Цудадзейны абраз Маці Божай Падхорнай у Глыбокім

  • Друкаваць

Надыйшоў час распавесці пра найвялікшую святыню Глыбоцкай зямлі – цудадзейны абраз Маці Божай Шкаплернай, а больш знанай як Падхорнай. Гэта абраз прывезлі ў мястэчка Глыбокае манахі кармеліты, якія тут мелі свой кляштар. Спецыяльна для гэтага новага абраза ў сярэдзіне XVIII ст. была зробленая капліца. Так як унутраная тэрыторыя усяго кляштарнага касцёла была занятая, таму гэтую новую капліцу размясцілі пад хорам, адкуль і ўзялася прастанародная назва “Маці Божая Падхорная”, бо абраз знаходзіўся ў капліцы пад хорам.


Варта некалькі слоў распавесці пра тып абраза МБ Падхорнай. Гэта была копія вельмі папулярнага марыйнага абраза, названага ў Рэчы Паспалітай Маці Божай Снежнай, а ў арыгінале Salus Popoli Romani (Ocalenie Ludu Rzymskiego – Ацаленне (збаўленне) Рымскага Народу). Сам арыгінал згодна з хрысціянскай традыцыяй намаляваў апостал Лука, і прадстаўляе ён сабой ікону з выявай Багародзіцы, якая трымае на руках Дзіця Езус, які ў сваю чаргу трымае ў руках Евангелле. Гэта арыгінал знаходзіцца ў адной з 4 галоўных базылік Рыма – Санта Марыя Маджорэ, першай хрысціянскай святыні на чэсць Багародзіцы, якая была пабудаваная на месцы, дзе летам выпаў снег, адсюль і назва – Маці Божая Снежная.


Вяртаючыся да нашага абраза, то як ужо было сказана, быў ён XVIII-най копіяй, якую прывезлі ў Глыбокае кармеліты. Першапачаткова абраз быў прывезены, каб размясціць яго ў алтары на чэсць Маці Божай Шкаплернай. Гэта алтар МБ Шкаплернай быў закладзены для брацтва МБ Шкаплернай, якое паўстала ў Глыбокім ў 1753 г. Таму, каб копія абразу МБ Снежнай адпавядала назве алтара МБ Шкаплернай, на гэтай копіі быў дамаляваны шкаплер, які Багародзіца трымала ў руках. Такім чынам абраз МБ Снежнай ў Глыбокім ператварыўся ў абраз МБ Шкаплернай, аднак звычайны люд даў яму сваю назву МБ Падхорнай.


Абраз МБ Падхорнай знаходзіўся, як было ўжо сказана, у касцёле кармелітаў у капліцы пад хорам. Ужо адразу пасля свайго з’яўлення ў Глыбокім, жыхары мястэчка пачалі мець да гэта абраза вялізарнае набажэнства, якое пачало вельмі шыбка развівацца, дзякуючы дзейнасці Брацтва МБ Шкаплернай, якія апекаваліся гэтым вобразам, а дакладней алтаром, ў якім знаходзіўся гэты вобраз. Набажэнства да гэтага абраза ўжо ў хуткім часе ахапіла таксама і мясцовую шляхту, па крысе пачалі арганізоўвацца індывідуальныя, а пасля і сумесныя паломніцтвы, асабліва на 16 ліпеня – свята МБ Шкаплернай. З паломніцтвам да цудадзейнага алтара хадзілі таксама і праваслаўныя вернікі.


Вельмі шмат людзей пачало атрымліваць ласкі і дабрадзействы за прычынай Маці Божай Падхорнай, і такім чынам пачалі з’яўляцца ўсё новыя і новыя экс-воты ад удзячных веруючых за атрыманыя цуды і ласкі. Таму ўжо ў другой палове XVIII ст. манахі зрабілі з выбеленай медзі спецыяльную шату, якаснай работы для гэтага цудадзейнага абраза. Акрамя таго, за ахвяры,складзеныя перад абразом, манахі зрабілі тры сярэбраныя кароны, дзве з якіх былі выкладзеныя дарагімі чэшскімі камянямі, а адна, якую трымалі над абразом два анёлы, была пакрытая золатам, гэтыя кароны былі прымацаваныя да абраза разам з шатай.


Акрамя гэтага ўжо пад канец XVIII ст. каля абраза віселі вельмі і то вельмі каштоўныя экс-воты, а менавіта: вялікі залаты пярсцёнак, вялікі сярэбраны пярсцёнак, каштоўны крыж з трыма дыямантамі (алмазамі) і шмат розных сярэбраных экс-вотаў. Вісеў таксама каля абраза, як выраз ўдзячнасці і ордэр Белага Арла – найвышэйшай дзяржаўнай адзнакі ў Рэчы Паспалітай.


Для большай бяспекі абраз Маці Божай Падхорнай быў засуваны на ноч іншым абразом Маці Божай Балеснай з памерлым Езусам на руках, маляваным на палатне. Перад абразом віселі тры вялікія сярэбраныя ватыўныя лямпы (лампады). А на сцяне пры атары была прымацаваная для пацалавання сярэбраная Стопка Маці Божай, зробленая з ланцужкоў, падараваных веруючымі за атрыманыя ласкі. На гэтай стопцы быў напісаны таксама адпуст дзеля тых, якія цалавалі гэтую стопку.


