вучнямі і абмывае ім ногі — робіць тое, што звычайна рабіў толькі нявольнік, слуга. Здзяйсняючы гэты жэст, Езус не меў намеру навучыць апосталаў і нас з вамі раз на год мыць адзін аднаму ногі. Абмыццё ног не мелася стаць нечым выключным, аднаразовым. Езус паказаў пастаянную паставу Бога адносна чалавека, якой хоча навучыць і нас.

«Гэта чыніце на Маю памяць», — гэта не толькі заклік да справавання Эўхарыстыі, але і заклік да абмыцця ног — да служэння.

Важна падкрэсліць, што літургія — гэта не тэатр, гэта не інсцэніроўка жэстаў Езуса: сёння выбіраем 12 мужчын — яны будуць іграць апосталаў, а святар у ролі Езуса. Мы сёння не гуляемся ў тэатр, а перажываем літургію, якая рыхтуе нас да Уваскрасення.

 vial czacwer 20

Бог заўсёды робіць чалавеку тое, што Езус зрабіў на Апошняй Вячэры. У кожнай Эўхарыстыі Бог ёсць для нас слугою, і нам гэта патрэбна. Пётр спачатку супраціўляецца Езусу: «Не, не абмыеш ніколі маіх ног». Гэта не было праяўленнем пакоры, але наадварот — пыхі Пятра. Калі не дазваляем Богу служыць нам — то не будзем мець удзелу з Ім у Яго Валадарстве. «Калі не абмыю цябе, не будзеш мець удзелу са мною». Толькі той чалавек, які дазваляе Богу любіць яго і служыць яму, можа асягнуць збаўленне. Толькі той чалавек, які прымае любоў Бога, становіцца здольным любіць іншых і служыць іншым. Езус таксама даў нам зразумець, што нельга аддзяліць службы ад Эўхарыстыі. Удзел у Эўхарыстыі, які не вядзе да служэння, не з’яўляецца сапраўдным удзелам. Хрысціянства без служэння — гэта не хрысціянства. «Калі ж Я, Пан і Настаўнік, абмыў вам ногі, то і вы павінны абмываць ногі адзін аднаму. Я даў вам прыклад, каб і вы рабілі, як Я зрабіў вам».

Кс. Іван Кароткін, казанне
Марына Сінкевіч, фота