Культавая архітэктура Глыбоччыны

     Гісторыя г. Глыбокае ў перыяд Х—XVІ стст. раней амаль не была вядома. Першыя  пісьмовыя звесткі аб Глыбокім датуюцца 1514 г. Укажам на тое, што ў канцы XIV ст. у даравальнай грамаце полацкага князя Андрэя Альгердавіча сяло Семянцова геаграфічна прывязваецца да Беразвечы, а не да Глыбокага, якое знаходзіцца побач (Полоцкие грамоты, 1977). У Полацкай рэвізіі, датаванай 1552 годам, з назвай Глыбокае звязваецца аднайменнае сяло, у якім некалькі сем’яў належалі да манастыра Св. Спаса ў Полацку (Полоцкая ревизия, 1905). Не зусім зразумела, што ўяўляла Глыбокае паводле пазнейшых звестак, калі ў крыніцах было адзначана, што рускія войскі ў 1564 годзе “паваявалі” – і Глыбокае з’явілася (Полное собрание,1965). З пісьмовых крыніц не вынікае значэння Глыбокага як мікрарэгіянальнага цэнтра, не даецца яго агульных памераў. Разам з тым, пры рэканструкцыі межаў Полацкага павета М.М. Аглобліным, на аснове Пісцовых кніг 2-й паловы XVI ст., вылучаецца Глыбоцкая воласць. Гэта можа ўказваць на важнае значэнне і істотныя памеры Глыбокага як населенага пункта не толькі ў гэты час, але і раней. Да 2005 г. Глыбокае не мела археалагічнага вывучэння. Гэта звязана, у першую чаргу, з тым, што вывучалася ваколіца Глыбокага, асабліва курганныя могільнікі. Асобныя даследаванні датычыліся архітэктурных помнікаў Глыбокага.

     У сваёй працы я зрабіў кароткае архітэктурнае апісанне найбольш вядомых і прыгожых храмаў (у асноўным каталіцкіх храмаў) Глыбоччыны. Нагадаў некаторыя старонкі гісторыі нашай мясцовасці.

     Мэтай працы стаўлю задачу паведаміць аб культурнай і духоўнай каштоўнасці некаторых культавых помнікаў архітэктуры Глыбоччыны, якія трэба захоўваць і аднаўляць, бо кожны з іх з’яўляецца адзіным, унікальным і непаўторным творам архітэктарскага таленту.

 

Гісторыя ўзнікнення і развіцця каталіцкай культавай архітэктуры

     Зараджэнне касцёльнай архітэктуры звязана з увядзеннем імператарам Канстанцінам хрысціянства ў якасці афіцыйнай рэлігіі Рымскай імперыі. Галоўны тып заходняга хрысціянскага храма прыйшоў ад рымскага грамадскага будынка, услед за якім атрымаў назву базілікі. Абапіраючыся на свецкія, а не на культавыя пабудовы антычнасці, хрысціянства падкрэслівае свой разрыў з паганскай традыцыяй. Прадольна арыентаваная прастора базілікі падзялялася на 3 або 5 наваў. Больш высокая і шырокая сярэдняя нава аддзялялася ад бакавых наў калонамі, асвятлялася верхнімі вокнамі і заканчвалася прэзбітэрыумам з алтаром. Перад алтарнай часткай размяшчаўся хор. Паміж хорам і галоўнай навай уводзілася папярэчная нава, пазней названая трансептам. Да найбольш значных і буйных базілік ранняга хрысціянства адносіцца сабор Святога Пятра (IVст., пазней перабудаваны), Латэранская базіліка (IVст.) і Санта Марыя Маджорэ (IVст.) у Рыме. У раннехрысціянскай і перадраманскай касцёльнай архітэктуры вялікая ўвага надавалася багатаму ўпрыгожванню інтэр’ераў з выкарыстоўваннем каштоўных металаў і мазаікі. Рэформа, якую праводзіла бенядзікцінскае аббацтва Клюні, заклікала да аскетызму. Гэта стала ідэйнай асновай архітэктуры раманскіх базілік (ці раманскага стылю) з масіўнымі вежамі, магутнымі сценамі і цяжкімі цыліндрычнымі скляпеннямі. Пад хорам убудоўвалася крыпта-ўсыпальніца, якая нагадвала пра падземныя пахаванні першых хрысціянаў. Атрымаў распаўсюджванне вэстверк (заходняя частка храма з вежамі па баках увахода) – сімвал Касцёла ваяўнічага, які процістаіць сілам зла.

