Эўтаназія, Касцёл і грамадства

  • Друкаваць

     У сённяшнім свеце разам з развіццём новых тэхналогій, прагрэсам медыцынскіх і іншых навук перад грамадствам ставяцца новыя выклікі. Усё часцей гучаць бурныя дыскусіі на тэму зачацця in vitro, кланавання і г.д... Спецыялісты з розных галін імкнуцца даць сваю ацэнку гэтым з’явам, у тым ліку і філосафы, тэолагі, спецыялісты па этыцы і грамадазнаўству, а таксама сацыёлагі. Не застаецца ў баку і праблема эўтаназіі. Гэтая з’ява мае як вялікую колькасць прыхільнікаў, так і не меншую колькасць супраціўнікаў. Дзеля абароны ці абвяржэння эўтаназіі прыводзяцца розныя доказы і погляды. Як жа Каталіцкі Касцёл глядзіць на пытанне цярпення, невылечнай хваробы і эўтаназіі, якая мае з гэтымі фактарамі непасрэдную сувязь?

 

Што такое эўтаназія?

     На пачатку варта зрабіць азначэнне, што ж такое эўтаназія з пункту гледжання Касцёла? Св. Айцец Ян Павел ІІ ў энцыкліцы “Evangelium vitae” сцвярджае, што пад эўтаназіяй неабходна разумець “чын ці занядбанне, якія па сваёй прыродзе ці ў інтэнцыі таго, хто дзейнічае, выклікаюць смерць з мэтаю ліквідацыі ўсялякага цярпення”.  Эўтаназія можа быць актыўнай ці пасіўнай, дабравольнай і недабравольнай, можа быць актам свядомым і несвядомым, як, напрыклад, у выпадку людзей з псіхічнай адсталасцю. Гаворачы пра так званую “добрую смерць”, варта заўважыць, што спосабы, якімі яна дасягаецца, таксама могуць быць розныя. Напрыклад, недаванне ежы хвораму, які не ўстане сам есці, альбо ўводзіны ў кроў субстанцыі-атруты ці проста абмежаванне лячэння альбо рэанімацыі. Тут дарэчы было б успомніць пра “настойлівую тэрапію”, ад якой Касцёл аўтарытэтна дазваляе адмаўляцца, калі медыцынскае ўмяшальніцтва перастае быць адэкватным рэальнай сітуацыі хворага, бо ўжо несуразмернае вынікам, якія можна было б чакаць і вельмі цяжкае для самога хворага і яго сям’і. Такую сітуацыю нельга раўняць з эўтаназіяй, бо мэтай і інтэнцыяй такіх захадаў не з’яўляецца сама смерць, а аблягчэнне памірання, якое няўхільнае.

 

“Міласэрная смерць”

     Вельмі часта прыхільнікі эўтаназіі ў якасці доказу на ейную рацыянальнасць прыводзяць свае разважанні наконт міласэрнай смерці. Маўляў, гэта святая справа аблегчыць чалавеку цярпенне. Усё слушна. Але ці такім метадам? Навуцы невядомы апарат, якім можна было б змераць стан цярпення, болю фізічнага ці душэўнага. Такім чынам, у нас няма аніякай упэўненасці, што цярпенне канкрэтнага чалавека дастатковае, каб яго забіць. Кожны з нас ведае, што, перажываючы боль, чалавек знаходзіцца ў большым ці меншым шоку. Таму ягоныя рашэнні ў такім стане аніяк нельга назваць дабравольнымі. Калі такому чалавеку суцішыць боль (нават моцнымі наркатычнымі сродкамі, што дазваляецца Касцёлам), то ён, напэўна, інакш гляне на пытанне эўтаназіі.  А калі прымусова забіваць дзеля міласэрнасці, то ці не нагадвае гэта нечым прымусовую смерць у канцэнтрацыйных лагерах?

     Хворы чалавек патрабуе належнай апекі і догляду, тым больш чалавек, прыкаваны да ложка. Добрай практыкай у гэтым пытанні з’яўляюцца хоспісы – установы, дзе чалавек у цяжкім стане атулены медыцынскай і духоўнай апекай. На вялікі жаль, сённяшнія беларускія дамы-інтэрнаты для састарэлых і інвалідаў не ў стане зябяспечыць цяжка хворым і паміраючым людзям міласэрную смерць у яе хрысціянскім сэнсе. Канешне, у іх вядзецца належная праца, каб забяспечыць годнае жыццё састарэлым людзям, але там няма інфраструктуры і прафесійных кадраў для паліятыўнай апекі.

