Новы этап у сваім жыцці выпускнікі распачалі супольнай малітвай
- Падрабязнасці
- Апублікавана 25.05.2024 22:30
25 мая ў нашай парафіі адбылася святая Імша ў інтэнцыі выпускнікоў. Адзінаццацікласнікі сабраліся ў святыні перад алтаром Пана, каб прасіць бласлаўлення на новы этап у сваім жыцці.
Падчас казання кс. Яўген Шымановіч папярэдзіў, што кожнага ў жыцці чакаюць выпрабаванні, але варта прыняць сябе і палюбіць. І заўсёды памятаць, што ёсць Айцец, Які ў нябёсах і Які любіць кожнага з нас такімі, якімі мы ёсць. Святар падзяліўся сваім першапачатковым жыццёвым выбарам і адносінамі з бацькамі, але падкрэсліў, што заўсёды трэба слухаць голас Айца.
Пасля адбыўся прыгожы і кранальны момант. Кс. Яўген прапанаваў бацькам разам памаліцца за дзяцей і блаславіць на наступны этап іх жыцця, паўтараючы словы малітвы за святаром.
"...Любы сын/дачушка, я бласлаўляю тваю вучобу, я бласлаўляю твае захапленні і хобі, я бласлаўляю тваіх сяброў, калег, усіх, хто цябе акружае. Няхай Езус дасць ім дабро і міласэрнасць, святло і мір, няхай зло не разбурае іх жыццё. Мой сын/мая дачушка, я давяраю цябе ў Беззаганнае Сэрца Марыі і бласлаўляю цябе."