Малітва за памерлых у Харашках

  • Друкаваць

2 listapada2 лістапада ў Касцёле адзначаецца ўспамін усіх памерлых вернікаў. У гэты дзень прынята наведваць могілкі і асаблівым чынам маліцца за памерлых.

На могілках у Харашках вернікі сабраліся на св. Імшу, каб разам маліцца за сваіх родных, знаёмых памерлых.

Падчас гаміліі кс. Іван Кароткін заклікаў памятаць аб малітве за памерлых: "Жыццё - гэта час, калі шукаем Бога, смерць - калі Яго знаходзім, вечнасць - час, калі Яго маем.Для веруючага чалавека смерць - гэта пачатак новага жыцця, да якога ен імкнуўся праз усё сваё жыццё.

Сённяшні дзень з'яўляецца для нас нагодай задумацца, што ніхто з нас не вечны і рана ці позна адыйдзем з гэтага свету. Час мінае, а вечнасць чакае. Ніхто з нас не можа вярнуць час назад. Вельмі важна памятаць, што мы рыхтуемся да новага жыцця з Богам."

Таксама святар нагадаў пра асноўныя "атрыбуты", з дапамогай якіх жывы чалавек зусім не дапамагае памерламу: "Ні ружанец, ні абразік у руках нябожчыка ў труне не з'яўляецца пропускам у Нябеснае Валадарства. Такім пропускам можа быць толькі ўсё нашае жыццё. Памерламу ніколі не дапамогуць самыя дарагія помнікі, свечкі, кветкі, вянкі. Найважнейшая дапамога для іх - малітва. Касцёл заклікае не забываць пра памерлых, але маліцца. Найдасканалейшай дапамогай з'яўляецца св. Імша за памерлага. Наша малітва не з'яўляецца аднабаковай. Не трэба думаць, што толькі мы молімся за памерлых, нашыя памерлыя таксама моляцца і заступаюцца за нас. Наша памяць не павінна абмяжоўвацца свечкай пастаўленай раз у год на магіле, але частай малітвай за іх душы".

Пасля Імшы адбылася працэсія па могілках і асвячэнне магіл.