9 мая каталіцкі і праваслаўны святары прынялі ўдзел у мітынгу
- Падрабязнасці
- Апублікавана 17.05.2016 23:22
Галоўная ўрачыстасць святкавання 9 мая па традыцыі распачалася ў парку Перамогі. Тут, на пляцоўцы ля помніка загінуўшым пры вызваленні нашага краю воінам і партызанам адбыўся святочны мітынг, у якім прымалі ўдзел кіраўніцтва раёна, моладзь і школьнікі, прадстаўнікі працоўных калектываў раёна, святары.
Словы да прысутных на мітынгу скіравалі вікарый касцёла Святой Тройцы ў Глыбокім кс. Іван Кароткін і настаяцель сабора Ражджаства Прасвятой Багародзіцы, протаіерэй Сяргей Грамыка.
“Сённяшні дзень – дзень вялікай радасці і перамогі над злом. Сёння мы дзякуем усім, хто змагаўся з фашысцкімі захопнікамі і здабыў для нас Вялікую Перамогу… Мы молім Госпада Бога аб супакоі ва ўсім свеце, каб войны засталіся ў мінулым”, - прамовіў кс. Іван.
“Успамінаючы пра вайну, сэрцы нашы напаўняюцца жалобай. Але ў гэтыя Пасхальныя дні, калі гучаць словы “Хрыстос уваскрэс!” мы яшчэ з большай сілай верым у ўваскрашэнне тых, хто паклаў жыццё сваё за Айчыну, за бліжняга свайго”, - сказаў а. Сяргей.
Праваслаўны святар адслужыў кароткі малебен аб загінуўшых у жорсткіх баях з ворагам, аб замучаных і закатаваных у фашысцкай няволі, памерлых ад ран і хвароб. А затым у знак болі, смутку, жальбы і памяці аб усіх ахвярах Вялікай Айчыннай вайны была аб’яўлена жалобная хвіліна маўчання, цішыню якой парушалі толькі птушыныя спевы-пералівы.

Па матэрыялах vg-gazeta.by
