Пад Глыбокім ушанавалі памяць святароў-мучанікаў

  • Друкаваць

barok 20god beatyfik 13Святая Імша адбылася з нагоды дваццацігоддзя беатыфікацыі святым Папам Янам Паўлам ІІ 108 мучанікаў ІІ сусветнай вайны. Адбылося гэта ў Варшаве 13 чэрвеня 1999 года. Сярод гэтых блаславёных ёсць і тры святары, якія былі расстраляныя ў Барку пад Глыбокім 4 сакавіка 1942 года. Гэта ксяндзы Мечыслаў Багаткевіч, Станіслаў Пыртак і Уладзіслаў Мацьковяк.

На богаслужэнне, нягледзячы на спякотнае надвор’е і працоўны дзень, прыйшло каля сямідзесяці вернікаў. Святую Імшу цэлебраваў канцлер Віцебскай дыяцэзіі ксёндз Віктар Місевіч, які адмыслова прыбыў на гэту ўрачыстасць. У святой Імшы ўдзельнічалі таксама пробашч глыбоцкай парафіі Святой Тройцы ксёндз Мікалай Ціхановіч і вікарый гэтай парафіі ксёндз Іван Кароткін.

На самым пачатку Імшы кс. Віктар падкрэсліў, што малітва будзе адбывацца як у інтэнцыі святароў-мучанікаў, так і за тых, хто быў у адносінах да іх катам. Езус Хрыстус заклікаў нас маліцца ў першую чаргу за нашых ворагаў, – адзначыў святар, – таму мы памолімся і за карнікаў, у якіх затуманіўся розум, і за іх ахвяраў, якіх вельмі шмат пахавана ў безымянных магілах на гэтым месцы.

У сваім слове да вернікаў ксёндз Віктар нагадаў, што роўна дваццаць гадоў таму Папа Ян Павел ІІ абвясціў 108 новых бласлаўлёных часоў ІІ сусветнай вайны. Сярод іх былі і тры святары, што загінулі ў 1942 годзе пад Глыбокім ад рук нацысцкіх карнікаў.

Усяго ў гэтым спіску былі тры біскупы-мучанікі, 26 манахаў, што былі святарамі, тры клерыкі, сем братоў законных, восем законных сясцёр і дзевяць асобаў свецкіх. Такі вось сумны плён прынесла нам вайна, – адзначыў святар.

– Часта так бывае, што не адна асоба, а цэлы народ можа быць апантаны злым духам праз палітыкаў, праз нейкія людскія справы, праз ідэалогію. І тады адбываюцца такія страшныя рэчы як ІІ сусветная вайна.

Ксёндз Віктар коратка ўзгадаў біяграфіі бласлаўлёных святароў. Мечыслаў Багаткевіч нарадзіўся 1 студзеня 1904 года ў маёнтку Крыкалы каля Дунілавічаў. Пачатковую адукацыю атрымаў у Сітцах, пасля вучыўся ў Будславе. Скончыў Пінскую духоўную семінарыю. Пасля пачатку ІІ сусветнай вайны працаваў пробашчам у Пеліканах, а ўвосень 1941 года накіраваўся ў Дрысу (зараз Верхнядзвінск). Там доўгі час не было святара, бо парафія знаходзілася ва ўсходняй Беларусі, дзе шмат год ішла ваяўнічая атэізацыя. Там святар распачаў актыўную душпастырскую працу, якая не спадабалася акупантам. 16 студзеня 1942 года яго арыштавалі і зняволілі ў браслаўскай турме. А 4 сакавіка ён быў расстраляны пад Глыбокім. Святар меў толькі 38 гадоў.

Уладзіслаў Мацьковяк быў яшчэ малодшы, ён меў толькі 31 год, калі аддаў сваё жыццё за веру. Ён скончыў семінарыю ў Вільні і працаваў у Іказні. Арыштаваны і расстраляны разам з ксяндзом Мечыславам Багаткевічам і Станіславам Пыртакам.

barok 20god beatyfik 02

Трэці святар Станіслаў Пыртак быў зусім малады, ён меў толькі 28 гадоў, калі загінуў. Ён таксама скончыў семінарыю ў Вільні, святарскае пасвячэнне прыняў ужо ў вайну, у 1940 годзе. Працаваў вікарыем у Іказні, дзе быў арыштаваны разам са сваім пробашчам ксяндзом Уладзіславам, з якім і раздзяліў свой лёс. Перад смерцю ён усклікнуў: “Няхай жыве Хрыстус валадар!”

Далей кс. Віктар у сваёй гаміліі звярнуў увагу, што Каталіцкі Касцёл не культывуе культ смерці, як гэта зараз часта робіцца ў сённяшнім свеце. Гэта і аўтаназія, і аборты, і продаж розных забавак у выглядзе ведзьмаў, чарапоў і так далей. Але мы як вернікі павінны культываваць культ жыцця, а не культ смерці, – падкрэсліў святар. Ён адзначыў, што Божае валадарства – гэта перш за ўсё праўда:

– Праўда Божая павінна выйсці на свет, бо яна аздараўляе. А любая хлусня робіць раны на целе грамадства і ўсяго народа.

Таму мы павінны прагнуць гэтай праўды, ужо даўно прыйшла пара адчыніць закрытыя архівы, каб гэту праўду ведаць.

– Няхай у Глыбокім больш не адбываюцца такія страшныя падзеі, а гэта ўрочышча Барок дапамагае нам памятаць пра гэта, – сказаў напрыканцы гаміліі святар.

А закончылася святая Імша супольным спевам хрысціянскага гімну “Магутны Божа”.

Зміцер Лупач, catholicnews.by
Леанід Юрык, вялікі фотарэпартаж тут>>