У Глыбокім памаліліся за ахвяраў польска-савецкай вайны 1920 года

ambasadar 0410 чэрвеня на набажэнста прыбыла польская дэлегацыя на чале з Амбасадарам Польшчы ў Беларусі Артурам Міхальскім. З духоўных асобаў прысутнічалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, пробашч Глыбоцкай парафіі кс. Мікалай Ціхановіч і кс. Юрый Бараўнёў з Крулеўшчыны.

Каб прывітаць высокіх гасцей на могілках Копцеўка ў Глыбокім сабраліся прадстаўнікі грамадскасці, мясцовай улады, польскай школы з Браслава, журналісты.

Напачатку адбылося набажэнства за вайскоўцаў, што загінулі сто гадоў таму, баронячы гэтыя землі ад бальшавіцкай навалы. Правёў яго біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Потым польская дэлегацыя ўсклала вянок да помніка воінам, на іх магілах былі запаленыя знічы.

Амбасадар Артур Міхальскі і намесніца кіраўніка Глыбоцкага раёна Таццяна Тарасевіч выступілі з кароткімі прывітальнымі словамі.

Прадстаўнік суседняй краіны адзначыў, што перамога ў Варшаўскай бітве, стагоддзе якой мы будзем хутка святкаваць, мела вялікае значэнне не толькі для Польшчы, але і для ўсёй Еўропы. У тым ліку і для гэтай зямлі.

ambasadar 06

Таццяна Тарасевіч паведаміла, што глыбоцкія ўлады ў меру сваіх магчымасцяў падтрымліваюць парадак на ўсіх польскіх пахаваннях, яна выказала спадзяванне, што беларуска-польскія адносіны будуць толькі паляпшацца.

– У гэтым юбілейным годзе мы вырашылі наведваць такія могілкі ў Беларусі, дзе пахаваныя жаўнеры, ахвяры польска-савецкай вайны, – паведаміў Артур Міхальскі. – Сёння мы толькі пачынаем гэтую справу. Зранку наведалі пахаванне ў Докшыцах, а зараз прыехалі ў Глыбокае.

Амбасадар паведаміў, што ў гэтым годзе яны плануюць наведаць усе вялікія пахаванні ў Беларусі, якіх каля дваццаці, а таксама і іншыя драбнейшыя, якіх вельмі шмат.

Кс. Мікалай Ціхановіч падзякаваў польскім гасцям за візіт і адзначыў, што заўсёды ставіць у прыклад сваім парафіянам той факт, як польская дзяржава клапоціцца аб вайсковых пахаваннях, у тым ліку і за мяжой.

ambasadar 16

На наступным тыдні прадстаўнікі Польшчы плануюць наведаць пахаванні польскіх жаўнераў у Крулеўшчыне, Дунілавічах і Даўгінаве.

Зміцер Лупач, тэкст
Леанід Юрык, фота