Папяльцовая серада распачынае Вялікі пост
- Падрабязнасці
- Апублікавана 01.03.2017 10:00
1 сакавіка ў Каталіцкім Касцеле распачаўся Вялікі пост, які трывае 40 дзён. Вялікі пост з’яўляецца для вернікаў заклікам да абнаўлення жыцця і ўнутранай перамены.
З самага пачатку і да Пасхальнай Вігіліі ў Касцёле не спяваюць "аллелюя". У часе Вялікага посту, кожную пятніцу, у касцелах адпраўляецца набажэнства Крыжовага Шляху, а ў нядзелю – набажэнства “Песні жальбы”. Падчас Вялікага посту ўсе веруючыя падрыхтоўваюць свае сэрцы да самай вялікай хрысціянскай урачыстасці – Змертвыхпаўстання Езуса Хрыста.
Пачаткам Вялікага посту з’яўляецца Папяльцовая cерада. У часе святой Імшы святар пасыпае галовы вернікаў попелам, які атрымліваюць з галін асвечаных у мінулым годзе падчас Вербнай Нядзелі. Гэты акт сімвалізуе тленнасць чалавека і з'яўляецца знакам жалобы і пакаяння. Падчас гэтага абраду святар кажа: «Кайцеся і верце ў Евангелле» альбо «Памятай, што ты — прах, і ў прах вернешся». Гэта азначае нашу гатоўнасць да пакаяння, да перажывання посту ў малітве і адрачэннях, а таксама нагадвае аб тым, што мы часова на гэтай зямлі.
Традыцыя пасыпання галоў попелам на знак пакаяння з'явілася ў VIII стагоддзі. Попел, так як агонь, з’яўляецца сімвалам ачышчальнай сілы. У той час яго рыхтавалі са старых крыжоў, якія знаходзіліся на могілках. У Вялікую суботу, падчас асвячэння агню, гэтыя крыжы палілі і такім чынам атрымлівалі попел.
У XI стагоддзі папа Урбан II зрабіў звычай пасыпання галоў попелам абавязковым для ўсяго Касцела. Тады было вырашана, што попел будзе роблены з галін асвечаных у мінулым годзе падчас Вербнай Нядзелі. Абрад пасыпання галоў попелам адбываецца падчас літургіі слова пасля гаміліі і замяняе акт пакаяння.
У Папяльцовую cераду ўсіх католікаў абавязвае стрыманасць ад спажывання мяса (ад 14 гадоў) і сціслы пост (паміж 18 і 60 гадоў) не толькі ў якасным, але і ў колькасным дачыненні (дазваляецца толькі адзін прыём ежы дасыта).
