Каралева супакою, маліся за нас!
- Падрабязнасці
- Апублікавана 22.08.2022 20:35
У чарговы раз вырушыла пілігрымка з Глыбокага ў Браслаў. Час пілігрымкі з’яўляецца асаблівым для яе ўдзельнікаў: хтосьці глядзіць на іх, як на вар’ятаў, не разумеючы, што адбываецца; іншыя - з усмешкай махаюць рукой; другія – жагнаюць і моляцца. Нягледзячы на розныя рэакцыі людзей, нават зуcім няверуючых, пілігрымка – сведчанне веры. У гэтым годзе да Маці Божай Валадаркі Азёраў прыйшло 60 пілігрымаў, якія пешшу пераадолелі 90 км. Сярод пілігрымаў ішлі 5 ксяндзоў – Мікалай Ціхановіч, Алег Хмылко, Яўген Шымановіч, Дзмітрый Рацько, Віталій Галец, а таксама клерык грэка-каталіцкай царквы Арцём Калугін.
Пасля св. Імшы раніцай 17 жніўня мы выйшлі ў шлях. Бадзёрыя, поўныя сіл і энтузіязму, пілігрымы спявалі песні, выслаўляючы Пана Бога і Маці Божую на вуліцах роднага горада. Разам з тым мы шмат маліліся. Яшчэ ў першы дзень кс. Мікалай правёў канферэнцыю, прысвечаную істотным пытанням прабачэння і набыцця супакою ў душы. Пілігрымы таксама мелі магчымасць на сакрамант споведзі і духоўныя размовы з ксяндзамі. Калі пілігрым меў патрэбу ў супольнай малітве ў яго інтэнцыі, то ўсе маліліся разам з ім, бо “дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх” (Мц 18,20). Вечарам пілігрымы прыйшлі ў Шаркаўшчыну на начлег. Вернікі з парафіі Узвышэння Святога Крыжа гасцінна сустрэлі стомленых пілігрымаў.
На другі дзень, 18 жніўня, пасля Імшы пілігрымы падзякавалі шаркаўшчынскім парафіянам і вырушылі далей да Маці. Кс. Яўген разважаў у канферэнцыі пра неабходнасць і важнасць малітвы. Дасведчаны пілігрым Генадзь Бервячонак прачытаў сваю працу “Мая філасофія” – гэта такі дзённік пілігрыма, які прайшоў у самоце 8-дзённы шлях з Барысава ў Росіцу, маючы толькі ружанец! …і вялікі давер Богу, і больш нічога. Гэты аповед дакладна не пакінуў нікога абыякавым і стаў сведчаннем сапраўднага даверу да Бога. Пілігрымы славілі Маці Божую ў ружанцы на розных мовах: беларускай, рускай, стараславянскай, польскай, англійскай, італьянскай, іспанскай, грэчаскай, малайскай. Начавалі ў гэты дзень мы ў касцёле Святога Юзафа ў Барадзенічах. Перад гэтым адбылася малітва праслаўлення, якую праводзіў кс. Яўген. Падчас яе да пілігрымаў завітаў біскуп Алег Буткевіч, які разам з кс. Яўгенам і кс. Алегам праводзілі заступніцкую малітву.
Апошні дзень, 19 жніўня, выдаўся нялёгкім, бо мы ішлі па дарозе, дзе быў пясок і камяні. Але ўсё было добра, бо нас падтрымлівала Маці на шляху да Яе і біскуп Алег Буткевіч, які на самым спякотным адрэзку шляху сустрэў пілігрымаў з марозівам. Нават мазалі і стомленасць не перашкодзілі моладзі танчыць у Ахрэмаўцах. Самым хвалюючым момантам пілігрымкі быў той, калі мы ўваходзілі ў Санктуарый Маці Божай Валадаркі Азёраў са спевам “Каралева супакою”, лажыліся крыжам і давяралі Маці свае інтэнцыі.
Ісці было сапраўды няпроста. Усе 3 дні свяціла гарачае жнівеньскае сонца. Пілігрымы з надзеяй глядзелі на неба, але там не было ні аблачынкі. Таму тыя некалькі секунд ад ценю з дрэў, якія трапляліся на шляху абапал дарогі, дарылі сапраўдную асалоду. Але на св. Імшы 20 жніўня не было спякотна і горача. Падчас урачыстай Імшы было пахмурна, толькі напрыканцы з-пад хмар выглянула сонца і асвяціла ўсіх.
Дзесьці я чула прыгожыя словы, што жыццё – вялікая пілігрымка да неба. Напачатку здаецца, што часу шмат, усё наперадзе, але калі глядзіш у люстэрка, заўважаеш зморшчынкі і сівыя валасы, то разумееш, якое жыццё кароткае і хуткаплынае. Таму не будзем марнаваць гэты час, а даверым сваё жыццё ў апеку Бога і Яго Маці.
Яна Барысевіч, тэкст
Леанід Юрык, Марына Сінкевіч, усе фота тут>>
Марыя Іваноўская, мантаж відэа