Благаслаўлёныя святары з Беразвечча

  • Друкаваць

bagatkevichКсёндз Мечыслаў Багаткевіч, нарадзіўся ў 1904 г. Падчас акупацыі быў пробашчам у Дрысе. Славуты сваімі палымянымі гаміліямі і міласэрнасцю да бедных. Быў арыштаваны гестапа за душпастырскае служэнне і праз два месяцы, 4 сакавіка 1942 г., расстраляны ў Беразвеччы каля Глыбокага разам з двума Слугамі Божымі: кс. Уладзіславам Мацьковякам і кс. Станіславам Пыртакам. Перад экзекуцыяй у лісце да маці і родных напісаў: «Не плачце па мне, а радуйцеся, што ваш нашчадак і брат здаў экзамен. Прашу вас толькі аб малітве. Усім маім ворагам прабачаю з усяго сэрца, хацеў бы ўсім ім выслужыць неба».

mackovyakКсёндз Уладзіслаў Мацьковяк, нарадзіўся ў 1910 г., пробашч парафіі Іказнь. За адданую душпастырскую дзейнасць гестапа ў Вільні прыгаварыла яго да пакарання смерцю. Ён быў папярэджаны аб небяспецы, аднак дабравольна вырашыў застацца ў парафіі, каб надалей служыць вернікам. Быў арыштаваны 3 снежня 1941 г., а 4 сакавіка 1942 г. расстраляны ў Беразвеччы. Перад экзекуцыяй на вокладцы брэвяра напісаў да свайго біскупа: «Іду скласці апошнюю ахвяру з свайго жыцця. Праз 3 гадзіны стану перад Панам. (...) Радуюся, што Бог выбраў мяне, а больш за ўсё, што дае ласку і моц».

pyrtakКсёндз Станіслаў Пыртак, нарадзіўся ў 1913 г., вікарый парафіі Іказнь, у якой пробашчам быў кс. Мацьковяк. Таксама і яму пагражаў смяротны прыгавор за душпастырскае служэнне. Быў арыштаваны, калі пайшоў у паліцыю, каб заступіцца за арыштаванага пробашча. Разам з ім быў расстраляны ў Беразвеччы 4 сакавіка 1942 г.
Перад экзекуцыяй ён напісаў сваім родным: «Некалькі гадзінаў аддзяляе мяне ад нічым не заслужанай смерці. Абавязак святара - скласці і гэтую ахвяру за Хрыста. Паміраю за навучанне рэлігіі. Не плачце і не сумуйце па мне. Пасылаю вам святарскае благаславенне. Пасля трох месяцаў вязніцы радуюся, што я годны цярпець і паміраць».

Гэтыя тры асуджаныя на смерць святары перад расстрэлам усклікнулі разам: «Няхай жыве Хрыстус Валадар!»

Малітва аб заступніцтве благаслаўлёных святароў

      Пане Езу Хрыстэ, Ты благаслаўлёным мучанікам: Уладзіславу, Станіславу і Мечыславу даў удзел у сваіх муках, праз тое, што вытрывалі ажно да смерці, церпячы пакуты і пераслед для хвалы Імя Твайго. Праз іх заступніцтва ўмацуй нашу веру і надзялі ласкаю …, аб якой з даверам просім. Які жывеш і валадарыш на векі вечныя. Амэн.