     У 1130-я гады ў архітэктуры касцёлаў правінцыі Іль-дэ-Франс зарадзілася готыка. Распаўсюджанню новага стылю садзейнічалі манахі-цыстэрцыянцы са сваёй цікавасцю да матэматычных і рацыянальных прынцыпаў будавання. Гатычныя храмы адрозніваліся падкрэсленай вертыкальнасцю форм, выкарыстаннем стрэльчатых арак і нярвюрных скляпенняў. Готыка XII-XIII ст. – перыяд буйных базілікальных сабораў (сабор Нотр-Дам у Парыжы, саборы ў Шартрэ, Ам’ене, Рэймсе).

     У эпоху Адраджэння, нягледзячы на папулярнасць цэнтрычных кампазіцый, вядучым тыпам касцёлаў застаецца базіліка. Прадольная накіраванасць храмаў у форме лацінскага крыжа ўраўнаважылася магутным купалам з барабанам над серадкрэсцем. Новы сабор Святога Пятра ў Рыме ўвасобіў абедзве тэндэнцыі. Моцны імпульс развіццё касцёльнай архітэктуры атрымала ў перыяд Контррэфармацыі. На Трыдэнцкім саборы (1545-63 гг.) і ў сачыненнях святога Карла Баррамэа былі сфармуляваны правілы касцёльнай архітэктуры (храмы ў форме лацінскага крыжа, трансепт з бакавымі капліцамі, прамавугольныя праёмы замест арачных). У рымскім езуіцкім касцёле I’l Jiesu (пабудаваным па праекту архітэктара Віньёлы ў 1568 г., фасад закончаны ў 1584 г.) быў створаны новы тып храма з бакавымі капліцамі з алтарамі ў гонар святых. Гэты тып касцёлаў атрымаў шырокае распаўсюджанне не толькі ў Еўропе, але і ў краінах Лацінскай Амерыкі.

     Стыль барока стаў адной з вяршынь мастацкага выразу каталіцкай касцёльнай архітэктуры. Суровыя прынцыпы першых дзесяцігоддзяў Контррэфармацыі змяніліся ў XVIIст. ідэаламі ecclesia ornata (касцёла ўпрыгожанага), што садзейнічала развіццю дынамічных кампазіцый, складанага дэкору і пышнага ўнутранага ўпрыгожвання храма. Асабліва гэта характэрна для рымскай і п’еманцкай архітэктуры, а таксама для дойлідства Аўстрыі, Чэхіі і Паўднёвай Германіі. Вядучыя майстры барока стваралі касцёлы з незвычайнымі планамі цэнтрычнага характару і фантастычнымі аб’ёмнымі кампазіцыямі.

     Змена барока класіцызмам адзначылася большай тыпалагічнай аднастайнасцю ў касцёльнай архітэктуры. Касцёл святой Гэнуэфы ў Парыжы з грэчаскім крыжам у плане, магутным купалам на барабане і строгімі порцікамі на фасадах служыў як прыклад на працягу многіх дзесяцігоддзяў.

     У перыяд гістарызму і стылізацыі для каталіцкіх храмаў часцей за ўсё прымяняліся формы неаготыкі. У канцы XIX ст. пачаў будавацца адзін з найбольш вядомых помнікаў сакральнай архітэктуры навейшага часу – сабор Sagrada Familia (Святога Сямейства) у Барселоне.

     Разнастайнасцю і свабодай форм каталіцкая касцёльная архітэктура другой паловы XX ст. у многім абавязана Instructio de arte sacra (Інструкцыі аб мастацтве святыні), апублікаванай Ватыканам у 1952 годзе, дзе дадзены агульныя ўказанні па ўстройстве і ўпрыгожванні касцёлаў і прапануецца свабода ў выкарыстанні разнастайных архітэктурных стыляў і форм.

