Легіянеры аднавілі прысягу на вернасць Марыі

legion 0922 красавіка ў касцёле Святой Тройцы ў Глыбокім адбыўся ўрачысты штогадовы сход легіянераў Марыі Глыбоцкай курыі — Acies. «Acies» — гэта асабістае і калектыўнае пацвярджэнне адзінству вернасці Легіёну.

На сустрэчу прыехалі легіянеры з Дзеркаўшчыны, Дунілавіч і Верхнядзвінска разам з кс. Аляксандрам Грыцкевічам.

Святую Імшу цэлебраваў кс. канонік Валерый Орсік, пробашч Дзеркаўшчынскай парафіі, які з’яўляецца духоўным кіраўніком “воінаў Марыі” Глыбоцкай курыі. Падчас гаміліі святар звярнуў увагу на важнасць адданасці сябе Марыі, Езусу і Касцёлу.

Падчас Эўхарыстыі адбылося аднаўленне прысягі на вернасць Каралеве Легіёну. Кожны легіянер, актыўны і дапаможны, падыходзіў да алтара і, паклаўшы руку на драўляны штандар, гучна прамаўляў асабістае прысвячэнне: «Я цалкам духам Твой, Каралева і Маці мая, і ўсё, што я маю, належыць Табе».

Потым глыбоцкія вернікі запрасілі ўсіх прысутных у парафіяльны дом на пачастунак і супольны час прабывання разам, дзе была магчымасць абмеркаваць справы і падзяліцца вопытам сваёй місійнай дзейнасці. Такія сустрэчы ўзбагачаюць духоўна, а таксама дадаюць імпульс на далейшае служэнне Богу i людзям. Тады сапраўды адчуваеш сябе Марыйным жаўнерам i памятаеш, што ты не адзiн.

legion 15

Фота кс. Алега Зямчонка