У Глыбокім адбылася перадкалядная пастырская сустрэча для аднаго з трох рэгіёнаў Віцебскай дыяцэзіі

aplatak sviatary 2113 снежня ў касцёле Святой Тройцы сустрэліся святары і кансэкраваныя асобы Глыбоцкага рэгіёну. У спатканні прынялі ўдзел Старшыня ККББ, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, прадстаўнікі курыі і духавенства з чатырох дэканатаў Віцебскай дыяцэзіі – Мёрскага, Докшыцкага, Шаркаўшчынскага і Глыбоцкага.

Для Пастаўскага рэгіёну (Пастаўскі, Відзаўскі і Браслаўскі дэканаты) сустрэча прайшла 9 снежня ў Паставах, Віцебскі рэгіён (Полацкі, Лепельскі, Аршанскі і Віцебскі дэканаты) сустрэнецца перад Калядамі 20 снежня.

Перад святой Імшой, якую цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч, у духоўных асобаў была магчымасць аддаць свае клопаты, сумневы і падзяку Езусу ў Найсвяцейшым Сакраманце і прыступіць да сакраманту споведзі і пакаяння.

У гаміліі ардынарый паразважаў пра ўладу Хрыстовага святарства. Калядныя святы для святароў і сясцёр – гэта заўсёды напружаная праца і падрыхтоўка. “Наколькі гэта ўлада ўплывае на нас саміх, на нашае жыццё? Ці гэтая ўлада ёсць крыніцай нашай радасці? Ці мы радыя з таго, што сапраўды служым Богу, ці радыя з таго што маем магчымасць людзям адкрыць гэтую таямніцу і прывесці людзей да Бога? – задаў іеррах на самым пачатку пытанні для святароў. — Вернікі вельмі добра ўсё гэта разумеюць і, тым больш, глядзяць наколькі гэтая ўлада ўплывае на таго, хто яе мае. Наколькі жыццё святара, брата ці сястры законнай адпавядае таму, да чаго яны пакліканы?”

«Гэтая ўлада ўплывае на нас саміх, змяняе нас, для іншых людзей служыць выразным знакам. Свет сёння як ніколі патрабуе знакаў. Няхай гэты час будзе і для нас прыгатаваннем да Божага Нараджэння, няхай яно адбудзецца ў нас, у нашым жыцці і паслузе. Нараджэнне, якое няхай будзе адраджэннем той свядомасці, кім мы ёсць, свядомасці таго, што мы робім і якой уладай гэта робім. Няхай гэтая ўлада сёння здзейсніць сваё заданне», — пажадаў на заканчэнне прамовы біскуп Алег.

Пасля святой Імшы адбылася кароткая арганізацыйная частка сустрэчы, на якой канцлер Віцебскай дыяцэзіі кс. канонік Віктар Місевіч звярнуўся да духавенства з аб’явамі.

Са святыні ўдзельнікі сустрэчы накіраваліся ў парафіяльны дом, дзе ў межах сустрэчы адбыліся асобныя канферэнцыі для святароў і сясцёр законных. Кс. доктар Валерый Марціноўскі разважаў пра духоўнае развіццё ў святарстве, а а. Анджэй Юхневіч ОМІ – пра “святло для свету” кансэкраванай асобы.

Потым усіх удзельнікаў спаткання чакала дзяленне аплаткам. Прысутныя абмяняліся святочнымі пажаданнямі на Божае Нараджэнне, пасля чаго перайшлі да пачастунку і неафіцыйных размоў, якія спрыяюць устанаўленню еднасці паміж людзьмі.


Марына Сінкевіч, тэкст
Леанід Юрык, фота