 

Гісторыя і архітэктурнае апісанне Беразвецкага кляштарнага комплексу ордэна базыльянаў

     На ўскраіне Глыбокага стаяла некалі прыдарожная 4-калонная капліца са скульптурай “Распяцце”, нібыта збудаваная як помнік жорсткага пабоішча паміж беразвецкімі базыльянамі і глыбоцкімі кармелітамі. Архітэктурны летапіс краю трэба было б пачаць з першых культавых манументаў праваслаўя. Але, на жаль, пабудаваныя звычайна з дрэва, яны не дайшлі да нашага часу. Існуе паданне, што да заключэння Берасцейскай Царкоўнай уніі 1596 г. у Беразвеччы знаходзілася Старажытна-праваслаўная пустынь. Існаванне ў Беразвеччы Свята-Ануфрыеўскага брацтва з даўніх часоў і да 1831 г. нейкім чынам пацвярджае гэта паданне. Вядома, што ў вёсцы Галубічы ў 1662г. была праваслаўная царква. У першай палове XVI стагоддзя ўладальнік Беразвечча Дзмітрый Корсак быў фундатарам царквы-пахавальні Святога Міхала (у 1763 г. перавезена ў Глыбокае, дзе згарэла ад пажару ў 1881 г.).

     Стварэнне уніяцкай царквы ў 1569 г. выклікала да жыцця новы тып храма – каталіцкага па абрысе і ўсходняга па сутнасці і абраднасці. Місію распаўсюджвання уніяцтва ўзяў на сябе ордэн базыльянаў. Яго буйнейшым прыстанкам на Глыбоччыне было мястэчка Беразвечча. Ім, як і ўсёй паўночна-ўсходняй часткай былога Дзісненскага павета, валодаў багаты і магутны род Корсакаў. Іосіф Львовіч Корсак, намеснік і ваявода мсціслаўскі, 20090601002651 smlпрэфект дзісненскі, калі прыняў унію, падараваў Беразвечча уніятам у 1634 г. Каб матэрыяльна ўзмацніць Беразвецкі кляштар, Іосіф Корсак падараваў яму яшчэ і маёнтак Вярбілава ў Полацкім ваяводстве і 915 дзесяцін у лясной дачы Адамаўка ў Барысаўскім павеце. Сваё імкненне да стварэння кляштара Корсак тлумачыў маральнымі меркаваннямі і тым, што “ў тутэйшым краі з-за нядбайнасці святароў малыя дзеці часта застаюцца без хрышчэння, просты народ жыве бясшлюбна і скасоўвае свае шлюбы па сваім жа самавольстве, пазбаўлены ўсялякага настаўлення, не ведае малітваў і вядзе жыццё сваё ў розных памылках” (А.С.Вераксін Беразвецкі манастыр. Вільня 1910 г.). У 1643 г. Корсак памёр, і ў тым жа годзе ў Беразвеччы быў заснаваны мужчынскі кляштар каталіцкага ордэна базыльянаў з усходнім абрадам паводле статута Базыля Вялікага. Значныя матэрыяльныя сродкі, вялікія зямельныя ўладанні давалі магчымасць для пашырэння кляштарнага будаўніцтва. Спачатку кляштар быў драўляны, у 1765-1763 гг. базыльяне пабудавалі мураваны буйнамаштабны кляштарны комплекс20090601003356 sml, які быў спустошаны пажарам 1820 г., але ў 1830 г. адноўлены на сродкі Свята-Ануфрыеўскага брацтва. У 1834 г. міністр унутраных спраў Блудаў прапанаваў грэка-каталіцкай калегіі закрыць свецкае вучылішча пры Беразвецкім кляштары з польскай мовай навучання і адкрыць павятовае духоўнае вучылішча з рускай мовай навучання для таго, каб кляштар, замест платы за 20 стыпендыятаў у Віленскім універсітэце, браў на ўтрыманне да сябе 20 выхаванцаў з бедных сямей духавенства. Зноў адкрытае вучылішча перайшло ў парафію Літоўскай духоўнай семінарыі, але праіснавала нядоўга. Настаяцелем кляштара быў прызначаны архімандрыт Франкоўскі. Пасля ліквідацыі уніі Полацкім саборам у 1839 г. Беразвецкі уніяцкі кляштар стаў праваслаўным. Урад паступова стаў адбіраць у кляштара яго ўладанні, у выніку ў 1847 г. тут засталося 16 маёнткаў.

