Пілігрымка ў Браслаў

braslau piligrymka 212019 год па праву можна назваць юбілейным для Віцебскай дыяцэзіі: 20 год з яе заснавання, 10 год з каранацыі абраза Маці Божай Браслаўскай Валадаркі Азёраў. Для пілігрымаў з Глыбоцкай парафіі гэта стала штуршком, каб людзей у сінім адзенні, якія крочаць у Браслаў, у гэтым годзе стала яшчэ больш.

Першы дзень шляху пачаўся з развітальнай Імшы, пасля якой загрузіўшы ўсе рэчы ў бусы, прыкладна 100 чалавек пачалі пілігрымку. У іх ліку 2 святары, 1 дыякан,2 клерыкі і 1 манахіня. На першым жа прыпынку, у Мярэцкіх, усіх накармілі, напаілі чаем і нават далі з сабой у дарогу прысмакаў. Зусім хутка пілігрымаў сустрэлі гаспадыні ў Пятроўшчыне, дзе і зладзілі смачны абед. Адпачылі пілігрымы там добра, але выйшлі ўжо ў дажджавіках, якія так і не знялі да канца дня. Але ніякае дрэннае надвор’е не змагло сапсаваць пілігрымам настрой, перашкодзіць атрымаць асалоду ад супольнай малітвы і канферэнцыі кс. Віктара Місевіча, якая была прысвечана тэме сям’і ў сучасным свеце і закранула ўсе яе аспекты: ад адносінаў Адама і Евы да адносінаў паміж сужонкамі ў старасці. Скончыўся шлях першага дня ў Шаркаўшчыне, дзе кожнаму пілігрыму знайшлося месца ў дамах ветлівых парафіян.

Другі дзень сустрэў пілігрымку добрым надвор’ем і жыхарамі Шаркаўшчыны, якія вырашылі далучыцца да яе. У першай палове дня мы пачулі прамову ад кс. Мікалая Ціхановіча пра тое, як важна для будучыні сям’і ўмець зачыняць раны мінулага. Па сярэдзіне дня пілігрымаў чакаў вялікі адпачынак з абедам і канферэнцыяй Івана Пузанава. Намеснік дырэктара дабрачыннага фонда “Адкрытыя сэрцы” падзяліўся сваім досведам у справах сям’і ў якасці чалавека, які рыхтуе маладых людзей да шлюбу, і ў якасці шчаслівага сужонка. Усе канферэнцыі ў пілігрымцы прысвечаныя году сям’і і браслаўскім урачыстасцям, якія прайходзілі пад дэвізам: “Марыя - Маці і Валадарка шчаслівага сужэнства”. Фінальнай кропкай другога дня стала святочная Імша на ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая была злучана з адпустам у парафіі св. Роха ў Барадзенічах.

braslau piligrymka 20

Апошні дзень пілігрымавання быў самым кароткім, але таксама насычаным на падзеі. У Ахрэмаўцах пілігрымаў смачна накармілі, быў таксама доўгі час для адпачынку. Моладзь выкарыстала яго на поўную: былі танцы, песні, зноў танцы, хоць і за плячыма было ўжо 80 кіламетраў. У танцах прынялі ўдзел таксама адзин з малодшых і найстарэйшы пілігрымы: васьмігадовы Рома і семдзесятаднагадовы Барыс. Калі пілігрымы ўжо перайшлі мяжу Браслава, іх сустрэў біскуп Алег Буткевіч, які благаславіў на невялічкі кавалак шляху і пачаставаў смачным марозівам. Усяго да санктуарыя Маці Божай Валадаркі Азёр з Глыбоцкай пілігрымкай прыйшло 115 чалавек. Самы маленькі пілігрым - Ульяна Вавінская (5 месяцаў).

braslau piligrymka 16

Далей пілігрымаў чакала насычаная праграма, якая ўключала ў сабе святую Імшу для пілігрымаў з удзяленнем сакрамэнту Бежмавання, канцэрты, Акафіст да Найсвяцейшай Багародзіцы, ружанцовую малітву, працэсію са свечкамі, паказ фільма, прысвечанага 20-ці годдзю заснавання Віцебскай дыяцэзіі, набажэнства Крыжовага шляху і адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. На наступны дзень адбылася галоўная ўрачыстая Імша на палявым алтары.

Наталля Салодкая, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Леанід Юрык, відэа

Вялікі фотарэпартаж у суполцы ВК>>