XVI пешая пілігрымка ў Будслаў

budslau piligrymka 473 ліпеня, вось ужо ў 16 раз, вырушыла пешая пілігрымка з Глыбокага ў Будслаў у Нацыянальны санктуарый Маці Божай. Распачаўшы шлях святой Імшой, пілігрымы падмацаваліся духоўным спажыткам, атрымалі сімвалы пілігрыма і вырушылі. На першым прыпынку адбылося знаёмства. Усе пілігрымы селі ў вялікае кола і кожны па чарзе крыху распавёў пра сябе. Як аказалася, шмат было і тых, хто ідзе ўпершыню.

Напрыканцы першага дня пілігрымавання, калі прыйшлі ў Крулеўшчыну і размясціліся ў школе, нягледзячы на вецер і дождж, вечар быў вельмі насычаным: пантаміма моладзі на тэму сям'і і адарацыя ля крыжа, які сімвалічна быў пакладзены на дарожныя сумкі, а затым чакалі інтэграцыйныя танцы.

На другі дзень нас крыху паболела, бо даехалі тыя, хто не змог крочыць у першы дзень у сувязі з дзяржаўным святам і працоўнымі абавязкамі. Пілігрымы вырушылі ў кірунку Порплішча, дзе чакалі св. Імша і абед, а праз яшчэ дзясятак кіламетраў - начлег у гасціннай Параф'янаўскай парафіі.

Падчас пілігрымавання шлях быў напоўнены не толькі спевамі і малітвамі, але і канферэнцыямі, якія праводзіў кіраўнік пілігрымкі кс. Іван Кароткін. Іх было дзве. Першая прысвечаная тэме адносін у сям'і паміж мужам і жонкай, другая – паміж бацькамі і дзецьмі.

Амаль усе тры дні былі дождж і моцны вецер, і здавалася няма надзеі на сонечны Будслаў, як і раней Імшу для пілігрымаў на палявым алтары, на прыгожы ўваход у сініх нашых адмысловых майках "пілігрым з Глыбокага", а толькі курткі і даждавікі. І вось апошні прыпынак у Ілаве, дзе чакаў гарачы і смачны абед. Ідзе дождж, хтосьці схаваўся пад дахам аўтобуснага прыпынка, хтосьці пад дрэвамі. Праз дзве гадзіны вырушаем у шлях і кроплі пачынаюць яшчэ мацней падаць з неба. Спяваем, молімся ружанец, вось ужо станцыя Будслаў, да мястэчка 3 км... І дождж пачынае спыняцца. Наперадзе хмарнае шэрае неба, але сонечныя промні пачынаюць прабівацца. Цуд! Будслаў сустракае глыбачан блакітным небам і сонейкам. Прывітанне новым пробашчам кс. Дзмітрыем Дубовікам, пакланенне Маці Божай у цудоўным абразе і па традыцыі агульнапілігрымковы здымак.

budslau piligrymka 45

Сярод 150 пілігрымаў, якія прыбылі ў Будслаў, былі кс. Віталь Галец (з Ушачаў), дк. Уладзіслаў Шарковіч, с. Лена Сурвіла, якая цяпер працуе ў Грузіі, і прадстаўнікі БГКЦ: а. Аляксей Філіпенка і семінарысты Арцём Калугін і Цігран Латышаў. Самы малодшы пілігрым - Максім Шаршунс (3 гады), самы старэйшы - Сільвестр Блышко (65 год).

"Каралева сем'яў, маліся за нас!" - дэвіз сёлетняй пілігрымкі, якая за гэтыя дні згуртавала нас у вялікую глыбоцкую сям'ю. Як і ў мінулым годзе, пілігрымка ў Будслаў стала сапраўдным выпрабаваннем для многіх, але так як і ў сям'і, калі пануе супакой, узаемадапамога і любоў да бліжняга, то разам мы вытрымалі да канца.

budslau piligrymka 43

P.S. Вялікі ДЗЯКУЙ усім, хто спрычыніўся да падрыхтоўкі і добрай арганізацыі, за вашу адказнасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу і проста сямейную атмасферу.


Вялікі фотарэпартаж можна паглядзець у суполцы ВК>> і пад хэштэгам #ГлыбокаеБудслау2019