#ГлыбокаеБудслаў2022

budslau 45Сёлетні фэст стаў выразным сведчаннем таго, што за два «каранавірусныя» гады традыцыя пілігрымак не знікла, што яна жыве і, як можна меркаваць, будзе працягвацца ў будучыні. 

Шлях да Будслава распачаўся апоўдні 29 чэрвеня, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла. Калона сфармавалася на пляцы і вырушыла ў шлях у кірунку в. Дзеркаўшчына. Кіраўнік пілігрымкі кс. Алег Зямчонак.

Першы дзень самы маленькі быў па кіламетражу, таму прыйшоўшы на месца, разам з мясцовымі парафіянамі маліліся на св. Імшы. Напрыканцы першага дня пілігрымавання, калі ўсе разам павячэралі і размясціліся ў гасцінных гаспадароў на начлег, зноў вярнуліся ў святыню, каб там правесці час з Езусам падчас Адарацыі і Малітвы праслаўлення.

Другі дзень распачаўлі св. Імшой, затым разам спажылі сняданне і вырушылі ў кірунку Сітцаў. На другі дзень нас крыху паболела, бо даехалі тыя, хто не змог крочыць у першы дзень у сувязі з працоўнымі абавязкамі.

Тры дні спёкі і ні кроплі дажджу па дарозе, і вось ужо Будслаў такі ўтульны і доўгачаканы ў сэрцах кожнага пілігрыма, бо менавіта тут ты адчуваш сябе інакш, менавіта тут цябе сустракае Маці з такім лагодным позіркам поўным любові.

Ля ўваходу глыбачан прывітаў пробашч кс. Дзмітрый Дубовік, які асабліва адзначыў нашых мужчын: "Для мяне глыбоцкая парафія вельмі дарагая, асабліва Жывы Ружанец мужчын (...) Яны вельмі шмат дапамагалі нам пасля пажару. Бачу іх, яны спераду стаяць. Таму радуемся мы і радуецца Маці Божая, што вы тут ёсць. Ваша мэта перад вамі".

Пакланенне Маці Божай у цудоўным абразе і па традыцыі агульнапілігрымковы здымак.

budslau_49.jpg

Сярод 146 пілігрымаў, якія прыбылі ў Будслаў, былі кс. Яўген Шымановіч (Орша), кс. Дзмітрый Рацько (Празарокі), семінарысты Антон Тышко і Андрэй Януль, с. Ганна Блышко. Самы малодшы пілігрым - Мар'яна Шаршунс (1,5 гады), самы старэйшы - Сільвестр Блышко (67 год).

"Маці Божая яднае сем'і - дэвіз сёлетняй пілігрымкі, якая за гэтыя дні згуртавала нас у вялікую глыбоцкую сям'ю. Пілігрымка ў Будслаў стала сапраўдным выпрабаваннем для многіх, але так як і ў сям'і, калі пануе супакой, узаемадапамога і любоў да бліжняга, то разам мы вытрымалі да канца.


Вялікі фотарэпартаж можна паглядзець у суполцы ВК>> і пад хэштэгам #ГлыбокаеБудслаў2022