“Праз Сэрца Марыі да Сэрца Езуса”. Адбылася 19 пешая пілігрымка з Глыбокага ў Будслаў
- Падрабязнасці
- Апублікавана 15.07.2024 21:56
Цёплым ліпеньскім днём каля касцёла Святой Тройцы ў Глыбокім было шматлюдна. Гэта вернікі парафіі, а таксама госці вырушалі ў пешую пілігрымку да Маці Божай Будслаўскай.
За тры дні 145 пілігрымаў пераадолелі шлях у 60 кіламетраў. Разам са свецкімі вернікамі крочылі іх душпастыры: ксёндз Іван Кароткін з Лужкоў – кіраўнік пілігрымкі, ксёндз Дзмітрый Рацько з Празарок, ксёндз Валеры Орсік з Дзеркаўшчыны, семінарысты: Ян, Антоній, Аляксандр і Станіслаў, а таксама сёстры францішканкі Сям’і Марыі: Ганна і Валянціна.
Духоўныя асобы дапамагалі ствараць неверагодна глыбокую, цёплую, атмасферу падчас шляху. Для кожнага знайшлося сваё асаблівае месца паслугі. Святары служылі падчас святой Імшы, прамаўлялі казанні, спавядалі. Духоўны кіраўнік падчас канферэнцый разважаў пра асобу Найсвяцейшай Панны Марыі, пра тое, што такое Божая Воля і як веруючы хрысціянін спаўняе яе ў сваім жыцці. Сёстры законныя апекаваліся дзецьмі і збіралі іх на ружанцовую малітву. Дарэчы, апроч традыцыйнага ружанца і Вяночка да Божай Міласэрнасці пілігрымы маліліся літаніяй да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі. Праводзілі малітву семінарысты.
Увогуле, пілігрымка – гэта час, калі людзі, аб’ядноўваюцца ў адну вялікую сям’ю, дзе кожны важны і кожны дапамагае як умее: нясе тубу і сцягі, хтосьці – у рэгуляванні руху, хтосьці спявае і іграе на музычных інструментах, а хтосьці разгружае рэчы. Дарэчы, падзяліцца ўсмешкай ці добрым словам – гэта таксама важнае пілігрымковае служэнне.
Пілігрымка з Глыбокага ў Будслаў мае шматгадовую гісторыю і ўжо свае добрыя традыцыі. Так, увечары першага дня, у касцёле ў Дзеркаўшчыне адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту з малітвай праслаўлення. А ў Сітцах, куды пілігрымы спыніліся на начлег у другі дзень, прайшоў вясёлы вечар з танцамі.
У трэці дзень пераадолеўшы спёку і моцны лівень, пілігрымы кленчылі перад абразом Маці Божай у Будслаўскай Святыні, давяралі сэрцы, прадстаўляючы інтэнцыі, дзяліліся сваімі радасцямі і цяжкасцямі. Кожны ведаў – Маці Божая прытуліць да свайго Сэрца і прывядзе да Сэрца Наймілейшага Сына.
Вікторыя Філіпенка, тэкст
Пілігрымы, фота
Больш фота па спасылцы >>