Каляднае віншаванне ксяндза пробашча Мікалая

rastvo“Святло Езуса адрозніваецца ад святла свету. Святло, якое дае нам свет,-
гэта штучнае святло, магчыма, моцнае - …як феерверк…
Святло ж Езуса далікатнае, спакойнае,
гэта свет міру, яно падобнае на Святло Каляднай Ночы”
Папа Францішак

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце!
Дарагія глыбачане!

Хрыстос нарадзіўся! Ён – Святло свету і прыходзіць, каб запаліць у нашых сэрцах агонь Божай любові. Толькі такая Любоў здольная перамяняць чалавека і ствараць новыя магчымасці дыялогу, паразумення і спакою. Усе мы перажываем за Беларусь і яе будучыню. Частка грамадства трымаецца адной пазіцыі і не бачыць сэнсу штосьці змяняць, іншыя жадаюць перамен. І гэты падзел паміж людзьмі, а таксама тое, што мы назіраем сёння ў жыцці нашай Краіны, не вядзе нас да святла праўды. Наадварод – стварае ўражанне цемры і холаду.

Моцна жадаю і малюся, каб Божае Святло пранікала ў сэрцы жыхароў нашай Бацькаўшчыны разганяючы ўсю цемру. Каб перажыванне таямніцы Нараджэння Хрыста стала для кожнага з нас крыніцай святла і надзеі на лепшае, умацавала ўсіх ва ўзаемнай любові і прабачэнні. Каб усё пачыналася ад перамены нашага сэрца і адкрытасці на Божае святло.

Кс. Мікалай Ціхановіч,
пробашч парафіі Святой Тройцы, дэкан Глыбоцкі