Навукова-практычная канферэнцыя «Беларусь, Глыбоцкі край і Эдвард Вайніловіч» прайшла ў Глыбокім

vajnilovicz 0225 верасня 2020 года ў Глыбокім прайшла навукова-практычная канферэнцыя «Беларусь, Глыбоцкі край і Эдвард Вайніловіч». Канферэнцыя праводзілася ў рамках выканання дзяржаўнай праграмы навуковых даследванняў на 2016-2020 гг. «Эканоміка і гуманітарнае развіццё беларускага грамадства».

Арганізатарамі навуковага форума выступілі інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк, пробашч касцёла Св. Сымона і Алены ў Мінску, кандыдат гістарычных навук, Міжнародны экалагічны інстытут імя А.Д. Сахарава БДУ, Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт.

У канферэнцыі ўдзельнічалі людзі, для якіх асоба Эдварда Вайніловіча з'яўляецца прыкладам служэння беларускаму народу. У форуме прынялі ўдзел шаноўныя госці - біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк, кс. Мікалай Ціхановіч, пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім, пратаіерэй Міхаіл Ізаітка - благачынны цэркваў Глыбоцкага раёна, рабін Віцебска Малкіель Гаргодзэ.

Для ўдзельнікаў канферэнцыі была падрыхтавана выстава «Малой радзіме прысвячаецца».

На правах гаспадара прысутных прывітаў старшыня Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Мікалаевіч Шубскі.

Затым выступіў намеснік дырэктара па навуковай рабоце інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук РБ Вадзім Леанідавіч Лакіза, які ўзгадаў унікальную гістарычную спадчыну Глыбоччыны, расказаў пра мэту правядзення канферэнцыі і працу інстытута.

Біскуп Алег Буткевіч падзякаваў арганізатарам форуму за запрашэнне і выбар месца правядзення, падкрэсліў міжканфесійнасць удзельнікаў. Іерарх адзначыў, што Эдвард Вайніловіч фундаваў будоўлю каталіцкіх касцёлаў і праваслаўных цэркваў, не адмаўляў у дапамозе іншым канфесіям. Таксама зазначыў, што асобу Вайніловіча вызначае мужнасць, хрысціянская пакора, яднанне сваіх цярпенняў з цярпеннямі Хрыста на крыжы. Біскуп Алег адзначыў каштоўную выхаваўчую ролю Эдварда Вайніловіча для сучаснай моладзі.

vajnilovicz 12

Пратаіерэй Міхаіл Ізаітка перадаў прывітальнае слова ад епіскапа Полацкага і Глыбоцкага Ігнація і падкрэсліў, што мы адзіны беларускі народ.

Рабін Віцебска Малкіель Гаргодзэ шчыра падзякаваў за запрашэнне і расказаў, што яго сям'я паходзіць з Глыбокага і зазначыў, што іўрыт у пэўным сэнсе таксама паходзіць з Глыбокага.

Ксёндз-магістр Уладзіслаў Завальнюк падкрэсліў экуменічны дух Вайніловіча, чысціню веры, шанаванне людзей усіх веравызнанняў. Ён праз усё сваё жыццё пранёс словы « Няхай вернікі Беларусі ўсіх канфесій, кожны ў сваёй святыні, славяць аднаго Бога ў небе».

vajnilovicz 13

Падчас плянарнага пасяджэння з дакладамі і навукова-практычнымі работамі выступілі навукоўцы, настаўнікі і вучні, пераможцы конкурсу навукова-даследчых работ. Адбылося ўзнагароджванне вучняў і настаўнікаў дыпломамі і каштоўнымі падарункамі. Сярод тых, хто атрымаў падзяку інстытута гісторыі Акадэміі навук Беларусі за папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Глыбоцкага раёна, быў і пробашч парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім ксёндз Мікалай Ціхановіч.

Гасцям і ўдзельнікам канферэнцыі была прапанавана аглядная экскурсія па горадзе Глыбокім. Затым, пасля абеду, прадоўжылася праца па секцыях. На заканчэнне форуму былі падведзены вынікі працы і адбылося ўрачыстае закрыццё канферэнцыі.

vajnilovicz 17

Алена Пажога, catholicnews.by
Леанід Юрык, фота