Апостальства дапамогі душам чысцовым

  • Друкаваць

2 listapada 12Апостальства дапамогі душам чысцовым (АДДЧ) — арганізаваная форма апостальства Кангрэгацыі сясцёр памочніцаў душам чысцовым, якую заснаваў бл. Ганарат Казьмінскі і маці Ванда Алендская ў 1889 годзе ў Закрочыме.

АДДЧ узнікла як адказ на шматлікія просьбы, якія скіроўваліся да сясцёр кангрэгацыі з боку свецкіх людзей, зацікаўленых у супрацоўніцтве ў нашай харызме. Кангрэгацыя распазнала ў гэтай сітуацыі новы знак часу і новы апостальскі выклік. Рашэнне развіць гэтую форму апостальскай дзейнасці Кангрэгацыі было прынятае ў 1983 годзе. Праз два гады (1985 г.) для яе была прынятая назва «Апостальская справа дапамогі душам чысцовым». Затым гэта знайшло адлюстраванне ў Канстытуцыі кангрэгацыі, якая была зацверджана Апостальскай Сталіцай і якая з’яўляецца юрыдычнаю асноваю для існавання Апостальскай справы. Першыя сябры далучыліся да яе ў 1985 г.
З 1 студзеня 2011 г. была прынята новая назва - «Апостальства дапамогі душам чысцовым» (АДДЧ).

Хто можа належыць?
Да руху Апостальства дапамогі душам чысцовым можа належыць кожны практыкуючы католік (незалежна ад становішча і ўзросту), які прагне несці дапамогу душам чысцовым. Шматтысячны апостальскі рух утвараюць пераважна свецкія асобы, але сярод сяброў АДДЧ ёсць таксама святары, клерыкі, сёстры законныя і законнікі з розных іншых супольнасцяў. Гэтая разнароднасць абумоўлена тым, што рэчаіснасць смерці датычыць кожнага чалавека. Кожны з нас памрэ, нягледзячы на тое, па якім шляху паклікання крочыць. З бачанняў чысца, пра якія распавядаецца ў духоўных дзённіках святых нашага часу (напрыклад, св. айца Піа ці св. Фаўстыны Кавальскай) мы даведваемся, што ў стане ачышчэння пасля смерці знаходзяцца і душы свецкіх людзей, і душы святароў ды кансэкраваных асобаў. Таму ў кожным стане патрэбная малітва за памерлых — за тых, хто тут, на зямлі, не да канца ўдасканаліўся ў любові да Бога і бліжняга, хто не цалкам адказаў на Божую волю ў зямным жыцці.

logo ADDCHШто азначае сімволіка лагатыпа АДДЧ?

Лагатып АДДЧ мае форму круга, які сімвалізуе паўнату, бо члены Апостальства моляцца за памерлых аб іх удзеле ў паўнаце вечнага шчасця.

Каларыстыка і іншыя складнікі лагатыпа маюць сувязь з гербам Кангрэгацыі: гэта постаць, якая выяўляе чысцовую душу з рукамі, працягнутымі ў малітоўным жэсце да крыжа, злучанага з літараю «М».

Крыж як знак справы Адкуплення, здзейсненага Езусам Хрыстом, тут выражае паўнату ласкі і любові, па якой сумуюць памерлыя, што церпяць у чысцы.

У той жа час літара «М» сімвалізуе Марыю — самую дасканалую сярод святых Заступніцу душаў чыстцовых, Пасрэдніцу ласкаў, якая з’яўляецца Апякункаю Кангрэгацыі і Апостальства.

Па матэрыялах сайта apostalstva.by


 

8 лістапада 2018 года Апостальства дапамогі душам чысцовым заснавана ў нашай парафіі.

Удзельнікі апостальства збіраюцца на супольную малітву кожны панядзелак пасля вячэрняй св. Імшы ў касцёле.

Кантактныя дадзеныя для тых, хто зацікавіўся і жадае ўступіць у Апостальства дапамогі душам чысцовым у Глыбоцкай парафіі: +37533 218-01-12 - Алена Пірэйка