Валанцёры "Карытас" наведалі жыхароў бальніцы ў Бабічах
- Падрабязнасці
- Апублікавана 05.11.2016 11:28
Падчас Актавы ўсіх Святых валанцёры парафіяльнага "Карытас" наведалі Бабічоўскую бальніцу сястрынскага дагляду.
С. Ганна Блышко нагадала, што ў час памінання ўсіх памерлых продкаў, якім мы абавязаны жыццём, за ўсё дабро якое яны рабілі для нас на зямлі, мы павінны дзякаваць і прасіць прабачэння за тое, што у штодзённых клопатах мы не памятаем пра іх, а яны чакаюць нашых малітваў дзеля збаўлення душы.
Ніякія прыгожыя кветкі, запаленыя знічы не дапамогуць душам церпячым атрымаць месца ў небе. Найбольш моцная і самая лепшая дапамога, якую мы можам аказаць тым хто знаходзіцца ў чысцу - гэта малітва.
Сястра Ганна разам з валанцёрамі і пражываючымі памаліліся Вяночкам да Божай Міласэрнасці, просячы каб Пан Бог выслухаў малітвы за душы памерлых слугаў Божых, прабачыў іх і прыняў у супольнасць святых у небе. "Няхай адпачываюць у супакоі вечным", - шчырыя словы зляталі з вуснаў бабуль і дзядуль у малітве за сваіх памерлых бацькоў, сяброў, знаёмых.
Даната Матушова, тэкст
Леаніда Зеваліч, фота