     У 1874 г. кляштар быў зачынены з-за адсутнасці манахаў, былы касцёл прыпісаны да Глыбоцкага праваслаўнага прыходу. Буйны архітэктурны кляштарны комплекс паступова стаў разбурацца, быў зруйнаваны вялікі будынак дваранскага вучылішча. Па хадатайніцтве епархіяльнага начальства свяшчэнны Сінод выдзеліў у 1873 г. 10 тысяч рублёў на рамонтныя работы, але па смеце епархіяльнага архітэктара для аднаўлення кляштара гэтай сумы было недастаткова.

 20090607020012 sml     Летам 1900 года ў Беразвечча прыбыў літоўскі і віленскі архіепіскап Ювеналій. Калі ён агледзеў царкву і корпус былога мужчынскага кляштара, вырашыў адкрыць тут жаночы кляштар (“ачаг праваслаўя і рускай народнасці”) і пры ім жаночую настаўніцкую школу, пераважна для сялянскіх дзяўчат. Яго хадайніцтва перад Сінодам было задаволена, і ў студзені 1901 г. кляштар быў адкрыты. Быў зроблены рамонт будынкаў, упарадкавана кляштарная гаспадарка. Да 1910 г. тут было больш за 60 манахінь.

     Велічны касцёл Беразвецкага кляштара быў пабудаваны ў стылі Віленскага барока. Праект прыпісваюць італьянскаму дойліду Франчэска Плачыдзі. Узвядзенне будынка па кантракце 1753 г. браў на сябе архітэктар і дэкаратар з Вільні Ян Табіяш Дадрэйштэйн. Але кантракт абавязваў яго толькі пабудаваць касцёл на ўзор іншага касцёла. І гэтая акалічнасць дае падставы сцвярджаць, што касцёл мог быць пабудаваны па аналогіі з Сафійскім саборам у Полацку, ці касцёлам дамініканаў у вёсцы Забяла-Валынцы Верхнядзвінскага раёна, аўтарам якога быў І.Глаўбіц, ці касцёлам святога Міхала ў мястэчку Івянец, які належыць ордэну францішканаў. У плане касцёл мае форму лацінскага крыжа, арыентаванага алтаром на поўнач. Дах белакаменнага храма быў пакрыты чырвонай меддзю. Кожнае крыло будынка і прэзбітэрыума вянчаў фігурны франтон з крыжам. На галоўным фасадзе ўзвышаліся  дзве вежы, на кожнай з якіх былі ўстаноўлены 8-канцовыя крыжы з усёбачным вокам у цэнтры. Званоў вежы не мелі, але ў адной з іх у апошнім ярусе былі размешчаны куранты з двухтыднёвым заводам, які адбіваў чвэрць і поўныя гадзіны (зняты ў сярэдзіне XIX ст.). Фасад быў насычана крапаваны пілястрамі. У 1776 г. злева да храма прыбудавалі капліцу , у якой пазней была размешчана цёплая царква.

     
20090607151518 sml      Унутраную прастору храма ўпрыгожвалі насценныя і скляпеністыя фрэскі пурпуровага каларыту, якія былі выкананы невядомым італьянскім мастаком. Тэматыка фрэскавага жывапісу ўключала падзеі з жыцця Багародзіцы Панны Марыі. У храме было 7 алтароў: галоўны знаходзіўся ў прэзбітэрыуме, два на скрыжаванні прэсбітэрыума і  бакавых наваў, два пры бочных калонах і два пры вонкавых сценах прэзбітэрыума. Алтары, як і фасад будынка, былі багата ўпрыгожаны пілястрамі і калонамі, скульптурамі святых і анёлаў. Дамінантай унутранай прасторы быў галоўны алтар, выкананы ў выглядзе 12-слуповай каланады. Пасля закрыцця храма ў 1839 г. і пераасвяшчэнні яго у праваслаўны перад старажытным алтаром часова быў пастаўлены металічны пазалочаны іканастас, фонам для якога была падкладка з чырвонай тафты. У 1907 г. пасля рамонту быў створаны новы разны драўляны 2-ярусны іканастас, пазалочаны майстрам з Вільні.

