«Будаваць новую Беларусь на хрысціянскіх каштоўнасцях»: арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч на парафіяльным фэсце

trojca 03Глыбоцкі касцёл асвечаны пад тытулам Святой Тройцы, таму ў гэтым годзе свята ў парафіі прыпала на 30 мая.

Пачалося яно з урачыстай сустрэчы арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ў якасці ганаровага госця быў запрошаны на парафіяльную ўрачыстасць. Іерарха сустракалі на прыкасцельнай плошчы пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч, міністранты і вернікі. Пасля прывітальных словаў арцыбіскупу ўручылі хлеб-соль і ўсе накіраваліся ў храм.

trojca 01

Святая Імша распачалася а 15-й гадзіне, яе цэлебраваў арцыбіскуп на пенсіі Тадэвуш Кандрусевіч. Напачатку ён узгадаў, што быў у Глыбокім вельмі даўно, калі яшчэ не быў біскупам. Ён павіншаваў пробашча ксяндза Мікалай з дваццацігадовым юбілеем святарства, які той нядаўна адзначыў. Сам жа арцыбіскуп 31 мая адзначае саракагадовы юбілей святарскага служэння.

«Трэба служыць, колькі Бог паклікаў і дзе Бог паклікаў», — адзначыў ён з гэтай нагоды. Іерарх падзякаваў вернікам за малітву ў сваёй інтэнцыі, калі ён не мог вярнуцца на радзіму: «Гэта быў знак салідарнасці вернікаў са сваім біскупам, гэта была для мяне вялікая падтрымка. Хай Бог адудзячыць вам за вашую малітву і вашую памяць».

У гаміліі арцыбіскуп засяродзіў увагу на сутнасць Святой Тройцы. Ён падкрэсліў, што мы не можам да канца спазнаць Святую Тройцу, але трэба глядзець на гэта праз прызму веры.

trojca 04

«Бог, таямніцу якога мы маглі б спазнаць, ужо не з’яўляўся б богам, — адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш, — Але нам трэба імкнуцца да спазнання Бога, хоць мы і не можам да канца яго спазнаць».

Далей ён засяродзіўся на тым, якога Бога мы вызнаём. З гэтага можна зрабіць тры высновы:

1. Мы павінны верыць у аднаго Бога, адзінага ў Тройцы.
2. Бог не дзейнічае ў адзіноце. Бог — гэта тры асобы. Мы таксама не жывём ізалявана, мы патрэбныя адзін аднаму. Таму чалавек не можа ўнікаць праблем грамадства, жыць па прынцыпу: мая хата з краю. «Я з’яўляюся грамадзянінам гэтай краіны, і я адказны за яе сённяшні дзень і за будучыню,» — падкрэсліў іерарх.
30 гадоў таму мы атрымалі свабоду веравызнання, а жывём так, як бы Бога няма. Матэрыяльныя каштоўнасці, задавальненні сталі для нас вышэй за Бога, яны наш бог.
3. Бог адзіны і дасканалы ў Тройцы. Нават для самай дасканалай любові паміж людзьмі патрэбны тры асобы, бо любоў паміж жанчынай і мужчынам нараджае дзіця.
Таму мы не павінны ізалявацца ад астатніх людзей і жыць як эгацэнтрысты: толькі я адзін існую і больш ніхто. Так не бывае і так не павінна быць. Усе праблемы ў сям’і, на працы, у грамадстве, у дзяржаве павінны вырашацца шляхам дыялогу. Але без Бога іх не вырашыш.

«Дык адкажам сабе, ці Бог жыве ў нашым сэрцы? Ці не прыйшоў час адчыніць свае сэрцы Богу ў Тройцы адзінаму? — такія рытарычныя пытанні задаў іерарх напрыканцы гаміліі. — Каб мы будавалі новую Беларусь на хрысціянскіх каштоўнасцях».

Пасля заканчэння святой Імшы глыбоцкія вернікі павіншавалі арцыбіскупа Тадэвуша з саракагадовым юбілеем святарства. Той у сваю чаргу падзякаваў усім за прысутнасць і памяць пра яго, узгадаў, як у 1990 годзе будучы маладым біскупам, адпраўляў у Глыбокае ксяндза Кірыла Клімовіча, а потым некалькі гадоў разам з ім нёс біскупскае служэнне ў Расіі.

trojca 05

Пасля богаслужэння вернікі памаліліся Літаніяй да Святой Тройцы, а потым прайшлі Эўхарыстычнай працэсіяй.

trojca 06

Зміцер Лупач, тэкст
Марына Сінкевіч, фота
Больш фота па спасылцы >>
Леанід Юрык, відэа