Прыгожы вынік дзяцей і моладзі на конкурсе "Зорка Бэтлеема"
- Падрабязнасці
- Апублікавана 05.01.2023 17:24
“Зорка Бэтлеема” – фестываль, які ў далёкім 2002 годзе першы раз адчыніў дзверы таленавітай моладзі. Гэтая моладзь прыязджала ў Мёры падзяліцца сваімі талентамі, каб праз спевы і вершы, праз танец і ігру на музычных інструментах праславіць Нованароджанага Збаўцу.
4 студзеня 2023 года адбыўся чарговы фестываль каляднай песні "Зорка Бэтлеема". З прывітальным словам да прысутных звярнуўся біскуп Алег Буткевіч, які, падкрэсліўшы важную ролю калядных спеваў у праслаўленні Збаўцы, пажадаў удзельнікам поспехаў у выступленні.
Пасля супольнай малітвы конкурсную праграму распачалі прадстаўнікі нашай парафіі, якія прадставілі конкурсную праграму ў розных намінацыях.
Найбольшае ўражанне на гледачоў і журы аказаў дуэт у складзе Веранікі Вавінскай і Мацвея Шаршунса, у выкананні якога прагучала песня "Авечкі, кароўкі". Па выніках выступлення дуэт адзначаны дыпломам І ступені ва ўзроставай катэгорыі "Дзеці". У намінацыі “Гурты” першае месца таксама атрымаў наш дзіцячы гурт, а Сіняўская Таццяна і Казачонак Ксенія атрымалі дыпломы трэцяй ступені ў сольнай намінацыі.
Журы адзначыла ўсіх удзельнікаў фестывалю дыпломамі, а арганізатары ўручылі падарункі. На завяршэнне свята біскуп Алег заўважыў: "Радуе, што ўзровень фестывалю з кожным годам узрастае і на "Зорцы Бэтлеема" пануе дух салідарнасці і ўзаемапаразумення."