Вялікі чацвер. Віншуем нашых пастыраў!

ostatnia weczerzaАпошняя вячэра

Збіраюцца ізноўку ля стала,
Звініць талерка, пахне свежым хлебам,
Стае ўсім у келіхах віна,
Што нават падзяліўся б і з суседам.

Сядае сонца зноўку за вакном,
І промень развітацца далятае,
Ён дакранаецца святлом і дом
У промнях далікатных патанае...

Слізгае промень цеплынёй агню,
Агарак свечкі ўжо паволі тае
І ціхі голас: Вы мае сябры, люблю
Вас моцна, заўсягды і абдымаю.

Бярыце хлеб, то Цела ёсць Маё,
і ешце, ды ідзіце ў людзі,
Раздайце ўсё, што маеце сваё,
І супакой Мой з вамі будзе.

Бярыце гэтае духмянае віно,
Бо гэта кроў Мая і з вамі лучнасць,
То піце, любыя, былі каб мы адно,
Перамаглі хлусню, двурушнасць.

Пануе дабрыня і цішыня,
Не кожны зразумеў растання,
Няхай пануе з намі цеплыня,
Якую захавайма да світання...

Бо невядома колькі будзе ноч,
І колькі хто каго ўначы той здрадзіць,
І колькі пойдзе Праўды наўзбоч,
І колькі шчэ судоў з нявінных зладзяць.

Ды покуль цішыня і дабрыня,
І пахне моцна жытнім нашым хлебам,
Пабудзем падаўжэй ля алтара,
Каб кожны з нас адчуў Любоў і зведаў!

Аксана Ючкавіч
2023г.

Дзякуем дарагім сябрам Хрыста - нашым святарам Мікалаю, Алегу, Эдварду, якія цеплыню і дабрыню гэтай Апошняй Вячэры дапамагаюць перажываць нам штодня. А перажываючы Апошнюю Вячэру, сілкавацца Любоўю, якае дае сілы і надзеі вытрываць да канца і перамагчы зло! А нашым семінарыстам Антону, Станіславу і Аляксандру жадаем вытрымкі на Божым шляху паклікання!