Глыбоцкія дзеці прынялі ўдзел у дыяцэзіяльным этапе конкурсу па веданні Святога Пісання

vicebsk konkurs 1127 красавіка 2019 года ў Віцебскай катэдры Езуса Міласэрнага прайшоў фінальны этап Дыяцэзіяльнага конкурсу па веданні Святога Пісання. Конкурс быў абвешчаны ў снежні мінулага года, 23 сакавіка адбыўся яго першы парафіяльны этап, затым дэканальны і вось цяпер апошні — дыяцэзіяльны.

Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 220 дзяцей з дзесяці дэканатаў Віцебскай дыяцэзіі, у дзвюх узроставых катэгорыях: 9-11 год (могуць быць маладзейшыя) і 12-14 год. У фінальны этап прайшлі 42 удзельнікі.

Конкурс праходзіў па зместу Кнігі Быцця і Евангелля паводле Лукі.

Арганізатарам Дыяцэзіяльнага конкурсу біблійных ведаў з’яўляецца Дабрачыннае каталіцкае таварыства “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь.

На заключны этап і падвядзенне вынікаў дзеці разам з катэхетамі прыбылі ў Віцебск з усёй дыяцэзіі. Распачалося ўсё св. Імшой, якую цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч. Пасля малітвы ўсе накіраваліся ў парафіяльную кавярню, дзе, заняўшы свае адпаведныя месцы па рэгістрацыі, маленькія каманды разам адказвалі на некаторыя пытанні. Потым атрымаўшы варыянты пісьмовага задання, кожны сам адказваў на тэст згодна са сваёй узроставай катэгорыяй. Катэхетам таксама не далі сумаваць, с. Дар’я Галубкова падрыхтавала пытанні і для настаўнікаў рэлігіі. Па выніках пісьмовай часткі па сем чалавек з кожнай катэгорыі прайшлі на вусны этап, дзе павінны былі адказаць на не менш складаныя пытанні.

Глыбоцкі дэканат і нашу парафію на дыяцэзіяльным узроўні прадстаўлялі: Сіняўская Паліна і Кіжло Марыя (1 узроставая катэгорыя, катэхет с. Ганна Блышко), Далгалёў Яўген і Шаршнёў Глеб (2 узроставая катэгорыя, катэхет дк. Уладзіслаў Шарковіч). Нягледзячы на перамогу іншых удзельнікаў, глыбачане паказалі добры вынік, бо хлопцы прайшлі ў другі вусны этап, а значыць увайшлі ў сямёрку лепшых.

vicebsk konkurs 26

Кожны ўдзельнік атрымаў дыплом і памятныя падарункі, якія падрыхтавалі валанцёры «Карытас». Таксама без увагі арганізатары не пакінулі і катэхетаў.

С. Дар’я Галубкова ўжо загадзя запрашае на наступны год да ўдзелу ў ІІ Дыяцэзіяльным конкурсе па веданні Святога Пісання.

Вялікі фотарэпартаж можна паглядзець тут>>

Марына Сінкевіч