 

 Эканамічная выгода

     Прыхільнікі эўтаназіі часта ўжываюць эканамічны аргумент на карысць эўтаназіі. Сапраўды, медыцынская апека патрабуе фінансаў з бюджэту краіны. І догляд за невылечна хворым чалавекам ускосна кладецца на плечы усіх падаткаплацельшчыкаў. А цяпер пытанне. Ці гэты хворы, скручаны цярпеннем чалавек, не працаваў, у сваю чаргу, будучы маладым і здаровым, на карысць усяго грамадства? Ці не дзякуючы яго працы маглі раней праводзіцца складаныя аперацыі, весціся доследы для вытворчасці новых і лепшых лекаў? То чаму ж ён не мае права сёння карыстацца паліятыўнай апекай і адчуваць пільны нагляд за сваім цялесным і духоўным здароўем з боку медперсаналу і духавенства? Пагэтаму кожная дзяржава павінна браць на сябе абавязак клопату аб сваіх нямоглых грамадзянах і свята яго выконваць.

     Кажучы пра эканоміку ў кантэксце жыцця і смерці, варта заўважыць, што ніякі эканамічны поспех не можа быць дасягнуты і ўтрыманы коштам скарачэння насельніцтва. На першым этапе гэта,магчыма, і дае нейкія пазітыўныя вынікі. Але ўрэшце такая эканамічная палітыка вядзе да крызісу. Можна сёння назіраць заклапочанасць Кітая па прычыне колькаснага дысбалансу паміж маладым і старэйшым пакаленнем. Значная частка Еўропы даўно ўжо падтрымлівае свой малады патэнцыял іміграцыяй. Любая эканоміка патрабуе інвестыцый. Ці замежных, ці ўнутраных. Пагэтаму чалавецтву сёння патрэбна інвестыцыя ў жыццё. Беларусь тут не выключэнне. Нашмат больш эканамічна выгадна павялічваць насельніцтва коштам забароны абортаў і матэрыяльнай падтрымкай маладых сем’яў, чым забойствам ненароджаных яшчэ ці састарэлых грамадзянаў.

 

Свабоднае рабства

     У дыскусіях прыхільнікі эўтаназіі падкрэсліваюць права чалавека да свабоднага выбару. Што ж, любое выданне Каталіцкага Катэхізіса пацвердзіць, што свабода – каштоўны дар Бога чалавеку. Але вось разуменне гэтай свабоды адрозніваецца ад таго, што прапануюць прыхільнікі эўтаназіі. У свеце даволі пашыраная думка (і ўвесь час яна прапагандуецца ў СМІ), што свабода – гэта рэалізацыя любога жадання чалавека. Гэткі прынцып “усё дазволена”. Касцёл жа навучае, што сапраўдная свабода – гэта свабода ад зла. Бо зло – гэта недахоп дабра, гэта свайго роду прафанацыя і дэфармацыя дабра. Чалавек свабодны толькі тады, калі ён не звязаны злом, калі выбірае дабро. Ці можна назваць свабодным выбар алкаголіка, які прадае апошняе, каб купіць бутэльку гарэлкі? З пункту гледжання свецкага ліберальнага светапогляду – так. Бо ён гэтага хоча. Ягоная воля так падказвае. Але Касцёл тут скажа з упэўненасцю, што такі чалавек несвабодны. Ён – раб сваёй дрэннай звычкі, сваёй хваробы. А ягоная воля хворая. Тут мы бачым, што нельга праз наяўнасць адной свабоднай волі меркаваць аб свабодзе чалавека. У свеце, у космасе павінны быць рэчы, якія пераўзыходзяць нашую волю сваёй адвечнасцю, сваім даўно закладзеным мудрым парадкам. Менавіта дзякуючы гэтаму трансцэндэнтнаму маральнаму парадку мы ведаем з дзяцінства, што забойства – гэта зло, што кожны мае права на жыццё. І гэта не мы самі ўстанавілі такі парадак. Ён быў нашмат раней за нас. Пагэтаму, гаворачы пра пытанне жыцця і смерці, нельга грунтаваць свае ідэі толькі на існаванні нашай волі. Ёсць вышэйшы парадак, які ад нас не залежыць, бо не мы ягоныя аўтары. Хтосьці можа называць гэта парадак Божым, хтосьці касмічным, прыродным ці яшчэ як. Але ісціна тут адна: жыццё і смерць – не чалавечае вынаходніцтва. У іх – іншы Аўтар.

