Крыжовы шлях. Разважанні прадстаўнікоў глыбоцкіх прадпрыемстваў

  • Друкаваць

DrogaKrzyowa21Разважанні стацый Крыжовага шляху, якія прагучалі з вуснаў прадстаўнікоў прадпрыемстваў у парафіяльным касцёле ў пятніцу, 6 сакавіка 2015 года.

Стацыя 1.
Езус асуджаны на смерць.

Езус стаіць перад судом. Яго асуджаюць ілгуны. Суддзя – чалавек без характару. Судовы працэс – здзек над законам. Суд гэты абвяшчае Пана вінаватым у цяжкім злачынстве. Кара і ганебная, і страшная адначасова. Езус жа ведае, якімі чыстымі былі Яго намеры: як палюбіў Ён народ і ідзе на смерць дзеля яго збаўлення. Страшная несправядлівасць і легкадумнасць гэтага асуджэння, напэўна, да глыбіні ўскалыхнула сэрца Пана.
Як жа бунтавалася б маё пачуццё справядлівасці, каб на мяне нехта захацеў ускласці несправядлівую кару! Як жа абараняюся я ад няшчасця, калі здаецца, што яго не заслугоўваю. Але ж ведаю, наколькі і ў чым я вінават. Якім жа болем магла працяць Пана гэта пародыя суда! Але Ён маўчыць. Прымае асуджэнне з адданнем, бо ў гэтым воля Айца, бо тут справа нашага збаўлення.
Пане, Ты пайшоў перш і паказаў мне дарогу. Навучы ісці за Табою, калі і да мяне прыйдзе падобная гадзіна. Калі буду вымушаны слухаць загады альбо папрокі, сказаныя вострым тонам, адкрый мне, колькі ў іх справядлівасці, і дазволь забыць тое, што несправядліва. Калі нейкі абавязак будзе здавацца мне нязносным, хачу бачыць у ім волю Айца і быць Яму паслухмяным. Калі прыйдуць цярпенні, можа незаслужаныя, навучы маё сэрца паддацца волі Айца так, як зрабіў гэта Ты. Калі нарэшце спаткае мяне відавочная несправядлівасць, няхай Твая ласка дапаможа мне замоўкнуць поўнасцю і апраўданне сваё пакінуць Айцу.

Стацыя 2.
Езус бярэ крыж.

Прысуд вынесены. Езус прыняў яго моўчкі. Адразу прыносяць крыж. Дрэва крыжа – дрэва ганьбы і смерці. Езус кладзе крыж на збалелыя плечы… Прыціскае да сябе… Бо такая воля Айца Нябеснага, бо ў крыжы збаўленне людзей, маё збаўленне.
Добра ведаем, што азначае гэты Крыж. Гэта цяжар він ўсіх людзей – пачынаючы ад граху першароднага. Гэта грахі нявыкананых Тваіх запаветаў. Гэта нашы слабасці, нявернасці, памылкі і перашкоды, якія мы робім іншым людзям.
У кожнага з нас свой крыж, кожны – цяжкі. Дапамажы, Езу, каб мы з любоўю неслі свой крыж, памятаючы пра Тваю бязмежную любоў да іншых на Тваім Крыжовым шляху. Дапамажы, нават пад цяжарам крыжа, любіць Цябе, а таксама самаахвярна любіць бліжняга свайго.

Стацыя 3.
Езус падае першы раз.