     Кляштарны комплекс быў размешчаны ў маляўнічай мясцовасці паміж трыма азёрамі – Беразвецкім, Глыбоцкім, Падлазна, аб’яднанымі між сабой пратокамі. Наведаўшы Беразвечча ў 1812 г., імператар Напалеон выказаў думку: “Калі б гэта месца належала мне, я загадаў бы адкрыць адсюль зносіны з Дзвіной, і такім чынам з гэтага нязначнага цяпер месца стварыў бы адзін з прыгажэйшых і зручных гарадоў у Еўропе”. На думку гісторыкаў пачатку XX ст., храм у Беразвеччы быў унікальным арітэктурным помнікам не толькі ў Літве, Беларусі і Расіі, але і ва ўсёй Еўропе.

 

Гісторыя і архітэктурнае апісанне Глыбоцкага кляштарнага комплексу ордэна кармелітаў босых

     Кляштар ордэна кармелітаў босых і касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны (скарочана НПМ) ў Глыбокім таксама былі пабудаваны са сродкаў уладальніка мястэчка Іосіфа Корсака. З цягам часу кармелітам сталі належаць 15 вялікіх маёнткаў, якія прыносілі 15 тысяч гадавога прыбытку. Кармеліты выплачвалі Корсакам падатак збожжам і грашыма. 20090607152243 smlМанахаў тут было каля 30, клерыкаў – каля 50. Пры кляштары знаходзілася пачатковае вучылішча, прытулак для бедных навучэнцаў, бібліятэка, якая налічвала каля 3 тысяч мастацкіх і навуковых кніг, аптэка і фізічны кабінет (што ў той час было рэдкасцю). Падчас вайны 1812 года Напалеон размясціў у некалькіх пакоях жылога корпуса галоўную штаб-кватэру, у якой знаходзіўся 10 дзён. Пра яго знаходжанне ў Глыбокім узгадвае Цьер: ”Глыбокае – маленькі гарадок, пабудаваны з дрэва, як і ўсе гарады ў гэтай мясцовасці. Галоўным будынкам у ім быў не замак, а вялікі кляштар. Напалеон спыніўся тут, сюды ж прыбыла яго гвардыя...”. Потым 18 мая 1831 года ў Глыбокае прыехаў магілёўскі губернатар М.М.Мураўёў, які ператварыў кляштар у следчы ізалятар. Пасля задушэння паўстання захопленыя яго ўдзельнікі былі зняволены ў кармеліцкім кляштары. Паводле А.Сапунова, пасля з’яўлення Мураўёва ў горадзе, месца, дзе мірна жылі кармеліцкія пустэльнікі (манахі), ператварылася ў месцазнаходжанне страшэннага інквізітарскага судзілішча (гэтага на самай справе не адбылося).

     Пасля паўстання 1863 г. царскі ўрад закрыў кармеліцкі кляштар, а касцёл Унебаўзяцця НПМ пераасвяцілі ў праваслаўную царкву Раства Багародзіцы і аддалі на карыстанне праваслаўным, будынкі ж, якія належалі кляштару, перадалі “гарадскому дабрачынню” – паліцэйскай управе. Касцёльныя скарбы былі разрабаваны, бібліятэка перададзена ў Віленскі музей. У час Вялікай Айчыннай вайны згарэў дрўляны купал касцёла і вярхі вежаў. Пасля вайны кляштарны комплекс выкарыстоўваўся як маслазавод і склад агародніны.

     Манументальны помнік архітэктуры барока – кляштар кармелітаў – размешчаны ў гістарычным цэнтры Глыбокага на плошчы Катэдральнай (цяпер: плошчы 17 верасня).

