Адпуст у гонар Святой Тройцы ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB

fest 1116 чэрвеня вернікі Глыбокага адзначылі парафіяльнае свята. Ганаровым госцем на ўрачыстасці быў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, які і цэлебраваў святую Імшу.

Перад пачаткам святой Імшы вернікі прывіталі ганаровага госця. На ўрачыстасць таксама прыбылі святары з суседніх парафій: кс. Раман Мурзіч з Параф’янава, кс. Андрэй Кулік з Дзеркаўшчыны, кс. Антон Лагунёнак з Канстанцінава, кс. Дзмітрый Рацько з Празарок, кс. Пётр Пятрага з Касцяневіч, кс. Віталь Галец з Ушачаў, айцы францішкане з Удзела Яраслаў Банасяк і Вальдэмар Куява і іншыя кансэкраваныя асобы.

На самым пачатку Эўхарыстыі пробашч кс. Мікалай Ціхановіч падзякаваў іерарху за тое, што ён прыняў запрашэнне і наведаў нашу парафію. У сваю чаргу біскуп Аляксандр падзякаваў за запрашэнне і адзначыў той факт, што вельмі добра, што святая Імша распачынаецца ў 15 гадзін. Бо менавіта гэты час у Касцёле лічыцца гадзінай Божай Міласэрнасці. Іерарх адзначыў, што будзе маліцца аб Божай міласэрнасці для парафіі, а таксама аб новых пакліканнях да святарскага і манаскага жыцця. Ён прывёў словы Езуса з Евангелля пра тое, што “жніво вялікае, але работнікаў мала”.

У сваім слове да вернікаў біскуп Аляксандр патлумачыў, чаму Касцёл для ўшанавання Найсвяцейшай Тройцы ўсталяваў асобны дзень.
– Касцёл на працягу літургічнага года асобнай урачыстасцю жадае ўшанаваць кожную асобу Найсвяцейшай Тройцы, – адзначыў іерарх.

Мы святкуем Божае Нараджэнне ў першую чаргу як свята Бога Айца, які так палюбіў гэты свет, што паслаў у яго свайго Сына. Пасха ў хрысціян – гэта свята Бога Сына, свята перамогі Яго над смерцю і грахом. А на Пяцідзясятніцу мы святкуем Спасланне Духа Святога.

– І вось сёння Касцёл пажадаў устанавіць асобнае свята, калі мы ўшаноўваем адзінага Бога, але ў трох асобах. Мы называем гэту ўрачыстасць урачыстасцю Найсвяцейшай Тройцы, – сказаў біскуп.

Ён падкрэсліў той факт, што чалавеку цяжка зразумець сутнасць Найсвяцейшай Тройцы. Ён прывёў прыклад святога Аўгустына, які хадзіў па беразе мора і думаў, як патлумачыць сутнасць Святой Тройцы. Тады ён ўбачыў, як хлопчык выкапаў на беразе ў пяску ямку і лыжкай пералівае ў яе ваду. На пытанне святога, што ён робіць, той адказаў, што хоча пераліць у гэту ямку мора. “Гэта ж немагчыма”, – сказаў яму святы Аўгустын і пачуў адказ, што ён хутчэй пералье ўсю ваду з мора, чым чалавек да канца зразумее сутнасць Святой Тройцы. Тады св. Аўгустын зразумеў, што гэта быў знак з неба.

Прывёў іерарх і прыклад святога Патрыка, які непісьменным ірландцам тлумачыў сутнасць Святой Тройцы на прыкладзе ліста канюшыны. Гэты ліст мае адзін ствол і тры лісцікі, якія разам складаюць адно цэлае.

Святою Тройцу можна таксама параўнаць і з сонейкам, дзе сонейка – гэта Бог Айцец, прамяні – гэта Бог Сын, а цяпло, якое ад іх ідзе, – гэта Дух Святы.

– Каб і мы да іншага чалавека былі тымі Божымі промнямі, якія нясуць добразычлівасць, любоў, суцяшэнне. І каб людзі адчувалі ад нас гэтае цяпло. Не толькі ў словах, але ў нашых учынках, – сказаў біскуп Аляксандр напрыканцы гаміліі.

Пасля св. Імшы планавалася працэсія вакол прыкасцельнай плошчы, але ў гэты час пайшоў дождж. Таму пробашч спытаў у вернікаў: пойдзем з працэсіяй ці не? Усе ў адзін голас адказалі: “Пойдзем!”

І працэсія адбылася! А ўжо пасля яе біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB блаславіў усіх Найсвяцейшым Сакрамантам. Завяршылася свята спевам гімнаў “Цябе, Бога, праслаўляем!” і “Магутны Божа”.

Зміцер Лупач, тэкст