Вялікая пятніца. Ойча, прабач…
- Падрабязнасці
- Апублікавана 16.04.2022 16:42
У гэты дзень, згодна са старадаўняй традыцыяй, Касцёл не адпраўляе эўхарыстычнай ахвяры. У другой палове дня цэлебруецца літургія Мукі Пана. Яна cкладаецца з трох частак: літургіі слова, адарацыі Крыжа і Святой Камуніі.
Перад Літургіяй Мукі Пана наша парафія перажывала Крыжовую дарогу. Гэта быў не проста шлях па касцёле ад стацыі да стацыі. Глыбачане перажывалі разам з Хрыстом усе Яго мукі, гледзячы ўрыўкі з фільма Мэла Гібсана "Страсці Хрыстовы".
Пасля набажэнства Крыжовага шляху, распачалася Літургія Вялікай пятніцы. Святар у шатах чырвонага колеру падышоўшы да алтара і, ушанаваўшы яго, кладзецца перад ім тварам уніз. Усе нейкі час моляцца ў цішыні.
Пасля літургіі слова адбываецца адарацыя Крыжа. Пробашч парафіі, зняўшы абутак і арнат, аддаў пашану Крыжу.
У гэты дзень асаблівым чынам былі адзначаны нашы мужчыны-міністранты - Уладзімір, Анатоль, Чэслаў і Тадэвуш, якія адважваюцца розным чынам дапамагаць пры алтары. "У нашай свядомасці звычайна – гэта маладыя хлопцы. Яны ў сталым сваім узросце служаць касцёлу. Сёння хочам падараваць крыжы св. Бэнэдыкта, з якімі яны будуць служыць пры алтары, каб ён не толькі іх абараняў ад зла, а каб яны былі такімі абаронцамі нашай парафіі і касцёла ад моцы злога", прамовіў кс. Мікалай і разам з кс. Алегам надзелі крыжы міністрантам-сеньёрам.
На заканчэнне Літургіі Вялікай пятніцы Найсвяцейшы Сакрамант быў перанесены ў грабніцу Пана. Да апоўначы трывала на адарацыі парафіяльная моладзь.