Святая Імша падзякі за 11 год школьнага жыцця
- Падрабязнасці
- Апублікавана 07.05.2023 17:56
У апошнія дні навучання ў школе і перад выпускнымі экзаменамі, якія ў гэтым годзе распачнуцца праз тыдзень, 6 мая выпускнікі разам са сваімі настаўнікамі, бацькамі, бабулямі і дзядулямі наведалі парафіяльную святыню, каб разам дзякаваць Богу за час навучання, за ўсіх, хто на працягу адзінаццаці гадоў дапамагаў узрастаць духоўна і інтэлектуальна, а таксама прасіць Святога Духа аб дапамозе на далейшым, ужо самастойным шляху.
Шматлікія школьнікі і бацькі прыступілі да сакраманту пакаяння, каб ачысціць свае сэрцы і паяднацца з Госпадам.
Урачыстую Імшу ў інтэнцыі выпускнікоў цэлебраваў пробашч парафіі ксёндз Мікалай Ціхановіч.
У гаміліі святар проста па-айцоўску пажадаў выпускнікам, каб не загубілі свайго сэрца, душы, свайго “я” ў мітуслівым і шалёным рытме гэтага свету, а заўсёды памяталі, што кожны з нас – Божае дзіця. “Не імкніцеся да лёгкага, камфортнага жыцця, не бойцеся жыццёвых цяжкасцяў і трымайцеся сапраўднай любові”, — падкрэсліў пробашч.
Таксама кс. Мікалай звярнуўся да бацькоў: “Хачу вас папрасіць — любіце і будзьце побач! Перастаньце імі камандаваць, нейкія накірункі даваць, калі яны не пытаюцца. І не асуджайце ніколі, калі дзеці будуць памыляцца. Успомніце сябе ў іх гадах і ўсё будзе зразумела. Толькі не рабіце тых самых памылак, проста любіце і падтрымлівайце”.
Пасля адмысловага бласлаўлення выпускнікам, са словамі падзякі святарам за малітву і сёстрам законным духоўнае выхаванне звярнуліся Яўген Далгалёў ад імя выпускнікоў і Андрэй Шаршнёў ад імя бацькоў.
На тварах выпускнікоў былі ўсмешкі, бо ведаюць, што не толькі распачынаюць самастойнае жыццё без таты і мамы, але ўжо даверылі сваю будучыню Міласэрнаму Нябеснаму Айцу.
P.S. Жадаем усім нашым выпускнікам, каб ішлі па жыцці з Богам у сэрцы, памяталі пра Яго любоў і гэту сапраўдную Любоў неслі іншым. Каб ніколі не забывалі пра настаўнікаў, сваіх школьных сяброў і заўсёды, прыязджаючы да бацькоў, наведвалі нашую святыню.
Больш фота па спасылцы>>