 

Ці эўтаназія спрадвечная?

     Прыходзіцца таксама сустракацца з меркаваннем, што эўтаназія - не новая, але проста забытая і цяпер адраджальная з’ява. Быццам бы гэта 19-вяковы гуманізм са сваімі дэкларацыямі пра ахову жыцця ўсё сапсаваў. А раней нашыя продкі сотні, тысячы год назад са старымі і нямоглымі людзьмі не цырымоніліся. Проста вывозілі іх далёка ў лес і пакідалі.  Але тут не дазваляе пагадзіцца з такім выказваннем простая логіка і элементарнае веданне гісторыі. Дзеля выжывання дагістарычнага роду патрэбна была не смерць старых людзей, а іхняе жыццё. Хоць бы для таго, каб сцерагчы агонь ці наглядаць за парадкам, пакуль маладыя і дарослыя дзесьці на паляванні. Зрэшты, колькі было гэтых састарэлых у племені, калі, на думку многіх археолагаў, жыццё чалавека ў дагістарычныя часы абрывалася пасля 30 год? Ды і хто мог бы гадаваць малых, так патрэбных для будучыні роду, калі ўсе старэйшыя мелі свае абавязкі: хто паляванне, хто збіральніцтва?

 

Годнасць асобы і цярпенне

     Прыхільнікі эўтаназіі часта кажуць пра годную смерць, намякаючы, што нашмат больш годнай рэччу ёсць самога сябе забіць ці пагадзіцца на смерць, чым зацята трымацца жыцця нават у цярпенні. Спрабуюць пры гэтым зрабіць залежнай годнасць чалавека ад навакольных умоваў і асяроддзя. Узнікае лагічнае меркаванне, што цярпенне, хвароба прыніжае чалавека, нішчыць ягоную каштоўнасць быць чалавекам. Адсюль і вынік – смерць у постаці эўтаназіі робіць чалавека шляхетным, узвышаным. Але такое мысленне ніяк не ставіцца ўпоравень з фактамі геройскага і ахвярнага жыцця многіх людзей у перыяд Другой сусветнай вайны і пасля яе. Мільёны людзей цярпелі невымоўныя мукі на фронце і па абодвух баках яго. Яны галадалі, мучаліся ад холаду і хвароб, іх палілі і прымушалі цяжка працаваць у канцлагерах, пазней многія з іх страшна пакутавалі пасля вайны ад ранаў. Ці гэтае цярпенне ставіць пад пытанне іхнюю годнасць? Не. Бо чалавечая годнасць не залежыць ад знешніх абставінаў. Ён можа паступаць шляхетна нават тады, калі ўмовы навокал жывёльныя. Каб перамагчы цярпенне, якое, канешне ж, аб’ектыўна ёсць нейкае зло, то трэба не забіваць чалавека, які церпіць, а змяніць умовы, з-за якіх ён церпіць. Калі гэта хвароба – трэба стварыць умовы апекі і лячэння, калі гэта вынік трагічнага выпадку – трэба паклапаціцца аб належным доглядзе накшталт хоспісу і г.д...

 

Дабро і зло

     Адметнасцю нашага часу з’яўляецца своеасаблівая мяшанка дабра і зла. А больш дакладна – іхняя сузаменнасць. У многіх пытаннях, што тычацца маральнага жыцця, распаўсюджваецца думка, што дабро можа аднойчы стацца злом і наадварот. Калі жанчына зацяжарала і гэты стан пагражае ейнай кар’еры, то многія скажуць, што цяжарнасць для яе – зло. А вось, калі яна заробіць сабе нарэшце на ўтульны дом, атрымае ступень доктара ў навуцы і ўсеагульнае прызнанне – то самы раз нарадзіць дзіця. Тады ўжо гэта – дабро. Каталіцкі Касцёл нязменна навучае, што паняцці дабра і зла абсалютна адрозныя і нязменныя. Сапраўды, свежы хлеб нам больш да густу, чым счарсцвелы, бо ён добры. І ніхто не збіраецца піць ваду проста з мора, бо яна пашкодзіць здароўе. Што тут казаць ужо пра пытанне жыцця і смерці! Нельга назваць дабром наўмыснае забойства другога чалавека. Не важна, што ідзе тут размова пра аборт ці пра эўтаназію.

