Інфармацыя ад кс.Кшыштафа Мікалайчыка з Афрыкі
- Падрабязнасці
- Апублікавана 18.02.2014 22:26
Важная інфармацыя ад кс.Кшыштафа Мікалайчыка з Афрыкі, якую ён апублікаваў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы facebook.
+ Пан Езус хай будзе пахвалёны!
Вітаю ўсіх шчыра і горача, бо з Афрыкі.
Дзякуй за ўсялякі клопат і памяць, асабліва тую малітоўную.
З нашым інтэрнэтам мне даволі доўга не ўдавалася запусціць фэйсбук, а як ужо запрацаваў, “не даў сабе нічога прамовіць да розуму”, каб хоць адно слова выслаць, тупы, як му... не скажу, што я думаю ў дадзены момант, бо знаходжуся ў Афрыцы. І, акрамя таго, я шмат у апошні час адсутнічаў у Бімбо, а там, дзе бываў, не было інтэрнэту, току і тэлефоннай сувязі, нават каб дамовіцца пра лекі (як кажа польская прымаўка “цярпі цела, раз хацела” :)).
Дам некаторыя звесткі з самой крыніцы, каб вам не прыйшлося глядзець на адлюстраванне таго, што ўжо трапіла ў шматлікія інфармацыйныя рэкі, змяняючы пры тым колер вады, і пах, і прыдатнасць для піцця (кажучы ў пераносным сэнсе).
Што ж, да нас таксама даходзілі розныя чуткі пра тое, што гэта тут, у нас, у Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы адбываецца. Мы толькі пыталіся сябе, адкуль у некага столькі фантазіі. Асабліва адзін інфарматар, праз некалькі месяцаў пасля прыбыцця ў Афрыку, ужо стаў экспертам у палітычнай сітуацыі, сацыяльнай і любой іншай, будучы на самай справе на ўскраіне таго, што тут адбываецца (хоць яму здавалася, што ў самым цэнтры). Але бывае і так, Бог яму суддзя.
Такім чынам, па парадку. Пасля апошніх прызначэнняў мы маем новую жанчыну-прэзідэнта. Даўняя армія захопнікаў SELEKA саступае і, вяртаючыся то ў Чад то ў Судан (хоць, праўдападобна, там іх таксама не хочуць бачыць), крадзе яшчэ па дарозе ўсё, што толькі можна. А саступае таму, што выцясняецца праз так званую "самаабарону" пад назвай ANTYBALAKA, назва перакладаецца па-рознаму, але пра гэта ў іншы раз :))). Паколькі SELEKA была ў значнай ступені наёмнай арміяй з мусульманскім радаводам, меркаванні ў СМІ хутка зрабілі з ANTYBALAKI - "групы ўзброеных хрысціян", хоць у яе шэрагах было таксама шмат мусульман , так што...
Падчас сутыкненняў узброеных груп больш за ўсе пакутуюць звычайныя людзі, як гэта было з усімі войнамі на працягу тысячы гадоў. Такія сітуацыі найчасцей выкарыстоўваюць звычайныя бандыты, раз прыняўшы бок адных, іншым разам другіх, у залежнасці ад таго, хто ў дадзены момант “на топе”. Канешне, гінулі людзі і яшчэ часам гінуць, але далёка ўсяму гэтаму да генацыду, пра які трубяць сродкі масавай інфармацыі. Тэксты тыпу "ізноў мы чуем стрэлы", "зноў спалі ў лесе" і таму падобныя з’яўляюцца для мяне нечым нармальным, таму што некалькі апошніх тыдняў я ўвесь час падчас пастырскіх паездак пастаянна сплю ў лесе! Паколькі людзі ходзяць на паляванне і выкарыстоўваюць вінтоўкі, то кожную ноч я чую стрэлы. Часам і салдату ў стане афекту здарыцца стрэліць у паветра. Што ж, раз яму далі зброю, ён хоча паказаць, што яна ў яго ёсць. А тое, што пасля пачутай серыі стрэлаў насельніцтва ўцякае ў лес, таму што баіцца, то і ў нас бы ўцякалі, бо страх - гэта людзкая рэч. Але дзе тут генацыд?
Калі некаму аж так цяжка, што не можа вытрымаць, то няхай вяртаецца, таму што тут нікога сілком не трымаюць. Хіба што хоча быць пакутнікам, але ў нашай сітуацыі не за веру, паверце...
Не верце ўсяму, што пішуць, што кажуць пра сітуацыю ў нас.
Вайна нерэлігійная. Справа, як заўседы ў грашах і то немалых: нафтавыя радовішчы, алмазныя залежы, залатыя капальні ці запасы ўрану, якіх даўнія каланізатары не хацелі пазбавіцца і арганізавалі мяцеж з SELEKA для звяржэння былога прэзідэнта. А там, дзе грошы, лепш зрабіць вайну і сказаць, што рэлігійная, або, як гэта было ў Руандзе, міжпляменная. Сказаць пра вялікі гуманітарны крызіс і тады паслаць свае войскі для "выратавання сітуацыі".
Пытанне для людзей, якія думаюць: чаму прэзідэнт Францыі тры тыдні таму падпісаў кантракт свайго жыцця з Саудаўскай Аравіяй на афіцыйны продаж зброі? Усе мы ведаем, што Саудаўская Аравія рассылае яе ўсюды, дзе мусульмане вядуць вайну (Малі, Егіпет, Марока, Нігерыя, Цэнтральна-Афрыканская Рэспубліка). А потым тая ж Францыя пасылае свае войскі ў Малі, Егіпет, Нігерыю, Цэнтральна-Афрыканскую Рэспубліку, каб змагацца з “джыхадамі”. Чаму?
Нехта спытаў мяне, як доўга яшчэ гэтая вайна працягнецца? Мне ў галаву прыйшоў адзін адказ: так доўга, як доўга Еўразвяз пад эгідай Францыі, будзе даваць на яе грошы і зброю.
Атрымалася эпапея :))), я думаю таму, што даўно не пісаў.
ЗАЯВА
Я заяўляю ўрачыста, што ў Цэнтральна-Афрыканскай Рэспубліцы мы цэлыя і здаровыя. Ні адзін вядомы мне місіянер не быў забіты або выкрадзены. Не паміраем ад голаду ані ад смагі, часам некаторыя толькі ад страху (усмешка), але тут выходзіць прырода чалавека. У ваколіцах сталіцы, дзе я знаходжуся, на працягу доўгага часу мы рэгулярна ездзім з душпастырскай паслугай у лес і на раку. Як на сенняшні дзень ніхто нам не робіць крыўды.
Выснова: Добра нам так, што нам так добра.
Шлю прывітанне і (гэта, напэўна, нармальна), прашу аб малітве "Хвала Айцу...", таму што кароткая.
Кс. Кшыштаф Мікалайчык
Пераклад з польскай мовы Марыны Раманчук
