Мужчыны нашай парафіі ўтварылі кола Жывога Ружанца

  • Друкаваць

ruzh kola7 сакавіка ў нашай парафіі створана чарговае кола Жывога Ружанца, ужо 12-е ў супольнасці, якое будзе пад апекай св. Юзафа і св. айца Піа. Але яно адметнае тым, што чальцамі сталі толькі мужчыны, у асноўным гэта ўсе маладыя таты. Дваццаць мужчын будуць штодня трымаць ружанец у сваіх руках і ўзносіць да Бога інтэнцыі парафіі і ўсяго Касцёла.

Ці мужчынская гэта справа - малітва?

Вельмі важна, каб Касцёл не быў справай толькі жанчын, бо не такой ёсць задума Пана Бога. І з самага пачатку Езус паклікаў апосталаў – мужчын. Так, жанчыны таксама былі вакол Езуса, дапамагалі ў справе евангелізацыі, рабілі цудоўныя справы. Маем шмат святых жанчын, якія для жыцця Касцёла зрабілі шмат добрага. Жанчына сама па сабе мае сэрца больш адкрытае для Бога, і лягчэй за Хрыстом пацягнуць жанчыну, чым мужчыну. Але яны маюць розную харызму і дапаўняюць адно аднаго. Таму важна, каб у жыцці парафіі было заангажавана больш мужчын.

ruzh kola muzhczyn

Таксама важна, каб дзеці бачылі ў малітве сваіх айцоў, а не толькі матуль. Бо фігура бацькі вельмі важная ў жыцці кожнага чалавека.

І калі ўжо ёсць у парафіі нейкая групка мужчын, то многія з іх маюць добры ўплыў на сваіх знаёмых і вядуць за сабою: праз свой прыклад паказваюць, як добра быць з Хрыстом, маліцца і прымаць сакраманты, што гэта дапамагае мець сапраўды мужчынскі характар. Калегі бачаць, што ў працы такі мужчына мае больш сур’ёзны падыход, ён верны муж, не цягне калег да бутэлькі, не крадзе, паказвае прынцыпы жыцця па Божых запаведзях.