     20090607153159 smlІснуючы храм – чатырохвежавая трохнававая базіліка з трансептам, прамавугольным у плане прэзбітэрыумам і закрыстыямі. Галоўны фасад фланкіраваны высокімі яруснымі вежамі і фігурным ступеньчатым франтонам паміж імі. Ніжні ярус акцэнтаваны багата дэкарыраваным уваходным парталам з драўлянымі разнымі дзвярамі і бакавымі нішамі. Гэты ярус аддзелены ад другога антабламентам, над ім – шырокі крапаваны франтон. У разрыве франтона – акно, дэкарыраванае пластычным парталам, які значна выступае з плоскасці фасада. Другі ярус рэльефна раскрапаваны пілястрамі, бакавыя часткі скругленыя. Трэці ярус – франтон складанага малюнка.

     Архітэктурнае вырашэнне інтэр’ера храма захавалася з XVII ст.: навы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. У 1735 г. інтэр’ер атрымаў новае, адзінае з галоўным фасадам барочна-ракайльнае афармленне. Сцены і слупы наваў раскрапаваны пілястрамі і шырокімі карнізнымі паясамі, якія багата дэкарыраваны раслінным арнаментам з матывамі стылізаваных лістоў аканта, рэльефнымі выявамі галовак анёлаў. Скляпенні дэкарыраваны лепшым геаметрычным арнаментам ды фрэскавымі размалёўкамі (фрэскавым роспісам). Над антаблементам па ўсім перыметры касцёла праходзіць галерэя з каванай арнаментальнай агароджай. На хорах (хорным балконе) некалі быў размешчаны 12-рэгістравы арган. Пры кляштары было 40 музыкаў, якія ігралі ды спявалі не толькі на літургіях, але і ў святочныя дні (давалі канцэрты).

 

Гісторыя і архітэктурнае апісанне Глыбоцкага парафіяльнага Троіцкага касцёла

     Троіцкі касцёл у Глыбокім таксама размешчаны ў гістарычным цэнтры горада – на плошчы Катэдральнай. Гэты храм быў заснаваны ў 1628 г. (у той час касцёл быў драўляны) Іосіфам Корсакам як парафіяльны (утворана ад: парафія, што азначае прыход) касцёл. 20090528014710 smlНа адным са слупоў быў размешчаны маляваны партрэт фундатара. Будоўля касцёла распачалася ў 1764 г., і праз 18 год ў 1782 г. над Глыбокім узнясліся крыжы новай святыні, збудаванай у стылі барока. Глыбокае на той час (прыкладна ў 1775 г.) налічвала каля 310 хат. Касцёл быў не надта вялікі, таму ў пачатку ХХст. Імператарская археалагічная камісія дае дазвол на перабудову і расшырэнне касцёла, што было зроблена ў 1902-1908 гг. архітэктарам Ю.Заро. (Падчас рэвалюцыі 1905-1907 г. рэканструкцыя была часова спынена.)

     Спачатку касцёл быў аднанававым, з вялікім паўкруглым прэзбітэрыумам. У час рэканструкцыі былі прыбудаваны бакавыя навы, трансепт, закрыстыі, на два ярусы павялічыліся вежы, якія, як і цэнтральны фігурны франтон, атрымалі выцягнутыя вертыкальныя прапорцыі, фігурны абрыс. Сцены з прарэзанымі вялікімі аконнымі праёмамі былі раскрапаваны пілястрамі, трансепт і закрыстыі ўвенчаны фігурнымі франтонамі.

