200-годдзе з дня нараджэння святога заснавальніка Кангрэгацыі сясцёр францішканак Сям'і Марыі
- Падрабязнасці
- Апублікавана 19.09.2022 17:01
Дзень смерці благаслаўлёных і святых звычайна з’яўляецца таксама днём іх літургічнага ўспаміну, таму 17 верасня Касцёл успамінае постаць арцыбіскупа Зыгмунта Шчэнснага Фелінскага, Мітрапаліта Варшаўскага. Сёлета, 1 лістапада, спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэння св. Зыгмунта Шчэнснага Фелінскага, заснавальніка Кангрэгацыі сясцёр францішканак Сям’і Марыі.
Зыгмунт Шчэнсны нарадзіўся ў 1822 годзе ў Ваюціне на Валыні. Выхоўваўся ў рэлігійна-патрыятычнай атмасферы, змалку пакланяўся Маці Божай. Паступіў у духоўную семінарыю і ў 1855 годзе прыняў святраскае пасвячэнне ў Пецярбургу.
У 1857 г. заснаваў Кангрэгацыю сясцёр францішканак Сям’і Марыі, якой даручыў апеку над дзецьмі, хворымі і старымі.
У 1862 г. папа бл. Пій IX прызначыў Зыгмунта Шчэнснага варшаўскім мітрапалітам. Займаючы гэтую пасаду, Зыгмунт спрыяў выразнаму духоўнаму адраджэнню былой сталіцы Польшчы. Рэфармаваў семінарыю і духоўную акадэмію ў Варшаве, заснаваў прытулак для бедных дзяцей і папулярызаваў маёвае набажэнства ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1864 г., праслужыўшы менш за паўтара года арцыбіскупам, ён быў асуджаны царскімі ўладамі да высылкі ў Расію за тое, што ў сакавіку 1863 г. напісаў цару Аляксандру ІІ ліст у абарону Касцёла і народа. Таксама ў эміграцыі, у Яраславе на Волзе, ён паказаў прыклад глыбокай веры. Праз 20 гадоў ён быў вызвалены, але яму было забаронена вяртацца ў сваю архідыяцэзію. Ён пасяліўся ў Дзвінячцы (цяпер Украіна), дзе, нягледзячы на старасць і знясіленне ссылкай, пачаў працаваць сярод людзей.
Памёр у Арцыбіскупскім палацы ў Кракаве 17 верасня 1895 г. Арцыбіскуп Зыгмунт Шчэнсны Фелінскі быў беатыфікаваны 18 жніўня 2002 г. св. Янам Паўлам ІІ у Кракаве. Кананізацыю Зыгмунта Шчэнснага Фелінскага ў кастрычніку 2009 г. здзейсніў Папа Бэнэдыкт XVI.
Цела святога спачывае ў саборы св. Яна Хрысціцеля ў Варшаве.
У Беларусі сёстры францішканкі Сям’і Марыі служаць з 1990 года. На дадзены момант маюць два дамы – у Глыбокім і Варапаеве.
З нагоды 200-годдзя з дня нараджэння святога заснавальніка Кангрэгацыі сясцёр 17 верасня ў Глыбокім адбылася св. Імша, падчас якой маліліся праз заступніцтва св. Зыгмунта і ў інтэнцыях новых пакліканняў да гэтай манаскай супольнасці. Пасля Імшы вернікі маглі ўшанаваць рэліквіі святога, якія будуць выстаўленыя да пакланення на працягу месяца.