Езус усю ноч быў пазбаўлены сну. Яго цягалі ад адной улады да другой. Яго аслабіла боль і страта крыві. Быў катаваны праз людскую подласць. Пан страшна вычарпаны. Крыж для Яго занадта цяжкі; ноша перарастае Яго сілы. Пэўны адрэзак шляху Езус з дрыжачымі каленямі цягне на сабе крыж, пакуль не спатыкнуўся аб камень і не ўпаў. Пераадолеўшы сябе, Езус устае з зямлі, з цяжкасцю кладзе крыж на зраненае плячо і ідзе далей.
Пане, крыж занадта цяжкі для Цябе, аднак Ты нясеш яго, бо гэтага жадае Айцец — дзеля нас. Цяжар пераўзыходзіць Твае сілы, аднак Ты не адкідаеш яго. Падаеш, але падымаешся зноў і нясеш далей. Дай мне ласку разумення, што кожнае сапраўднае цярпенне раней ці пазней стане для нашых плеч нязносна цяжкім. Аднак жа мы створаны не для цярпення, а для шчасця. Кожны крыж калісьці падасца нам не па сілах. У выніку з’явяцца знямоглыя, поўныя трывогі словы: «больш не магу!» Пане, сілаю Тваёй цярплівасці і любові дапамажы мне ў такую гадзіну не ўпасці духам. Ты ведаеш, як моцна можа прыціснуць крыж! Таму не асуджаеш нас, калі слабнем, і дапамагаеш ізноў устаць. Аднаві мяне ў цярплівасці, напоўні маю душу сваёю сілай. Тады ўстане яна зноў, возьме свой цяжар і пойдзе далей.

Стацыя 4.
Езус сустракае Маці.

Якую невымерную боль адчула Марыя, калі сустрэлася вачамі са сваім зраненым і скрываўленым Сынам. Востры меч працяў Яе кахаючае сэрца. Як хацелася Ёй перакласці ўвесь цяжар крыжа на свае плечы.
Хто з нас, як Марыя, можа аддаць Богу самае найкаштоўнейшае, аддаць нават сваё дзіця?
Маці Балесная, Ты пагадзілася з воляй Божай, Ты ведала, што ўсе гэтыя мукі, дзеля нашага збаўлення. Вельмі хочацца, каб кожная маці наследавала Тваю любоў і пакору, нараджала дзяцей і давярала іх Пану.
Марыя, дзякую Табе, за прысутнасць на маім жыццёвым шляху. Твая блізкасць мяне падтрымлівае, узмацняе маю веру.
Маці наша, навучы нас бачыць аблічча Твайго Сына ў абліччы людзей, якіх прыгнятаюць, высмейваюць, адпіхваюць, навучы любіць і шанаваць сваіх бацькоў, за іх маліцца, навучы быць цярплівымі, шукаць збаўленчыя ласкі ў лучнасці з Табою і Тваім Сынам, калі нашы дзеці хворыя альбо знаходзяцца ў залежнасці ад алкаголю, наркотыкаў, калі знаходзяцца ў складаных абставінах. Навучы нас давяраць усе нашы праблемы Пану Богу і памятаць пра Яго міласэрнасць да нас.
Пане Езу! Марыя – Маці майго Збаўлення! Я з’яўляюся прычынай вашых цярпенняў. Каюся ўсёй душой і шчыра малю: даруйце мне!

Стацыя 5.
Сымон Кірынеец дапамагае Езусу несці крыж.

Чым далей, тым больш Езус слабее, не мае сіл несці крыж далей. Каты не хочуць, каб слабы церпячы Езус памёр у дарозе. Прымушаючы Сымона з Кірынэі дапамагчы Езусу несці крыж, каб яны маглі выканаць на Езусу ганебны прысуд. Сымон не супраціўляецца. Ён здолеў убачыць у гэтым прымусе волю Божую і прыняў яе.
Езу дай нам зразумець, што цярпенне, падзеленае з кімсьці ёсць як бы паловай цярпення.
Адкупіцель, дапамажы нам зразумець, што дапамога іншым з’яўляецца найпрыгажэйшым учынкам, яна найбольш схіляе нас да Айца, які ў небе. Марыя, учыні каб маё сэрца адчувала нядолю бліжніх ды спяшаліся да іх з дапамогай.

Стацыя 6.
Вераніка выцірае твар Езуса.