     Унутраная прастора храма падзелена на тры навы васьмю слупамі і перакінутымі праз іх аркадамі, цэнтральная нава перакрыта цыліндрычным скляпеннем на распалубках, бакавыя ж – крыжовымі скляпеннямі. Сцены крапаваны пілястрамі з ракайльнымі капітэлямі. Над уваходам у святыню размешчаны хоры з працуючым арганам (пра стыль, у якім выкананы арган,  сказаць штосьці пераканаўчае цяжка, бо сам арган зараз не мае належнага ўпрыгожвання, як, напрыклад, арган у Мінскай архікатэдры.) Касцёл мае тры драўляныя разныя алтары і амбон, выкананы ў  XVIII ст. ў стылі ракако. (Дарэчы, гэты амбон знаходзіўся ў кармеліцкім касцёле, пакуль святыню не аддалі праваслаўным.) Галоўны алтар – магутнае двух’яруснае архітэктанічнае збудаванне, завершанае скульптурна-ляпным пано “Gloria”. (“Глёрыя” ў перакладзе на беларускую мову азначае “Хвала”.) Першы ярус алтара, дынамічная каланада, пілястравая кампазіцыя, завершаная моцна крапаваным, вытанчана прафіляваным антабламенрам. (Раней у цэнтры між калонаў размяшчаўся крыж, зараз жа там знаходзіцца абраз “Укаранаванне Маці Божай на Валадарку Неба і зямлі”.) Над першым ярусам узвышаецца ўвагнуты шчыт з абразом “Маці Божая Глыбоцкая”, ракайльныя вазы, скульптуры лунаючых анёлаў. Цікавую форму і канструцыю мае алтар у капліцы, што знаходзіцца ў глыбіні правай навы. Гэты алтар – насценная скульптурная кампазіцыя – выкананы  ў стылі неабарока. Першы ярус – фігурная рама са звітых валют, якая абрамляе алтарны абраз “Маці Божая Глыбоцкая Падхорная”; другі – ніша пад бальдахінам, у якой ёсць выява Хрыста, прысуджанага на смерць, у арэоле лунаючых анёлаў. (Гэта скульптура Езуса, сказанага на смерць, з’яўляецца цудадзейнай, бо аднойчы, калі пачаўся пераслед хрысціянства і людзі пачалі губляць веру, гэтая самая скульптура пачала крываточыць, і гэтак працягвалася некалькі дзён. Калі казаць больш дакладна, то гэта падзея адбылася, калі ў Заходнюю Беларусь прыйшла савецкая ўлада, руйнуючая на сваім шляху не толькі будынкі шматлікіх касцёлаў і цэркваў, але і жывую веру і надзею на Збаўленне ў сэрцах людзей.)

    Троіцкі касцёл да  Другой сусветнай вайны выконваў значную ролю: ён меў тытул “Санктуарый Маці Божай Глыбоцкай”, сюды шмат разоў прыходзілі пілігрымкі. (Зараз у Беларусі існуюць толькі дзве каталіцкія святыні, куды пешшу ідзе шматлікае мноства пілігрымаў. Гэта Санктуарый Маці Божай у Будславе і касцёл Святой Тройцы ў Росіцы, дзе падчас Другой сусветнай вайны былі замучаны два святары ордэна айцоў марыянаў разам са сваімі парафіянамі). Яшчэ Троіцкі касцёл у Глыбокім адыгрывае для глыбачанаў, для беларусаў і для гасцей нашай краіны значную ролю не толькі як архітэкурны помнік, (сюды прыязджаюць як экскурсіі, так і аўтобусныя пілігрымкі), але і як сведчанне жывой і сапраўднай веры, бо гэта адзін з нямногіх храмаў, які не толькі ўцалеў ў гады атэізму, але яшчэ і дзейнічаў.

 

Архітэктурнае апісанне культавых помнікаў, выкананых у стылі класіцызму

      На Глыбоччыне існуюць тры яскравыя помнікі архітэктуры класіцызму – Ільінская капліца, касцёл Святой Ганны ў вёсцы Мосар ды касцёл у вёсцы Мамаі.

     20090607155348 smlІльінская капліца знаходзіцца на старых могілках Глыбокага. Яна пабудавана ў XVIIIст. прамавугольная ў плане, з двухсхільным дахам. Плоскасны галоўны фасад завершаны трохвугольным франтонам з вежачкай-званіцай і каваным ажурным крыжам. Вось яе сіметрыі адзначана прамавугольным уваходным праёмам і плакеткай над ім у спрошчаных геаметрычнай формы ліштвах. Суцэльна пакрытыя рустам атынкаваныя сцены рытмічна расчлянёны пілястрамі, ахоплены магутным антаблементам. Унутры храм перакрыты плоскай столлю, дзве пары слупоў вычляняюць у ёй алтарную частку і галерэю хораў пры ўваходзе. Інтэр’ер меў фрэскавую размалёўку, схаваную пластом тынкоўкі, нанесенай ў 1930 годзе.

