Віншаванне кс. Мікалая на Вялікдзень
- Падрабязнасці
- Апублікавана 16.04.2017 00:00
Хрыстос уваскрос!
Паважаныя глыбачане!
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце і ўсе людзі добрай волі!
Велікодныя Святы павінны мець асаблівы характар для ўсіх хрысціян не толькі праз тое, што сёння праваслаўныя і католікі святкуюць Уваскрасенне Хрыста разам. Але таму, што сучасны свет адкідаючы Бога і хрысціянскую традыцыю патрабуе ад веруючых сапраўднага сведчання салідарнасці і ўзаемнай любові. Як гэта было сярод першых хрысціян: “І трывалі яны ў навуцы апосталаў ды ў супольнасці, у ламанні хлеба і ў малітвах. (…) спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца, славячы Бога і маючы ласку ва ўсяго народа” (пар. Дзеі апосталаў 2,42 нн).
Мінавіта такая пастава хрысціян з’яўляецца доказам таго, што Хрыстус сапраўды ўваскрос і дзейнічае ў нашым жыцці. Што хрысціянства – гэта не міф, не філасофія, нават не “рэлігійная традыцыя” ці як некаторыя кажуць “звычайная этыка”. На самой справе хрысціянства – гэта жывая вера ва Укрыжаванага і Уваскрослага Езуса Хрыста. Яна адлюстроўваецца ў жыцці людзей сапраўды любячых адзін аднаго. Калі хрысціяне не жывуць радаснай таямніцай Уваскрослага Хрыста, калі паміж імі няма любові і салідарнасці, а далей існуюць падзелы і канфлікты - такое хрысціянства губляе сваю пасхальную сілу і становіцца бязплённым.
Жадаю ўсім хрысціянам Глыбоччыны, каб мы адчулі моцны голас Уваскрослага Добрага Пастыра, які хоча сабраць усіх сваіх авечак у адзіны статак. Каб мы адчулі жаданне залячыць яшчэ адкрытыя раны, старацца жыць ва ўзаемапавазе і з настойлівасцю працягваць шлях да поўнага адзінства.
Са святам Жывога Хрыста!!!
