Кс. Мікалай прыняў удзел у круглым стале ў межах акцыі "У абарону жыцця"

  • Друкаваць

krugly stol20 кастрычніка 2016 года ў Глыбоцкім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным ліцэі адбыўся круглы стол у межах акцыі "У абарону жыцця", якая праходзіла ў Глыбокім і Глыбоцкім раёне з 13 па 20 кастрычніка. Былі запрошаныя і выступілі перад навучэнцамі прадстаўнікі медыцыны, аддзела ідэалагічнай работы, святары каталіцкай і праваслаўнай канфесіі.

Медыкі прадставілі слухачам інфармацыю на тэмы «Каштоўнасць сям'і, цноты і вернасці ў жыцці сучаснай моладзі» і «Прафілактыка шкодных звычак у моладзевым асяроддзі». "Не існуе лепшага сродку кантрацэпцыі, чым перадшлюбная чысціня. Менавіта ў сям'і ў дзіцяці складаецца ўражанне пра дабро і зло, любоў і нянавісць, міласэрнасць і ўзаемадапамогу. Задумайцеся адразу, у якой сям'і вы хочаце расціць сваіх дзяцей!", - заклікала да роздуму ўрач-гінеколаг Аляўціна Войніч. Фельчар-валеолаг Дзіяна Шыльчонак распавяла пра шкодныя звычкі і паказала відэаролік пра ўплыў алкаголю на арганізм чалавека.

Пра важнасць цноты і захаванне сямейных каштоўнасцей выступіў протаіерэй Мікалай Войтаў. "Зараз шмат варыянтаў і многа меркаванняў аб тым, якой павінна быць сям'я. Нашы продкі жылі па Божым законам, а зараз чалавек жыве як на вайне. Кажуць, што дзеці павінны будаваць сваю сям'ю на ўзор бацькоў. Але кожны павінен думаць сам і шукаць сваю крыніцу будавання сям'і. Найлепшая крыніца - гэта Бог. Богашанаванне - вось аснова хрысціянскай сям'і, "цэмент" сямейных адносін", - звярнуў увагу праваслаўны святар. - "За каштоўнасці ў жыцці трэба змагацца. Бывае шмат розных непрыемнасцей, але кожны павінен заставацца Божым чалавекам".

Кс. Мікалай Ціхановіч закрануў вельмі важную тэму для моладзі - "Сексуальнасць у хрысціянскім светапоглядзе". Хоць на самым пачатку прамовы можна было пачуць лёгкі смех, перашэпты, але святару адразу ўдалося наладзіць з прысутнымі маладымі людзьмі жывую гутарку. Навучэнцы ліцэю з цікавасцю, часам непаразуменнем "як такое можа казаць ксёндз, які нічога на гэту тэму не ведае і нават сям'і не мае", слухалі святара і здаецца "лавілі" кожнае слова. "Калі хочаш быць шчаслівым - пачні з сябе, прывядзі ў парадак сваё маральнае жыццё і адносіны з іншым чалавекам", - падкрэсліў кс. Мікалай.

На заканчэнне круглага стала словы ўдзячнасці да выступоўцаў і случахоў скіравала начальнік аддзела ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Таццяна Тарасевіч. Яна выказала надзею, што хоць нейкая інфармацыя, данесеная да моладзі за гэты тыдзень, застанецца ў сэрцы кожнага.

Вельмі важна, што гарадскія ўлады супрацоўнічаюць з духавенствам і запрашаюць на правядзенне сумесных праектаў у сферы маралі моладзі.