    Дзейсны касцёл і помнік аналагічнай кампазіцыйнай і класіцыстычнай архітэктурна-стылявой трактоўкі захаваўся ў вёсцы Дзеркаўшчына.

    Касцёл Святой Ганны пабудаваны ў 1792 годзе. Абнесены мураванай агароджай з брамай і адасобленай званіцай у паўднёва-заходнім вугле. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя храма даведзена да элементарнасці – прамавугольны аб’ём пад двухсхільным дахам. Плоскасны галоўны фасад завершаны трохвугольным франтонам з невялікай вежачкай і крыжам у завяршэнні. Плоскасць фасада сіметрычна расчлянёна канеліраванымі пілястрамі, квадратнымі плакеткамі, арачнымі нішамі са скульптурамі святых, прарэзана ў цэнтры дзвярным і аконным праёмамі. Унутраны інтэр’ер таксама трактаваны ў стылі класіцызму канца XVIII стагоддзя. Люстраное скляпеністае перакрыццё ўпрыгожана арнаментальнай размалёўкай. Сцены рытмічна раскрапаваны канеліраванымі пілястрамі і аперазаны карнізным поясам і арнаментальным фрызам. Над вокнамі ў прамавугольных рамках размешчаны 10 сюжэтных рэльефных пано на евангельскія тэмы. На хорах, якія размешчаны над уваходам у храм, устаноўлены арган, дэкарыраваны арнаментальнай разьбой, вазамі, лірай.

    Яшчэ адным буйнейшым помнікам класіцызму на Глыбоччыне з’яўляецца мураваны касцёл у вёсцы Мамаі, збудаваны ў канцы XVIII стагоддзя. У 1866 г. храм быў пераўтвораны ў царкву. Храм меў традыцыйную для класіцызму кампазіцыю ў выгдядзе звычайнай геаметрычнай формы паралелепіпеда: прамавугольны ў плане будынак, накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад вырашаны прыстаўным порцікам з чатырма паўкалонамі, магутным антаблементам і вялікім трохвугольным франтонам. Паміж калонамі фасад раскрапаваны арачнымі і прамавугольнымі нішамі. У той жа архітэктуры вырашаны і інтэр’ер храма: сцены завершаны карнізным поясам, на столі размалёўкай імітавана цыліндрычнае скляпенне. Вылучаецца алтарная частка з бакавымі закрыстыямі, нартэкс з хорамі над ім. Перад касцёлам па восі галоўнага фасада стаіць мураваная трох’ярусная брама-званіца, якая пабудавана ў агульнай з касцёлам ордэрнай архітэктурна-стылявой трактоўцы.

 

Заключная частка

     На Глыбоччыне, як і па ўсёй Беларусі, захавалася нямала помнікаў архітэкуры, якія сведчаць аб майстэрстве інжынернай думкі і натхнёнай працы тагачасных дойлідаў. Помнікі культавай архітэктуры, якія складаюць аснову гэтай спадчыны, адлюстроўваюць складанае рэлігійнае жыццё на гэтай зямлі, няпростыя адносіны праваслаўя, уніяцтва, каталіцызму.

     Мяне заўжды ўражвала думка: ”Як у той час, калі не было ні магутных кранаў, ні рухавікоў, ні электрычнасці, людзі змаглі пабудаваць такія прыгожыя храмы, замкі, палацы, якія стаяць на нашай зямлі ўжо цэлыя стагоддзі? Якім чынам яны гэта рабілі?” Тут я апісаў толькі знешні выгляд культавых помнікаў архітэктуры Глыбоччыны, але і ён уражвае сваёй непаўторнасцю і талентам мастакоў  знакамітых, але ў той самы час і невядомых. У гэтай працы яшчэ раз нагадваю некаторыя старонкі гісторыі роднага краю, гэтым самым заклікаю да добрага ведання гісторыі, бо без ведання даўніны няма шляхоў ў будучыню.

    Архітэктура Глыбоччыны – значная частка культурнай спадчыны Беларусі, у якой увасобіліся розня архітэктурныя стылі як мясцовага, так і сусветнага значэння, тыя помнікі, якія ёсць, і тыя, якіх мы ўжо не зможам убачыць.