Хрыстос уваскрос! Аллелюя!

  • Друкаваць

chrystus zmartwychwstal…А вечарам у той самы першы дзень тыдня, у доме, дзе прабывалі вучні, з’явіўся Езус. Стаў пасярэдзіне і сказаў: Супакой Вам! (Ев. Св. Яна 20,19)

 

Шаноўныя браты і сёстры ў Хрысце!


Уваскрослы Пан ведае найлепш патрэбу чалавечага сэрца. Гледзячы на ўстрывожаныя вочы вучняў вітае іх пасля мукі: Супакой Вам!

Сёння мы сустракаем нашага Уваскрослага Настаўніка кожны са сваёй трывогай у сэрцы, са сваімі ўласнымі клопатамі ў думках, стомленыя рознымі клопатамі штодзённасці. І чуем простыя і глыбокія словы: Супакой Вам! І гэта не проста словы, мы верым, што Пан сапраўды можа адарыць нас супакоем.

Адно з самых першых месцаў малітвы хрысціянаў у Рыме да сённяшняга дня захавала старажытны надпіс з першага стагоддзя: Я Уваскрос, і іду цябе шукаць! У гэтых словах вера першых хрысціянаў. І сапраўды, Ён уваскрос не дзеля таго, каб здзівіць свет, а каб знайсці кожнага з нас.

 

Браты і сёстры, жадаем кожнаму з Вас сапраўднага спаткання з Уваскрослым Пана. Ён шукае нас і здольны адарыць кожнае стомленае сэрца сваім бязмерным супакоем.

Ускрос,
і зноў па Беларусі
перад табой ідзе Хрыстос...
Здымае з душ настылых вусціш,
благаслаўляе соладзь кроз,
сяліб раскіданых прысады,
муры нязлічаных вязніц
і тых, што пагублялі радасць
па кроплі кропляй й дзень па дні…

(Наталля Арсеньева)

wielkanoc

 

ХРЫСТОС УВАСКРОС!
САПРАЎДЫ УВАСКРОС!
АЛЛЕЛЮЯ!!!


Душпастыры Глыбоцкай парафіі