Твар Езуса пакрыты потам, скрываўлены, пагардліва апляваны. Хто адважыцца наблізіцца? — Жанчына! Жанчына выходзіць, несучы запаленую лямпу чалавечнасці... і выцірае Твар — і атрымлівае Аблічча!
Як жа шмат людзей застаецца без твару! Як жа шмат людзей адсунута на абочыну жыцця, на самотнае выгнанне, у абыякавасць, якая забівае абыякавых. Таму што жыве толькі той, хто палае любоўю і схіляецца над спакутаваным Хрыстом, які чакае ўтых, што пакутуюць сёння!
Так, сёння! Бо заўтра будзе запозна!
Такою ласкаю Ты захапіў сэрца Веранікі. Яна прабілася праз натоўп, каб абцерці Твой Боскі, знявечаны, апляваны твар. Яна была мужная. Езу, дай і нам мужнасці, каб мы маглі выціраць чалавечыя твары, змываць з іх жыццёвыя цяжкасці і пот, вяртаць чалавеку сапраўднае Божае падабенства, вяртаць яму радасць і прыгажосць. Учыні, Пане, каб мы дапамагалі адно аднаму ўваскрасаць з граху, ізаляцыі, абыякавасці. Каб кожны з нас меў дзеля чаго, дзеля каго і сярод каго жыць.
Хрыстэ, мы будуем дом нашага жыцця на скале — на сэрцы, якое, не марудзячы, спяшаецца з дапамогаю.

Стацыя 7.
Езус падае другі раз.

Езу, Ты ляжыш на бруку ў вулічным пыле. Бездапаможны, прыбіты болем. Маўчыш, а мог бы сілай Божага слова кінуць на калені бяздушны натоўп.
Ты выбраў цяжкую смерць, ганебную, каб выказаць найвялікшую любоў Нашая любоў занадта лёгкая. Што на самай справе нас прыспешвае, што натхняе нашыя намеры, дзеля чаго ўсе нашыя пачынанні, што спадарожнічае нашым намаганням? Ці гэта любоў у сям'і? Адказ усе мы ведаем. Як жа тут кіравацца любоўю да Хрыста, калі праца наганяе тугу, манатоннасць даймае, цяжкасці засмучаюць, бліжнія дакучаюць, дзеці прыносяць клопаты? Хрыстэ, падымаючыся пасля падзення, Ты нібы кажаш нам, што кожнае наша маленькае намаганне, кожная праца вельмі важныя і патрэбныя бліжнім. I таму, нават калі я змучаны і прыгнечаны цяжарам, хоць і ўпаў раз, і другі, я павінен падняцца, каб жыць любоўю.

Стацыя 8.
Езус суцяшае ерузалемскiх жанчын.

Жанчыны акружылі Цябе, Пане, не шкадуючы ні слёз, ні слоў. Гледзячы на іх скрушаныя, заплаканыя твары, Ты, Пане цвёрда сказаў: “Не плачце па мне, але плачце па сабе і дзецях вашых”. Шкадаванне – гэта яшчэ не любоў. Любоў не бывае толькі на словах, бо слова – нішто. Любоў – не маўклівае цярпенне, міласэрнасць у адносінах да бліжняга. Твой вялікі крыж складаецца са шматлікіх нашых малых крыжоў, тых самых, адзін з якіх, свой, кожны з нас нясе па жыцці. Гэта яднае нас з Табой, Пане, робіць бясконца блізкімі.
Часта мы плачам не тады, калі прыходзіць да нас сапраўднае няшчасце. У нас шмат плачу з прычыны павярхоўнасці нашага сэрца, альбо боязі перад абліччам цярпення. Мы плачам і лічым сябе вызваленымі ад віны і адказнасці. Слёзы засланяюць сапраўднае няшчасце і праблемы свету.
Езу, навучы нас не саромецца сваіх слёз, але няхай яны будуць разумнымі. Навучы, як выхоўваць сваіх дзяцей, каб не трэба было плакаць па іх.

Стацыя 9.
Езус падае трэці раз.

