Устаноўлена дата асвячэння глыбоцкага касцёла пасля перабудовы

kasc 1909Доўгі час краязнаўцам не была вядомая дата асвячэння касцёла Святой Тройцы ў Глыбокім пасля перабудовы, якая адбывалася ў 1902-1908 гадах. І ўсё ж некалькі дзён таму яе ўдалося знайсці – а разам з ёй і імёны людзей, якія спрычыніліся да рэканструкцыі святыні.

Цікавая для гісторыі Глыбокага нататка знайшлася ў газеце “Kurjer Warszawski”, №9 за 9 студзеня 1909 года.

Касцёлы на Літве1

У 1638 годзе са шчодрай і дабрачыннай фундацыі Іосіфа Корсака, мсціслаўскага ваяводы, у Дзісенскім павеце, у мястэчку Глыбокім, паўсталі два касцёлы: адзін вялікіх памераў айцоў кармелітаў босых з кляштарам і фундацыяй, прызначанай на навучанне і ўтрыманне вучнёўскай моладзі, другі меншы парафіяльны касцёл, і за паўмілі за Глыбокім у мястэчку Беразвечча цудоўны касцёл з кляштарам айцоў базыльянаў або чэрнцаў з 6-класнай гімназіяй.
Касцёл кармелітаў 45 гадоў таму быў зачынены, а цяпер ва ўласнасці праваслаўнага духавенства2. Застаўся ў Глыбокім адзін малы каталіцкі касцёл, у якім з 6000 парафіян толькі трэцяя частка магла змясціцца. Здаўна парафіяне мелі намер аднавіць і пашырыць касцёл з прыватных складак, але збяднелая Літва не магла на гэта здабыцца. Доўгія гады народ, які маліўся, цярпеў холад і слоту падчас урачыстасцяў.
Нарэшце некалькі гадоў таму пробашчам у Глыбокім стаў ксёндз Жэро. Сабраў ахвяры і з дапамогай народу заклаў падмуркі для пашырэння сценаў святыні. Але хвалебныя высілкі кс. Жэро працягваліся нядоўга, бо праз кароткі час з распараджэння свецкай улады быў вымушаны выехаць у Гродна. Аднак, калі новы пробашч кс. Буйвіс3 прыняў парафію, праца пайшла хутка. Значныя ахвяры былі атрыманыя: ад святой памяці Зоф’і Аскерка 3000 рублёў4, і ад панны Б. Чарнеўскай 4500 рублёў5. Меншыя ахвяры павялічылі капітал, які дапамог скончыць высакародную справу. Таксама належыць ацаніць саўдзел у адбудове касцёла і зборы ахвяраў старшыні касцельнага камітэта п. Ст. Моля6, які высакародна выканаў сваё заданне.
І вось, 27 снежня [1908 года] з’ехалася ў Глыбокае з Вільні і з павета 18 ксяндзоў, на чале з кс. пралатам Курчэўскім7, які з даручэння адміністратара Віленскай дыяцэзіі кс. Міхалькевіча, здзейсніў асвячэнне касцёла, які быў перапоўнены вернікамі парафіі. У касцёле з прыгожай і па-мастацку зробленай казальніцы, якая дасталася ад айцоў чэрнцаў, прамаўлялі кс. пралат Курчэўскі і кс. Абаровіч. Пасля асвячэння касцёла кс. Буйвіс на плябаніі прыняў шматлікіх сабраных гасцей.


1 Землі былога Вялікага Княства Літоўскага яшчэ ў пачатку ХХ стагоддзя часта называлі Літвой.
2 Цяпер гэта кафедральны сабор Нараджэння Багародзіцы.
3 Ксёндз Даніэль Буйвіс, пробашч у Глыбокім з 1904 года, літовец па нацыянальнасці.
4 Зоф’я Аскерка з дому Корсакаў – жонка ўладальніка маёнтка Азерцы Зыгмунта Аскеркі. Памёрла 22 снежня 1902 года ва ўзросце 52 год, пахаваная на Копцеўцы.
5 У нататцы пазначана першая літара імя “Б” – але магчыма, гэта памылка, а гаворка ідзе пра Рудольфу Чарнеўскую з маёнтка Кашталянаўшчына. На магіле Р. Чарняўскай, памерлай 11 красавіка 1913 года, працытаваныя словы 40 псальма: «Шчаслівы, хто дбае пра ўбогага – у дзень бедства збавіць яго Пан».
6 Граф Станіслаў Моль быў уладальнікам маёнтка Залессе і апекуном земляробскай школы ў Варанцах каля Паставаў.
7 Ксёндз Ян Курчэўскі (1854-1916) – канонік віленскай катэдры, гісторык Касцёла, старшыня Таварыства Прыяцеляў Навук у Вільні. 

Падрыхтаваў Кастусь Шыталь