“Сапраўдныя сябры Езуса Хрыста”. Урачыстасць І святой Камуніі ў нашай парафіі
- Падрабязнасці
- Апублікавана 26.05.2025 20:52
Нядзельным майскім ранкам 25 мая на падворку ля касцёла Святой Тройцы было асабліва шматлюдна і па-святочнаму мітусліва. Асаблівую ўвагу звярталі на сябе 32 хлопчыкі і дзяўчынкі ў белых альбах. Сёння для іх быў незвычайны дзень: першы раз у сваім жыцці яны будуць прымаць Езуса Хрыста ў Эўхарыстыі.
Напачатку літургіі пробашч парафіі ксёндз-канонік Мікалай Ціхановіч прывітаў дзяцей, а потым мамы і таты блаславілі сваіх сыноў і дачок і разам крочылі ў храм.
Трэба адзначыць, што маленькія вернікі прымалі ўдзел у літургіі Слова: чыталі чытанні і спявалі псальм.
Падчас казання святар з асаблівымі словамі звярнуўся да бацькоў. Ён прапанаваў засяродзіцца над словамі Евангелля паводле Яна “Няхай не трывожыцца сэрца вашае і не баіцца (Ян 14, 23)”. “Каб не баяцца за сваіх дзяцей, вам трэба мець моцную веру, умацоўваць яе праз пастаянны ўдзел у сакрамантальным жыцці. Бацькам варта штодня задаваць сабе пытанне: “Ці жыве Бог у нашым доме?””
Дзецям ксёндз Мікалай пажадаў захаваць радасць сённяшняга дня праз усё жыццё, каб сустрэча з Езусам у Святой Камуніі была не абавязкам, а прагненнем сэрца.

Пасля гаміліі дзеці з запаленымі ад Пасхалу свечкамі і ўсе прысутныя аднавілі абяцанні хросту.
Далей бацькі чыталі малітву верных, а парафіяльная сям’я падтрымлівала іх спевам “Пачуй, о Госпадзе, малітву маю”.
Распачалася працэсія з драмі, у якой маленькія парафіяне апроч традыцыйных гостыі, вады і віна прынеслі асаблівыя дары сваіх сэрцаў.
Кульмінацыяй урачыстасці стала прыняцце Святой Камуніі. З радасцю і хваляваннем кожны з 32 дзяцей падыходзіў да белага кленчніка і прымаў Езуса да свайго сэрца ў постаці хлеба і віна.
Пасля блаславення гучала шмат добрых слоў узаемнай падзякі ад ксяндза Мікалая, сястры Людмілы, дзяцей і іх бацькоў.

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Марына Сінкевіч, фота


















