 

Маральная абыякавасць

     Паўсюдная прапаганда ліберальнага светапогляду, называнне зла дабром прыводзяць да маральнай абыякавасці людзей. Гэтая абыякавасць асабліва бачна ў тых, каго не кранае сёння стан вялікага цярпення. Магчыма, пагэтаму больш прыхільнікаў эўтаназіі сярод людзей малодшага і сярэдняга ўзросту. Сапраўды, лёгка вырашаць лёс іншага чалавека, які далёка ад цябе і прыкаваны да ложка. Але ж, калі цярпенне кранае асабіста мяне ці кагосьці з блізкіх, тут меркаванні, напэўна, мяняюцца. Усеагульнай абыякавасці да цярпення і смерці спрыяе паўсюдная рэклама гэтых з’яваў. Кожны дзень з тэлевізараў ліюцца патокі навінаў пра выбухі, гвалт, забойствы. І нават у дзіцячым узросце гэта напаўняе значную частку жыцця чалавека. Гэта і мультфільмы, дзе больш дыму ад бомбаў, чым кветак ці звяроў у лесе, гэта і камп'ютэрныя гульні ,дзе, каб перамагчы, трэба расстраляць усё жывое, бо кожны рух – падазроны, кожны герой гульні – твой вораг, якога трэба забіць. Наш свет тоне ў агрэсіі. Выратаванне ад усяго гэтага – толькі ў сціслай акцэптацыі Божых запаведзяў.

 

Права на жыццё

     Каталіцкае сацыяльнае навучанне першым і асноўным правам чалавека называе права на жыццё.  Гэтае права мае кожны чалавек незалежна ад стану свайго здароўя, узросту, адукацыі і сацыяльнага становішча. Права на жыццё прадыктавана таксама Натуральным Законам, які прамаўляў да чалавека ў дахрысціянскія часы. Таму гэтае права абазначае для кожнага з нас – вернікаў ці атэістаў - святы абавязак сцерагчы і абараняць жыццё іншага. Толькі тады нашаму ўласнаму жыццю будзе гарантавана бяспека. Асаблівую адказнасць у гэтым пытанні нясуць медыкі, якія складаюць клятву Гіпакрата не нашкодзіць здароўю і жыццю чалавека, і прадстаўнікі заканадаўчай улады. Гэта ад іх залежыць прыняцце справядлівых чалавечных законаў. Адказнасць перад Богам і перад нашчадкамі нясе таксама кожны грамадзянін сваёй краіны. Бо толькі ад нас залежыць і канкрэтнае рашэнне адносна жыцця аднаго чалавека і адносна многіх у выпадку рэферэндумаў па пытанням абортаў і эўтаназіі.

 

Вечнае жыццё

     Жыццё чалавека мерыцца некалькімі дзесяцігоддзямі. Гэта вельмі мала ў параўнанні з вечнасцю. Навошта набліжаць смерць, калі яна вораг чалавека? Трэба сваім жыццём паказаць сэнс вечнасці. Хрыстус, Божы Сын, страшна цярпеў на крыжы, дабравольна нас адкупляючы. Тым самым паказаў схаваны Боскі сэнс у цярпенні. Яго можна адшукаць толькі тады, калі маеш веру і гарачае жаданне жыць паводле яе. Хрыстовая смерць не была паражэннем, бо не была самазабойствам. Была ахвярай любові. Больш таго, Езус уваскрос, каб нас увесці ў Боскае, вечнае жыццё. Кожнаму з нас пад сілу ў гэтым прыпадобніцца да Хрыста. Канешне, з Яго дапамогай, але мы таксама можам і павінны цярпець дзеля кагосьці, ахвяраваць дзеля кагосьці, памерці дзеля кагосьці, каб жыць вечна дзеля Бога і ўсіх людзей.