Велікодныя падарункі ад парафіянаў перададзены хворым, патрабуючым і дзеткам

caritas pasha 01Па традыцыі, якая добра склалася ў нашай парафіі, у Вялікую суботу падчас бласлаўлення страваў на велікодны стол глыбачане ўдзельнічаюць у агульнай міласэрнай справе, дзеляцца яйкам і слодычам, бо такія велікодныя падарункі гэта знак вашай любові і міласэрнасці.

Вельмі важна падзяліць светлую радасць з тымі, хто асабліва востра адчувае недахоп любові ў велікодныя святочныя дні. Дзякуючы актыўнаму водгуку вернікаў "Кошык Дабрыні" сёлета быў асабліва важкім. Інваліды групы "Бэтэль" сваімі рукамі вырабілі кошычкі для прысмакаў. Валанцёры "Карытас" склалі ў іх велікодныя падарункі і парадавалі дзяцей з дома сямейнага тыпу Грабко, прыёмнай шматдзетнай сям'і Высоцкіх, дзе выхоўваецца па восем дзяцей, сям'ю Косцік, дзяцей-сірот з дзяржпрафліцэя. Велікоднымі яйкамі і кулічамі падзяліліся з хворымі якія знаходзяцца на лячэнні ва ўсіх аддзяленнях райбальніцы. Для пражываючых у Бабічоўскай бальніцы сястрынскага дагляду акрамя велікодных ласункаў перададзеныя адзенне і абутак. З Божай дапамогай у гэтым годзе ўдалося наведаць ўсіх хворых прыкаваных да ложка і інвалідаў-вазочнікаў у псіханеўралагічным доме-інтэрнаце ў Петрунове. Не засталіся па-за ўвагай дзеці з сацыяльнага прытулку.

Валанцёры са словамі "Хрыстос Уваскрос!" шчыра віншавалі з вялікім святам перамогі жыцця над смерцю і спадзяемся што ў сэрцах хворых і церпячых людзей запаліўся агонь Божага святла і вера ў Уваскрослага дасць усім сілы перамагаць цяжкасці і напоўніць сэрца радасцю і спакоем.

Даната Матушова