Лаянка, абразы, здзекі, кпіны павіслі ў паветры бясконцым нясцерпным гулам. Усе тыя, што называюць сябе людзьмі, прагнуць відовішча. І што для іх нейкі Назаранін, яго жыццё?
А Ён пакорліва, праз боль, пакуту і страх, з апошніх сіл стараецца ісці наперад, на сваю Галгофу. Кроў і пот засцілаюць вочы, здранцвелае цела стала чужым, непаслухмяным.
Езу, Ты не ўтрымаўся на збалелых нагах і, як падкошаны колас, падаеш на зямлю. Трэцяе падзенне – сведчанне поўнага знясілення. Але сілу Ты страціў не ад цяжару крыжа. Вялізнае зло, што вулканам бурліць вакол Цябе, стала прычынай падзення.
Колькі разоў мы падаем у сваім штодзённым жыцці? Ад знявагі, злых кпінаў, няпраўды? Ад асабістых амбіцый, зласлоўя, ад здрады блізкіх, ад няўмення жыць па Божых запаведзях?
Пане, Ты не патрабуеш, каб я заўсёды была моцнай, я павінна спазнаць слабасць. Падаць і зноў уставаць. Бы Ты ўпаў, каб адкупіць мае грахі, каб даць мне сілы падымацца і пачынаць ўсё наноў. Як часта ў цяжкую хвіліну хочацца наракаць, што Ты мяне пакінуў. Ды раптам аднекуль з глыбіні душы пачынаюць ісці словы малітвы і вусны самі шэпчуць “Ойча наш…”, у вачах яснее, знаходзяцца аднекуль сілы…
Абарані мяне, Пане Езу, ад сумненняў і нявер’я. А калі яны авалодаюць мною – дазволь мне ўзняцца Тваёю сілай!

Стацыя 10.
З Езуса здзіраюць адзенне.

Пасля цяжкага, пакутлівага і ганебнага шляху Езус дасягае вяршыні, узыходзіць на Кальварыю. І тут Яго чакаюць пакуты. Да зраненага бічаваннем і крыжовым шляхам цела прыстала адзенне. Жаўнеры здзіраюць яго, прычыніўшы нясцерпны боль і вялікую ганьбу. Вось Збаўца свету застаўся з тым, з чым прыйшоў на зямлю. Застаўся без нічога.
Калі нават Езус не ўзяў з Сабой нічога з гэтай грэшнай зямлі, на што спадзяёмся мы?
Колькі не жывём, а ўсяго мала. Праца-дом-сям’я-праца… Нам трэба больш і больш грошай, якіх заўсёды так не хапае, асабліва ў гэты няпросты час.
Мы працуем, а недзе дома сталеюць дзеці. Мы працуем, а муж застаецца без добрага слова. Мы працуем, а дзесьці старэе наша матуля. Мы працуем…
Я працую, але ці памятаю, што ўсе скарбы гэтага свету застануцца тут. А што я вазьму з сабой?
Можа трэба хоць некалі спыняцца? Можа варта ахвяраваць хоць крышачку часу і працы патрабуючаму чалавеку? Можа варта схадзіць у касцёл? Дык як жа пачаць?
Давайце, мінаючы касцёл, царкву ці капліцу, спынімся хоць на імгненне і ўгледзімся ў крыж. І мы пабачым нашага Пана, з якога здзерлі нават адзенне…

Стацыя 11.
Укрыжаванне Езуса.

