Святкаванне 600-годдзя Глыбокага
- Падрабязнасці
- Апублікавана 07.07.2014 20:01
У гэты сонечны і па-сапраўднаму цёплы дзень, 5 ліпеня горад Глыбокае адзначае сваё 600-годдзе.
З нагоды гэтага ў касцёле Святой Тройцы ў 10 гадзін распачалася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Алег Буткевіч разам з пробашчам Мечыславам Янчышынам.
На Літургіі прысутнічалі родныя Іосіфа Львовіча Корсака, які заснаваў на Глыбоччыне тры храмы: адзін з іх зараз належыць братам праваслаўным, у другім знаходзіцца турма, а трэці – сучасны касцел Святой Тройцы. Таксама старшыня Глыбоцкага райвыканкама Алег Віктаравіч Морхат, дырэктар парафіяльнага “Caritas” Іна Вайцяховіч і шматлікія вернікі.
На самым пачатку пробашч парафіі выказаў словы падзякі за тое, што святкаванне ўрачыстасцяў 600-годдзя горада вырашылі распачаць са святой Імшы і супольнай малітвы.
Падчас казання біскуп Алег Буткевіч падзяліўся сваімі ўраджаннямі пра горад, асабліва ён адзначыў алею славутых землякоў, якая была створана да Дня беларускага пісьменства. І падкрэсліў, што глыбоцкая зямля багатая на знакамітых і таленавітых людзей.
У часе Эўхарыстыі святары і вернікі дзякавалі Богу за дабрабыт і супакой у родным горадзе, а таксама прасілі і надалей апекі Маці Божай Будслаўскай.
Асаблівую святочную атмасферу ў касцёле стваралі спевы ў выкананні парафіяльнага хору “Ave Maria”.

Марына Ткач, тэкст
Леанід Юрык, фота