На алтары было 5 рэліквіярыяў, а сам алтар быў сныцэрскай работы, драўляны, аздоблены 15 фігурамі анёлаў. Уверсе было напісанае Імя Марыі з 12 зоркамі, ўсё было пазалочана. Ужо сам факт такой вялізарнай лічбы вотаў пад канец XVIII ст. сьведчыць аб вялікай папулярнасці сярод мясцовага насельніцтва. Гэты культ пачаў усё больш развівацца ў ХІХ ст., у капліцы пачалі з’яўляцца ўсё новыя і новыя экс-воты: каштоўныя дамскія ўпрыгожванні, бурштын, залатыя і сярэбраныя ланцужкі, розныя пярсцёнкі, сярэбраныя таблічкі з выгравіраваным атрыманым цудам і г.д. Як бачна Глыбокае ў першай палове ХІХ ст. за прычынай цудадзейнага абраза Маці Божай Падхорнай сталася важным паломніцкім цэнтрам амаль ўсёй усходняй часткі віленскай дыяцэзіі. Перад абразом Маці Божай Падхорнай маліўся таксакма і Якуб Ясінскі ў часе паўстання Т. Касцюшкі. Перад гэтым абразом маліўся таксама і Напалеон, калі жыў некалькі дзён у глыбоцкім кляштары кармелітаў. Менавіта перад гэтым абразом паўстанцы 1831 г. складалі прысягу на вернасць Айчыне і адражэнне Рэчы Паспалітай.


На жаль ў развоі набажэнства да Маці Божай Падхорнай перашкодзіла скачаванне кляштара кармелітаў ў 1864 г., калі і быў перанесены цудадзейны абраз у парафіяльны касцёл Св. Тройцы. Падчас гэтага пераносу расейскімі салдатамі было выкрадзена шмат дарагіх вотаў. Пасля разбудовы касцёла Св. Тройцы (1902-1908 гг.), была зробленая спецыяльная капліца Маці Божай Падхорнай, дзе цудадзейны абраз знаходзіцца па сёняшні дзень.


За польскім часам 1921-1939 гг. адбылося аднаўленне культу да Маці Божай Падхорнай, арганізаваліся паломніцтвы сумесныя каталікоў і праваслаўных з блізкіх вёсак і мястэчак, сталася традыцыяй, што ў свята цудадзейнага абраза – 16 ліпеня, глыбачане жаніліся. На жаль у пасляваенныя часы камуністычнага ваюючага атэізму развіццё культу як і паломніцтвы прыпыніліся. На пачатку 90-ых абраз быў адданы да рэстаўрацыі ў Мінск. Былі знятыя каштоўныя кароны і шаты, а таксама з капліцы былі прынятыя тыя шматлікія экс-воты (ацаленыя па 1864 г. а таксама новыя), якія сведчылі аб вялізарнай цудадзейнай моцы абраза Маці Божай Падхорнай, якая напрацягу столькі стагоддзяў была ласкавай апякункай Глыбокага. Можа таму, першая песня пра Глыбокае была напісана на чэсць Маці Божай Падхорнай ў другой палове XVIII ст. і на нова падцверджаная віленскім арцыбіскупам 15 красавіка 1924 г.


Ніжэй тэкст песні:


Pieśń o NMP Podchórnej w Głębockim Obrazie

Jasny luminarz Kościoła naszego,
Piękna ozdobo Karmelu całego,
Czuła naszych ran lekarko,
Wszelkich łask i cud szafarko –
zawitaj!

Nie tak jest pięknie słońce w swym splendorze,
Gdy płynie w głębię po niebieskim torze.
Jak się śliczna pokazała,
Gdy Maryja zajaśniała
w Głębokiem!

O Matko droga, wszyscy ogłaszają,
Że niezliczonych cudów tu doznają.
Nikt nie ginie, nikt nie tonie,
Kto w Twej, Maryjo, obronie
zostaje!

O Pani niebios i ziemi Królowa,
Któraś każdemu darować gotowa!
Błogosław światu całemu,
Podaj opiekę każdemu
w potrzebie!

Jako przy matce zebrana rodzina,
My u nóg Twoich, o Matko jedyna,
Ślemy pokorne błagania,
Wysłuchaj dzieci wołania,
Maryjo!

Twój Jezus drogi, Twoje Dziecię z nieba,
Jest wzorem dla nas, jak Cię kochać trzeba.
Uproś nam z nieba miłości,
Byśmy Cię tu i w wieczności
wielbili!

Maryjo przez miłość Syna Twojego,
Uproś nam grzesznym łaski u Niego,
Wszystko uczyni dla Ciebie
Jezus Chrystus Syn Twój w niebie
swym sługom!
Amen

 

На жаль сёння Маці Божая Падхорная амаль зусім і амаль ўсімі забытая, ездзім з паломніцтвамі ў Будслаў, Вільню, Чэнстахову і іншыя мясціны, а да сваіх цудадзейных абразоў мы, глыбачане, маліцца не хочам.

Аляксандр Івашчонак, бакалаўр гісторыі