Тое, што зараз адбываецца, настолькі страшна, што хацелася б уцячы, схавацца, каб не бачыць, як прыбіваюць Яго да крыжа і ўздымаюць на ім. Але мы не маем права ўцячы, мы павінны застацца тут. Езус церпіць дзеля нас. Па дарозе Езус мог яшчэ прынамсі ісці, рухацца, рабіць высілкі. Цяпер усё спынілася. Не можа нічога, як толькі вісець і трываць у цярпенні за нас людзей. Боль у прабітым целе, у галаве, ва ўсіх глыбокіх ранах становіцца больш пякучым, усё больш мучыць смага, усё цяжэйшая трывога і нязносны цяжар сэрца. І нічым не можа сабе дапамагчы, не можа рухацца, не можа нічога рабіць. Толькі цярпець і адчуваць, як набліжаецца смерць. А гэтыя людзі вакол? Дэманічная нянавісць і здзекі ворагаў! Шалёная жорсткаць натоўпу! О Пане, прабач нас, грэшных! Гэта мы вінаватыя ва ўсіх Тваіх муках! Не дапусці, каб Твая мука была для нас страчана. Навучы нас, Пане Езу, ніколі не даказваць сваю праўду злом, помстаю, здрадай ці абразай. Учыні, каб яе Божая сіла і цярплівасць ажылі ў нас. Няхай у нашых сэрцах Езус заўсёды будзе жывым і радасным.

Стацыя 12.
Пан Езус памірае на крыжы.

Устань на калені! На Кальварыі — паднясенне— урачыстая, крывавая, Найсвяцейшая Імша! Сам Збавіцель адпраўляе яе за чалавецтва, за мяне... Ён думае пра мяне... Моліцца са мною да Айца... Дзеля мяне сыходзіць на апошнюю прыступку ўбоства і прыніжэння, ганьбы і мукі... «Палюбіў мяне і аддаў самога сябе за мяне!» Ён памірае пакінуты, каб я не быў пакінутым у хвіліну смерці... Адкінуты людзьмі, каб я не быў адкінуты Богам... Убогі, каб я быў багаты небам!...
Езу мой! За гэтую бясконцую любоў Тваю,... за Кроў Тваю, так шчодра пралітую,... за дзідай прабітае Сэрца Тваё міласэрнае,... за Тваю ахвяру жыцця Твайго дзеля мяне, грэшнага. ... за ўзор самых узнёслых цнотаў, які Ты даў нам на крыжы — люблю Цябе ўсім сэрцам!...

Стацыя 13.
Езуса здымаюць з крыжа.

Маці Божая дала нам Езуса здаровага і поўнага сіл. Мы аддаем у яе рукі мёртвага Сына — збічаванага, скрываўленага, у цярновай кароне. Маці Балесная — гэта Твой Сын. Бачыш, на што здольнася людская злосць, недахоп веры і любові да бліжняга? Але ж ці толькі з Езусам так абыходзімся? Памерлае цела могуць забраць сям’я і блізкія; цяпер яно можа быць толькі ўлюбёным целам, якое жаночыя рукі абмыюць і намасцяць.
У апошніх клопатах вакол памерлага ёсць толькі любоў самых блізкіх. Гэта як бы вяртанне, адданне ім таго, што яны любілі. Гэта палёгка. Улюбёнае цела ўжо не церпіць. Няхай Езус жыве і валадарыць у нашых сэрцах, а мы радасна будзем паказваць Яго Маці Найсвяцейшай са словамі: “Маці, гэта Сын Твой!”
Езу, дапамажы нам у зямных цярпеннях, дапамажы не збіцца з дарогі. Будзь з намі заўсёды!

Стацыя 14.
Езуса кладуць у грабніцу.

Гроб Хрыста - задатак жыцця… Хто звязаў з Ім свой лёс – не памрэ навекі.
Добры Езу! Дзякуй Табе за дар уваскрашэння! Дазволь нам духоўна ўваскрасаць пасля нашых падзенняў. Дапамагай нам пасля кожнага ўпадку прыходзіць да Цябе з пакаяннем і толькі ў Табе шукаць супакою. Дапамажы нам станавіцца лепшымі і цаніць, як найвялікшы дар, жыццё кожнага чалавека, дапамажы нам любіць тых, каго Ты нам даручаеш. Будзь літасцівы да нас, Пне, у хвіліне справядлівага гневу Твайго.