Глыбоцкія дзеці прынялі ўдзел у Конкурсе на веданне Святога Пісання

vicebsk konkurs 229 мая ў Віцебскай катэдры адбыўся фінал ІІІ Дыяцэзіяльнага конкурсу на веданне Святога Пісання 2021. У ім прынялі ўдзел 47 дзяцей з 13 парафій Віцебскай дыяцэзіі і (упершыню!) 5 парафій з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Глыбоцкую парафію прадстаўлялі Шпак Яна, Казачок Мілана, Алейнік Валерыя, Самсонава Аліна і Шаршнёў Глеб.

Дзеці рыхтаваліся да гэтага дня некалькі месяцаў: вывучалі кнігі Тобія і Евангелле паводле Мацвея, а таксама прайшлі два папярэднія этапы конкурсу. У падрыхтоўцы дзецям актыўна дапамагалі бацькі і катэхеты. Яны таксама прыехалі падтрымаць іх у Віцебск. Дзяцей, бацькоў, катэхетаў і святароў на самым пачатку прывітаў біскуп Алег Буткевіч, які цэлебраваў cвятeю Імшу ў інтэнцыі ўсіх удзельнікаў.

Падчас казання біскуп Віцебскі ўзгадаў словы св. Гераніма: “Той, хто не ведае Святога Пісання, той не ведае Хрыста”. Ён адзначыў, што кожны, хто прыняў удзел у гэтым конкурсе, ужо перамог, бо глыбей адкрыў для сябе Божае слова, і таму бліжэй пазнаў Хрыста. Біскуп заклікаў заўсёды мець ў павазе тых людзей, якія вядуць нас да Бога і дапамагаюць у пазнаванні Божага слова, а таксама рупіцца, каб Божая мудрасць няспынна была прысутна ў нашым жыцці. Бо той, хто ведае Хрыста, той, хто жыве Божым словам, ніколі не будзе асаромлены.

 

Пасля такіх натхнёных словаў і біскупскага блаславення, распачаўся сам Конкурс камандным заданнем "Біблейскі алфавіт", дзякуючы якому дзеці змаглі пазнаёміцца і “разагрэцца” перад асноўнымі пытаннямі. Таксама і дарослыя атрымалі невялічкі тэст, у якім адзначыліся добрымі вынікамі.

vicebsk konkurs 1

Пасля асноўных конкурсных заданняў у малодшай і старэйшай катэгорыях вылучылася па 7 чалавек з найбольшай колькасцю балаў. Яны змагаліся за прызавыя месцы, адказваючы на дадатковыя пытанні.

Не толькі пераможцы, але ўсе ўдзельнікі і іх катэхеты атрымалі дыпломы і падарункі, за якія арганізатары ўдзячныя Карытас Лінц (Аўстрыя).

vicebsk konkurs 3

vicebsk konkurs 4

Па матэрыялах Catholicnews.by