Сваімі ўражаннямі ад сустрэчы з Дзяржсакратаром Папы Францішка падзялілася Марыя Садоўская з "Веснікам Глыбоччыны"
- Падрабязнасці
- Апублікавана 21.03.2015 15:34
Афіцыйны візіт кардынала П’етра Параліна у Беларусь адбыўся па запрашэнні кіраўніцтва нашай краіны. За час свайго знаходжання ў Беларусі іерарх прыняў удзел у сустрэчах на дзяржаўным узроўні, у тым ліку з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, сустрэўся з Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі Мітрапалітам Мінскім і Заслаўскім Паўлам, асвяціў першы камень новага будынка Апостальскай Нунцыятуры ў Мінску.
Сярод шматлікіх мерапрыемстваў, на якіх прысутнічаў Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка – міждыяцэзіяльнае велікапоснае чуванне моладзі ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены, святая Імша з удзелам дзяцей у архікатэдральным касцёле.
Мінулыя выхадныя для глыбоцкай моладзі, якая ў ноч з 14 на 15 сакавіка ўдзельнічала ў міждыяцэзіяльным велікапосным чуванні ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены, сталі значнымі, яркімі і запамінальнымі. Разам з юнакамі і дзяўчатамі – вернікамі з розных куточкаў Беларусі – яны радасна віталі Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка кардынала П’етра Параліна.
Удзельніца ўрачыстасці – парафіянка Глыбоцкай парафіі Марыя Садоўская падзялілася сваімі ўражаннямі з "Веснікам Глыбоччыны":
– Усё вельмі і вельмі спадабалася. Такога ніколі не было ў маім жыцці! Уявіце, прыязджаў другі чалавек пасля Папы Рымскага – для ўсіх католікаў гэта быў хвалюючы момант. Прыемна ўразіла, што кардынал – чалавек просты, як і Іісус Хрыстос, паказаў прыклад, як неабходна быць добрым, любіць людзей. П’етра Паралін правёў канферэнцыю, адказаў на пытанні, якія хвалявалі беларускую моладзь. А на галоўнае з іх, ці прыедзе ў Беларусь Папа Рымскі, сказаў, што наш народ заслужыў гэтай вялікай падзеі. Прыемна было бачыць, колькі юнакоў і дзяўчат сабралася ў касцёле, што сведчыць пра ўзровень веры ў Беларусі. Здзівіў і той факт, што кардынал цікавіцца беларускай культурай – якраз у першыя хвіліны сустрэчы з моладдзю ён працытаваў вершаваныя радкі Рыгора Барадуліна пра Чырвоны касцёл.
Дарэчы, знаёмства Дзяржаўнага Сакратара з моладдзю праходзіла ў форме прэзентацый кожнай з дыяцэзій. Эмоцыі перапаўнялі і Марыю Садоўскую, якая разам з вернікамі Віцебскай дыяцэзіі спявала песню для самога П’етра Параліна... І яшчэ неаднойчы яна, як і іншыя юнакі і дзяўчаты Глыбоцкай парафіі, згадаюць тыя хвалюючыя хвіліны начнога чування.

Алена Хайноўская
