Каталіцкі і праваслаўны святары атрымалі свецкую ўзнагароду з нагоды 75-годдзя Глыбоцкага раёна
- Падрабязнасці
- Апублікавана 10.02.2015 17:04
У рамках святкаванняў 75-годдзя абвяшчэння Глыбоцкага раёна ганаровую грамату райвыканкама атрымалі благачынны Глыбоцкай акругі пратаіерэй Міхаіл Ізаітка і айцец Марэк Пасюта, пробашч парафіі Маці Божай Вастрабрамскай ў в. Бярозаўка. Узнагароды ўручыў старшыня райвыканкама Алег Морхат.
На ўрачыстай сустрэчы 30 студзеня 2015 года ў Глыбоцкім ГДК, прысвечанай юбілею раёна, прысутнічалі ветэраны вайны і працы, былыя кіраўнікі раёна, знакамітыя людзі. Сярод адзначаных узнагародамі за значны асабісты ўклад у развіццё раёна пратаіерэй Міхаіл Ізаітка і айцец Марэк Пасюта, якія атрымалі граматы за значны асабісты ўклад у адраджэнні хрысціянскіх і маральных каштоўнасцей, самаадданае служэнне ідэалам дабра і міласэрнасці.
Леанід Юрык, фота і відэа
