Вялікі Тыдзень. Чаму “Вялікі”?

  • Друкаваць

wialikitydzenj

Вялікі Тыдзень – гэта час перад Уваскрасеннем Хрыста, які ўваходзіў у літургію паступова.

Спачатку пост перад Вялікаднем доўжыўся ўсяго 3 дні. З часам быў уведзены перыяд 40-дзённага посту, а Вялікі Тыдзень атрымаў асаблівае значэнне. Сярод падзей Вялікага Тыдня трэба адзначыць трыумфальны ўезд Езуса ў Ерузалем у Пальмовую нядзелю, апошнія дыскусіі Хрыста з Сынедрыёнам у святыні, прароцтва Збаўцы пра разбурэнне Ерузалема і пра канец свету, Апошняя Вячэра і Мука Пана, і, нарэшце, поўнае хвалы Уваскрасенне. Літургічныя абрады ў гэтыя дні так скампанаваны, каб як найлепей адлюстраваць падзеі, непасрэдна звязаныя з таямніцай адкуплення роду чалавечага, каб заахвоціць да разважанняў і вялікай падзякі, каб прывесці да прымірэння з Богам у сакраманце пакаяння, аднавіць у Касцёле першапачатковую стараннасць у служэнні Богу. Тыдзень мае такі высокі ранг у літургіі Касцёла, што не дапускае ў гэты час нават святкавання ўрачыстасцяў. Калі б такія былі ў Вялікім Тыдні, яны адкладаюцца на час пасля Вялікадня і пасля яго актавы (напрыклад, урачыстасць Звеставання Пана).

Тыдзень адкрывае Пальмовая нядзеля (Вербная нядзеля). Назва гэтага дня паходзіць ад уведзенага ў ХІ ст. звычаю асвячэння пальм. Літургія ўспамінае ўрачысты ўезд Езуса ў Ерузалем, які непасрэдна папярэднічае Яго пакутам і смерці на крыжы. Натоўп вітаў Збаўцу з пальмавымі галінкамі ў руках, сцяліў на дарозе свае плашчы і крычаў: «Гасанна Сыну Давідаваму». Пра ўрачысты ўезд Езуса ў Ерузалем напісана ва ўсіх чатырох Евангеллях. Гэта сведчыць аб тым, якое вялікае значэнне надаюць евангелісты менавіта гэтай падзеі з жыцця Божага Сына.

Літургія Вербнай нядзелі падзеленая між двума важнымі момантамі: радаснай працэсіяй з пальмамі і чытаннем Евангелля пра Муку Панскую паводле аднаго з евангелістаў: Мацвея, Марка або Лукі (Муку Пана паводле Яна чытаюць падчас літургіі Вялікай Пятніцы). Касцёл такім чынам падкрэслівае, што перамога Хрыста і Яго Ахвяра непарыўна звязаныя паміж сабой.

Больш урачысты, чым звычайна, пачатак Эўхарыстыі мае сваю шматвяковую гісторыю. У Ерузалеме ўжо ў IV ст. патрыярх садзіўся вярхом на асліцы і акружаны радасным натоўпам з’язджаў з Аліўнай Гары ў горад. Гэты звычай увайшоў у практыку на Захадзе ў V і VI стагоддзі. Асвячэнне ж пальм уведзена ў літургію толькі ў XI стагоддзі. Да рэформы 1955 г. існаваў звычай, калі святар у Вербную нядзелю станавіўся перад касцёлам, а брамы святыні закрываліся. Святар удараў тры разы крыжам па браме і толькі тады яна адчынялася і цэлебрант разам з вернікамі ўрачыстай працэсіяй уваходзілі ў касцёл, каб удзельнічаць у св. Імшы. Гэты сімвал павінен быў нагадаць аб тым, што закрытыя брамы Неба адкрыліся з дапамогай крыжовай смерці Хрыста.

У цяперашні час святар у Вербную нядзелю не апранае фіялетавы арнат, як гэта было прынята раней, але чырвоны; працэсія ж мае трыумфальны характар. Хрыстус уваходзіць у святы горад, як Валадар і Пан, а жыхары Ерузалема пры гэтым ўрачыста Яго вітаюць. Такім чынам Касцёл хоча падкрэсліць, што калі Езус праз некалькі дзён будзе жорстка катаваны, Ён усё роўна ніколі не пазбавіцца сваёй каралеўскай велічы і права на ўладу. Дзякуючы сваім крыжовым пакутам і смерці гэта права толькі ўмацуе. Каралеўскую годнасць Хрыста падкрэсліваюць і песні, якія спяваюцца падчас асвячэння пальм і працэсіі.

У XI ст. з’явіўся звычай асвячэння пальм. Вернікі захоўваюць іх на працягу ўсяго года, а перад Вялікім постам прыносяць у касцёл, дзе іх паляць. Атрыманым попелам пасыпаюцца нашы галовы ў Папяльцовую Сераду.

Працэсія з пальмамі з аднаго боку прыпамінае нам падзеі векавой даўнасці, а з другога – з’яўляецца сведчаннем таго, што і мы крочым разам з Езусам да ахвяры. Такім чынам, абвясціўшы Хрыста сваім Валадаром, мы згаджаемся на тое, што і наш шлях да Айца праходзіць праз крыж.

Панядзелак, аўторак і серада Вялікага Тыдня (дні, якія асабліва прысвечаны сакрамэнту пакаяння) не адрозніваюцца нічым, калі гаворка ідзе пра літургію.

Ад Вялікага Панядзелка да Вялікай Серады ўключна Езус днём знаходзіўся ў Ерузалеме, навучаючы ў святыні, а начаваць хадзіў у Бэтанію (3 км. ад горада). Верагодна, начлег Яму і Яго вучням даваў Лазар у сваім доме ў знак падзякі за нядаўнае ўваскрашэнне яго з магілы.

У Вялікі Панядзелак Езус, убачыўшы, што дрэва фігавае не прыносіць пладоў, а мае толькі лісце — высушыў яго, а прышоўшы ў святыню, выгнаў адтуль гандляроў.

У Вялікі Аўторак Езус праводзіў гарачыя дыскусіі з першасвятарамі і старшынямі народу, якія закончыліся шматразовым “гора вам…”, сказаным у адрас сваіх зацвярдзелых ворагаў. У эсхаталагічнай прамове прадказваў разбурэнне Ерузалема і канец свету, а таксама Сваё паўторнае прыйсце ў хвале. У прыповесцях пра вернага і растропнага слугу, пра разумных і неразумных паннаў, пра таленты заклікаў да чування.

Вялікая Серада набліжае нас непасрэдна да падзей Пасхальнага Трыдууму. Сынедрыён на тайнай нарадзе вырашыў любой цаной забіць Езуса. Юда Іскарыёт за 30 сярэбранікаў згаджаецца дапамагчы Вялікай Радзе. Абяцае, што будзе сачыць за Езусам, і калі той застанецца адзін, дасць знаць, каб можна было Яго схапіць.

Вяршыняй літургічнага года і Вялікага Тыдня з’яўляецца Святы Пасхальны Трыдуум Мукі і Уваскрашэння Пана. Ён уключае ў сябе літургію Імшы Апошняй Вячэры ўвечары ў Вялікі Чацвер, літургію Мукі Пана ў Вялікую Пятніцу і самую ўрачыстую, самую прыгожую з усіх літургій у Касцёле – Вігілію Пасхальную, якая распачынаецца пасля наступлення цемнаты ў Вялікую Суботу — у Вялікую Ноч. Заканчваецца Святы Пасхальны Трыдуум увечары ў Нядзелю Уваскрасення.